Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Узгадайма ў малітве тых, хто ў 2014 годзе адышоў у вечнасць
Беларусь
29.12.2014 12:58

 

2014 год стаў апошнім годам зямнога жыцця для некаторых святароў, законных сясцёр, грамадскіх і культурных дзеячоў, якія годна служылі ў імя Божае і чалавечае ў нашай краіне.

Імёны, якія ўжо запісаныя ў нябеснай канцылярыі, яшчэ раз жадаем прыгадаць разам з чытачамі catholic.by, памятаючы ў малітве пра годнасць іх працы, асабісты прыклад для ўсіх нас і просячы для спачылых вечнага супакою.

  • 6 лютагакс. Генрык Тэлеман, які працаваў пробашчам у розных парафіях Пінскай дыяцэзіі. Гэта быў душпастыр з адукацыяй псіхолага, які прыняў сакрамэнт пасвячэння з рук кардынала Казіміра Свёнтка, ужо маючы больш за 35 гадоў. Таксама ў гэты дзень адышоў у вечнасць а. Яраслаў Зарацкі, які ў 1991-2005 гг. служыў у Беларусі ў Новым Свержані, Стоўбцах, Уздзе.
  • 2 сакавіка — народны паэт Рыгор Барадулін.
«Ён дазволіў беларускаму народу сваёй мовай дакрануцца да вышынь прыгажосці», — адзначыў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падчас пахавання, на якое ў мінскі касцёл св. Сымона і св. Алены сабраліся вялікія шэрагі беларусаў.

  • 22 сакавікакс. Казімір Войнюш, які з 2000 года быў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў в. Ішчолна і парафіі Хрыста Валадара ў в. Скрыбаўцы (Гродзенская дыяцэзія, Шчучынскі дэканат).
  •  30 маяГенадзь Бураўкін, беларускі паэт і дзяржаўны дзеяч. Яго не стала, але засталіся навечна яго вершы, якія малітваю гучаць за Беларусь:

«Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем,
I цяплом».

  • 2 чэрвеня не стала Таццяны Тарасевіч — лідара руха «Пралайф-Беларусь», галоўнага рэдактара інфармацыйна-аналітычнага партала www.pro-life.by, аўтара публікацый на тэму антрапалогіі, дэмаграфічнай палітыкі, біяэтыкі; старэйшага выкладчыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ.
  • 27 чэрвеня памерла Ала Невяровіч, пазаштатны фотакарэспандэнт рэдакцыі catholic.by. Чалавек чулага сэрца і шчодрай душы. Далікатная, шчырая і сціплая жанчына, парафіянка касцёла св. Сымона і св. Алены ў Мінску.
  • 4 жніўня Ганна Бярнацкая, якую ўратавала ў часы Другой сусветнай вайны яе свякроў благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, што прыняла смерць замест цяжарнай нявесткі.
  • 21 жніўня — сябар Беларусі кардынал Эдмунд Шока. Бацька іерарха паходзіў з земляў даўняй Рэчы Паспалітай, якія сёння знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі ў в. Путна (парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы, Гродзенская дыяцэзія). Неаднаразова кардынал наведваў родную парафію бацькі.
  • 11 верасня а. Ежы Леонціюш Марыя Сіма OFMConv, які ў 1995-2006 гг. быў пробашчам парафіі Св. Аляксея ў Івянцы.
  • 16 верасняс. Бянігна Валерыя Жыбарт CМN. Манахіня належала да супольнасці дачок Марыі Беззаганнай, доўгі час дапамагала ў служэнні пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе.
  • 5 лістапада — на 73-м годзе жыцця адышла ў вечнасць с. Клара ад Духа Святога (Марыя Варановіч) CSFN.
  • 2 снежнякс. Рычард Юнік, пробашч парафіі Святога Юзафа ў Рубяжэвічах.

«Гэта было вельмі сімвалічна, што ксёндз быў менавіта ў Рубяжэвічах. Слова “Рубяжэвічы” нагадвае пра рубеж, мяжу. На мяжы знаходзяцца пагранічнікі, якія сцерагуць сваю краіну. Ксёндз Рычард у духоўным сэнсе быў такім пагранічнікам, бо сцярог межы краіны веры. У часы ганенняў на Касцёл ён мужна змагаўся з ворагамі веры, бараніў яе і чыніў усё магчымае, каб ваяўнічы атэізм не завалодаў душамі людзей», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас пахавання.

Вечны супакой дай ім, Пане…

Гэтых людзей больш няма з намі. Але памяць пра іх жыве. У іх справах, добрых учынках і іх веры. Памятайма ж пра іх у нашых малітвах!

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.