Цягнікамі, самалётамі, на аўтамабілях – розным транспартам з розных куткоў Еўропы ў гэтыя дні маладыя вернікі сцягваюцца ў сталіцу Чэхіі. Прага ў гэтым годзе прымае ўжо 38-ю па ліку экуменічную сустрэчу моладзі ў духу супольнасці з Тэзэ.
27 снежня на форум выехалі некалькі соцень чалавек з Беларусі, каб дакрануцца да супольнай радасці святкавання Божага Нараджэння і сустрэчы новага 2015 года, паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. У кожнага з пілігрымаў свае прычыны такога падарожжа, свае мэты, але і адзіная на ўсіх інтэнцыя, адзначыў айцец Сяргей Трысцень, арганізатар пілігрымкі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
“Для кожнага з нас гэта вялікая падзея. У першую чаргу, гэта пілігрымка як малітва. Але таксама пілігрымка спакою, асабліва ў гэты час, калі свет перапоўнены неспакоем, ёсць войны. Мы прагнем прасіць аб супакоі ва ўсім свеце – гэта першая і галоўная наша інтэнцыя ў гэтым падарожжы”, - сказаў святар.
Сустрэчу арганізуе экуменічная супольнасць Тэзэ, якую ў 1940 г. заснаваў брат Ражэ, а напрыканцы 1970-х гг. ён жа стаў ініцыятарам “Пілігрымкі даверу на зямлі” – так называюцца праходзячыя з тых часоў Еўрапейскія сустрэчы моладзі. Штогод на іх збіраецца да 50 тыс. чалавек – гэта пілігрымы розных веравызнанняў: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, якія жадаюць некалькі дзён правесці на супольнай малітве, паразважаць над прапанаванымі тэмамі або проста правесці час з аднадумцамі і аднагодкамі, у тым ліку з самімі братамі з Тэзэ, заўважыў айцец Сяргей Трысцень. “Для моладзі сустрэча – гэта магчымасць пазнаёміцца і мець зносіны не толькі паміж сабой у малітоўным асяроддзі, але і з моладдзю з іншых краін у паўсядзённым жыцці”, - адзначыў святар.
У гэтым годзе на экуменічным форуме будзе прадстаўлена 65 краін. 17 святыняў у гістарычным цэнтры Прагі адчыняць свае дзверы для ўдзельнікаў, каб правесці набажэнствы 30 і 31 снежня, а для вячэрніх малітваў збудуюць палатку на 4,5 тыс. чалавек.
У цэлым сустрэчы Тэзэ, хоць і маюць сваю праграму, з года ў год усё ж адна на другую не падобныя, лічыць айцец Сяргей Трысцень. “Сустрэча ў Празе, думаю, па фармаце не будзе адрознівацца ад іншых сустрэч, сістэма ўжо выпрацавана за доўгія гады, будзем прытрымлівацца таго плану, які мы маем. Адзінае - мы ведаем, што Чэхія секулярная краіна, і арганізатары нас ужо папярэдзілі, што не так шмат сем’яў прымуць у свае дамы ўдзельнікаў, а таму будзе больш агульных месцаў для прыпынку і начлегу. Таму мы бярэм з сабой спальнікі. Моладзь ведае, куды едзе, і не шукае камфорту, ведае, што гэта пілігрымка, а кожная пілігрымка – гэта таксама пакута і нейкае вырачэнне”, - заўважыў святар.
Нягледзячы на гэта, атмасфера, упэўнены айцец Сяргей Трысцень, незабыўная – добры настрой і духоўны пад’ём удзельнікі прывязуць дадому, у свае парафіі, да сваіх блізкіх. “Атмасфера Тэзэ – гэта атмасфера малітвы, любові, сяброўства і адзінай сям’і, якая называецца хрысцінства”, - адзначыў святар.
Захаваць гэтае пачуццё на працягу года дапаможа і ўспамін пра калядна-навагодні пах: 100 тыс. мандарынаў разам з іншымі прадуктамі даставяць у Прагу для ўдзельнікаў форума. (AG)
|