Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
10 пытанняў пра Адвэнт
Беларусь
04.12.2014 15:42

Якія правілы і прадпісанні існуюць у Каталіцкім Касцёле для больш плённага перажывання Адвэнту? Ці можна адзначаць у гэты перыяд дзень нараджэння? А наведваць канцэрты? На гэтыя і іншыя пытанні Catholic.by адказаў кс. Кірыл Бардонаў.

 

Пытанне 1: Адвэнт — гэта пост?

Пад часам посту ў «народным» значэнні прынята разумець тое, што ў Касцёле называюць пакаяльнымі днямі або перыядамі.

Такімі днямі і перыядамі сумеснага пакаяння з’яўляюцца ўсе пятніцы года і Вялікі пост, але не Адвэнт (пар. Кодэкс кананічнага права, кан. 1249). «… Адвэнт з’яўляецца перыядам пабожнага і радаснага чакання» («Агульныя нормы літургічнага года і календара», 1969 г.).


У Адвэнт у літургіі прысутнічаюць некаторыя рысы стрыманасці, якія нахняюць да рэфлексіі і пакаяння: фіялетавы колер, адсутнасць гімна «Хвала на вышынях…» і г.д.

Пытанне 2: Ці накладваюцца на католікаў падчас Адвэнту пэўныя абежаванні?

Падрыхтоўка да ўрачыстасці Божага Нараджэння, а таксама да другога прыйсця Хрыста — гэта наш абавязак, гэта тое, на чым мы канцэнтруемся ў Адвэнт.

Прадпісаных абмежаванняў для Паўсюднага Касцёла, якія былі б выключнымі для гэтага перыяду, няма.

Аднак пад уплывам даўнейшых прадпісанняў, візантыйскага абраду і ўласнай пабожнасці ў Беларусі захавалася традыцыя накладаць на сябе абмежаванні ў гэтыя дні. Вернікі робяць пастановы, якія могуць мець характар дабравольна выбранага абмежавання ў нейкай сферы, улічваючы ўласны стан і меркаванне духоўных кіраўнікоў.

Не варта абмяжоўвацца толькі мінімумам, які падаюць касцёльныя прадпісанні, але дадаць да яго прыгожую традыцыю нашага рэгіёна і асабістыя добрыя пастановы.

Пытанне 3: Што азначаюць сімвалы Адвэнту?

Адвэнт сапраўды багаты на сімвалы. Вось некаторыя з іх:

Адвэнтавы вянок, які мае круглую форму, азначае еднасць сям’і: мужа і жонкі, бацькоў і дзяцей, еднасць парафіі і г.д. Чатыры свечкі ў такім вянку — чатыры нядзелі Адвэнту.

«Свечка, як сімвал Хрыста, якая звычайна запальваецца перад алтаром кожную нядзелю Адвэнту…» (Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2012 г.)


Раратняя свечка — свечка, якая запальваецца падчас Імшы ў гонар Дзевы Марыі ў перыяд Адвэнту — раратаў. Такая свечка з’яўляецца сімвалам Марыі, нашай ранішняй зоркі, з якой мы ідзем да Хрыста, сапраўднага святла.

Стаенка — нагадвае абставіны нараджэння Хрыста ў нястачы. Падчас Адвэнту ў стаенцы адсутнічае фігура Дзіцяці Езуса, якая змяшчаецца туды на саму ўрачыстасць Божага Нараджэння.

Пытанне 4: Ці ёсць асаблівыя прадпісаннні ў ежы падчас Адвэнту?

Прадпісанага для гэтага перыяду ўстрымання ад некаторых страў або абмежавання ў колькасці спажыванай ежы няма. Як і на працягу ўсяго года, абавязковым з’яўляецца ўстрыманне ад мяса па пятніцах для тых, хто дасягнуў 14-гадовага ўзросту, калі на пятніцу не прыпадае касцёльная ўрачыстасць.

Устрыманне і пост могуць, аднак, быць выбраны вернікамі дабравольна. Часта такое ўстрыманне з’яўляецца выразам вернасці пабожнай традыцыі. Пры гэтым адпаведная касцёльная ўлада можа звольніць ад тых ці іншых прадпісанняў, калі выкананы пэўныя ўмовы.


