«На вігілію падавалі ад 7 да 12 посных страў». Гаспадыням на заметку! |
Беларусь |
24.12.2014 09:15 |
Што такое куцця і якую ролю яна адыгрывае на вілігійным стале? Якія яшчэ стравы павінны быць на традыцыйным вігілійным стале і адкуль даведацца, як іх гатаваць? #Вігілія, #Аплатка і #Куцця — асноўныя хэштэгі Божага Нараджэння. #Вігілія Само слова «вігілія» паходзіць з лацінскага «vigiliare» і азначае «начное чуванне». У Каталіцкім Касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найважнейшым святам. Але найчасцей гэтае слова мы звязваем з днём перад святам Нараджэння Пана. У Беларусь звычай вігілійнай вячэры прыйшоў у ХVІІІ ст. Згодна з традыцыяй, вячэра распачынаецца пасля таго, як на небе загарыцца першая вечаровая зорка. Памаліўшыся і зачытаўшы адпаведны ўрывак з Евангелля (можна Лк 2, 1–20), усе дзеляцца аплаткай і складаюць адзін аднаму калядныя віншаванні і пажаданні. #Аплатка Вігілійную
вячэру, якая распачынаецца пасля дзялення аплаткай, называюць куццёю
(ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты
вечар на стале). На стол, на які кладуць сена і засцілаюць белым абрусом, ставяць толькі посныя стравы. У гэты дзень з
радасцю прымаюцца і нечаканыя госці. Асаблівую атмасферу гэтага вечара ствараюць і калядкі (песні на Божае Нараджэнне), якія можна таксама спяваць усёй сям’ёй. #Куцця або Вялікая куцця На вігілію Божага Нараджэння, 24 снежня, у апошні дзень Адвэнту, у які належыць сціслы пост і толькі адзін прыём ежы дасыта, куцця называлася поснай, галоднай або Вялікай куццёй. Трэба было цэлы дзень галодным чакаць гэтай вячэры, каб больш выразна адчуць радасць ад нараджэння Збаўцы. У адрозненне ад велікодных святаў, якія святкаваліся максімальна публічна, вігілія мела падкрэслена сямейны, закрыты характар. Аднак лічылася, што да вігілійнага стала абавязкова трэба запрасіць любога выпадковага госця, каб не паўтарыць грэх тых, хто не пусціў пераначаваць Святую Сям’ю перад нараджэннем Хрыста, прымусіўшы Марыю нарадзіць Яго ў стайні. На вячэру збіраліся пасля з’яўлення на небе першых зорак, пад выбеленым абрусам сцялілі сена або салому, як напамін пра нараджэнне Хрыста ў стайні. Перад пачаткам вячэры гаспадар дому павінен падзяліцца з сям’ёй асвечанай у касцёле аплаткай — сімвалам Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету. Бацька або хтосьці самы старэйшы ў сям’і пры святле свечкі, што сімвалізуе Бэтлеемскую зорку, чытае ўрывак з Евангелля паводле Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Езуса ў Бэтлееме. Затым, пасля супольнай малітвы, усе бяруць у рукі аплаткі і, падыходзячы адзін да аднаго, ламаюць іх між сабой і абменьваюцца святочнымі пажаданнямі. Пасля вячэры сена, як і рэшткі вячэры, аддавалі жывёле. У залежнасці ад дабрабыту сям’і, на вігілію падавалі звычайна ад 7 да 12 посных страваў, асноўны комплекс якіх быў адным і тым жа ў сем’ях усіх сацыяльных пластоў, сімвалізуючы еднасць усіх людзей як дзяцей Божых. Асноўнымі кампанентамі вігілійных страваў лічыліся пшаніца, мак і мёд, сімвалы дастатку і пладавітасці. Галоўнымі стравамі былі куцця, у гонар якой называлася і ўся вячэра, сыта, аўсяны кісель, узвар з сушанай садавіны, рыбныя стравы (юшка, селядцы, шчупакі, карп і г. д.), грыбная поліўка або грыбны квас, чырвоны боршч з вушкамі, клёцкі з макам, капуста квашаная або тушоная з грыбамі, ламанцы з макам, сліжыкі і інш. У заможных дамах традыцыйнымі былі поліўка з міндалю, розныя дэсерты («цукры»), арэхі, віно, з 1830-х гг. — гарбата. Як гатаваць Куццю? Рэцэпты на вігілійны стол>> #Ламанцы У канцы XIX ст., калі дабрабыт селяніна пасля двух-трох дзесяцігоддзяў цяжкай паслярэформавай працы адчувальна вырас, куццёй-панцаком пачалі крыху гідзіцца. (У шляхты гэта адбылося яшчэ ў першай палове XIX ст.) На стале яна яшчэ стаяла, старыя заклікалі аддаць належную пашану старому звычаю, але маладое пакаленне, асабліва дзеці, ледзь-ледзь «дзяўблі» пару лыжак, бо на стале ж хапала куды смачнейшых страваў! І паступова роля галоўнай каляднай рытуальнай стравы пачала пераходзіць да ламанцоў або сліжыкаў — невялічкага печыва, часам з прэснага, часам з кіслага цеста, якое таксама елі з макавым малаком і мёдам. Адна з літоўскіх назваў гэтага печыва — «кучукай», нешта накшталт «маленечкія куццейкі», што яскрава паказвае на ролю, якая ім адводзіцца ў святочным меню. Гэтыя «кучукай» або інакш «сліжыкай» у сучасных літоўскіх крамах прадаюцца масава, з’яўляючыся недзе за тыдзень за Божага Нараджэння і імгненна знікаючы пасля свята, каб вярнуцца толькі праз год. Адна з беларускіх назваў гэтага печыва — ламанцы. Іх робяць з прэснага цеста і не столькі пякуць, колькі проста падсушваюць у печы, а потым ламаюць (адсюль назва) уздоўж ліній, папярэдне праведзеных на пласце цеста нажом. Прэсныя і цвёрдыя ламанцы, якім смак дадавалі толькі мак і мёд, відаць, былі пачатковай формай стравы і нагадвалі аплаткі. Але адвечнае імкненне да раскошы і камфорту, якое пранікала і ў сялянскае асяроддзе, прымушала і ім шукаць замену, таму іх пачалі выцясняць сліжыкі, салодкае печыва з рошчыннага цеста, у якое мак часам дадавалі пры замешванні. Калі-некалі недапечаныя сліжыкі хутка, каля 5 хвілін, адварвалі ў салёнай вадзе як галушкі і падавалі палітымі ўсё тымі ж мёдам і макавым малаком. Аднак памятаем, што і прэсныя ламанцы, і салодкія сліжыкі — варыяцыі на тэму куцці. Другая куцця адзначалася на св. Сільвестра/св. Васіля, у «Шчодры вечар», напярэдадні Новага года, 31 снежня (13 студзеня), і называлася шчодрай, тоўстай, багатай, ласай. У гэты вечар падавалі куццю з маслам або скваркамi, а таксама мяса — смажанае, варанае і печанае, кілбасы, вяндліну. Сама ж куцця таксама падавалася на стол з маслам або мясам. Калі перад Божым Нараджэннем і Хростам Пана куцця была поснай, то перад Новым годам — так і называлася: «куцця з каўбасой». Трэцяя куцця, ізноў посная, з цягам часу атрымала назву Вадзяная, бо прыпадае якраз на пярэдадзень Вадохрышча (у католікаў — урачыстасць Аб'яўлення Пана). Традыцыйна ўсе тры куцці варыліся ў адным і тым жа гаршчку, з адной і той жа колькасцю збожжа. Падрыхтаваў Аляксандр Белы |