17 снежня ў Беларусь прыбудзе Бэтлеемскі агонь |
Беларусь |
16.12.2014 10:41 |
У гэты дзень ён будзе змешчаны ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Урачыстая святая Імша-прывітанне Бэтлеемскага агню запланавана ў 17.30. У гродзенскай катэдры агонь з Іерусаліма прабудзе да 7 студзеня. «Увесь гэты час нашы парафіяне, а таксама прадстаўнікі іншых парафій, змогуць “забіраць” агонь да сваіх дамоў, — распавёў Catholic.by пробашч катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя кс. Ян Кучынскі. — 7 студзеня мы ўжо па традыцыі будзем віншаваць нашых праваслаўных братоў і прынясём Бэтлеемскі агонь». У архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску агонь з Бэтлеема прыбудзе 21 снежня. Агонь будзе ўрачыста ўнесены ў святыню перад нядзельнай Імшой на 13.00. Як удакладнілі Catholic.by у архікатэдры, чакаецца, што ў цырымоніі прывітання Бэтлеемскага агню прыме ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. (IL) |