Пытанне 5: Ці трэба ўстрымлівацца ў вігілію ад мяса?

Пост — гэта абмежаванне ў колькасці ежы, устрыманне ж — гэта абмежаванне ў спажыванні пэўнай ежы.

Устрыманне ад мяса, а на некаторых тэрыторыях — пост, у пярэдадзень Божага Нараджэння з’яўляецца мясцовым пабожным звычаем.
Калі ў нейкім асяроддзі прынята захоўваць пост або ўстрыманне ад мяса, то варта захаваць такі звычай, выражаючы пашану да традыцый продкаў.

Лепш пазбягаць таго, каб быць спакусай для тых, хто захоўвае пост і ўстрыманне, ідучы за традыцыяй, або для вернікаў усходніх абрадаў, у якіх такія прадпісанні перад Божым Нараджэннем больш суровыя. Такім чынам мы выканаем словы апостала Паўла: «…калі ежа схіляе майго брата да граху, ніколі не буду спажываць мяса, каб я не спакусіў брата майго да граху» (1 Кар 8, 13).

Пытанне 6: У якім выпадку ўдзел у вігілійнай Імшы прыроўніваецца да ўдзелу ў Імшы ва ўрачыстасць Божага Нараджэння?

Касцёл у літургіі пачынае святкаваць нядзелю і ўрачыстасці вечарам напярэдадні — т.зв. вігіліі. Таму «прадпісанне ўдзельнічаць у Імшы выконвае той, хто ўдзельнічае ў ёй у любым месцы, дзе яна здзяйсняецца па каталіцкім абрадзе, або ў сам святочны дзень, або вечарам папярэдняга дня» (Кодэкс кананічнага права, кан. 1248 §1).

Такім чынам, удзел у святой Імшы вечарам 24 снежня ў любым выпадку роўны ўдзелу ў Імшы 25 снежня.

Пытанне 7: Ці абавязаны католік удзельнічаць у адвэнтавых рэкалекцыях?

Католік абавязаны быць гатовым да сустрэчы з Хрыстом праз пастаяннае навяртанне. Жыць у граху вельмі небяспечна для душы, таму неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці для паяднання з Богам.

Рэкалекцыі (духоўныя практыкаванні) — цудоўная магчымасць для споведзі і разважання над сваім жыццём. Гэта неабавязкова, але вельмі карысна. У гэты час у парафіях спавядае больш святароў, прасцей выкарыстаць такую магчымасць і не адкладаць споведзь на апошнія дні перад святам.

Пытанне 8: Ці можна падчас Адвэнту наведваць канцэрты, калі, напрыклад,  любімыя выканаўцы прыязджаюць якраз у гэты перыяд?

Такой забароны няма. Варта, аднак, улічваць, што гэтыя мерапрыемствы не павінны супярэчыць хрысціянскаму духу і парушаць адвэнтавую падрыхтоўку.

Пытанне 9: Ці можна ў час Адвэнту спраўляць дзень нараджэння і святкаваць вяселле?

Можна. Але варта гэта рабіць, карыстаючыся здаровым розумам і пабожнасцю, каб гэта не перашкодзіла адвэнтавай падрыхтоўцы — захоўваючы прадпісанні права і падпарадкоўваючыся душпастырам. «Трэба, аднак, ушаноўваць асаблівы характар Адвэнту, Вялікага посту і [іншых] дзён пакаяння, падчас якіх не трэба наладжваць гучных прыёмаў» (Статуты сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. п.668).

 

Тыя ж правілы адносяцца і да школьных ранішнікаў, якія праводзяцца да Божага Нараджэння.

Пытанне 10: Ці ёсць розніца паміж Адвэнтам і Вялікім постам у плане абмежаванняў наведвання імпрэзаў?

Вялікі пост, у адрозненне ад Адвэнту, мае выразна пакаяльны характар. Гэты пакаянны дух можа быць лёгка парушаны ўдзелам у забавах. Слёзы за ўчынены грэх несумяшчальныя з гучным святкаваннем. Пра гэта цяжка казаць агульна, шмат чаго залежыць ад абставінаў і асобы.

Святлана Жылевіч
фота з адкрытых крыніц

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.