Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фотафакт 2014 |
Беларусь |
31.12.2014 12:25 |
Нічога не бойся, беларускі народ! Глядзі ў вочы, бо вочы твае чыстыя, і сведчы пра тое, што сапраўды жыве ў табе! Пакажы свету тое, што схавана ў глыбіні твайго сэрца, бо сэрца тваё прыгожае, і сам ты прыгожы, калі шчыра шукаеш Праўды і да Праўды імкнешся! Прадстаўляем лепшыя фотаздымкі 2014 года па выбары рэдакцыі Catholic.by.
1. Твар беларускага пілігрыма Прыгажосць. Адзінае, што жадаеш сказаць часамі чалавеку: «Ты прыгожы!» У які момант гэта адбываецца? Вельмі часта тады, калі яго прыгажосць ніякім чынам не адпавядае нейкім прынятым стандартам. Калі ў чалавека асаблівым чынам свецяцца, зіхацяць вочы, калі гэты чалавек ахоплены тым, што моцна любіць, Каго моцна любіць і сваім жыццём, кожнай рысай свайго твару сведчыць, што ён шчаслівы ў гэтым. Пілігрым, колькі разоў углядаешся ў твае вочы і не можаш дакрануцца іх дна, бо глыбіня іх глыбокая і шчасце вялікае. І гэта табе, пілігрым, хочацца казаць: «Ты — прыгожы!» У простым адзенні, у простай паставе перад Богам і чалавекам ты сведчыш, што любіш і табе так мала трэба — любіць і быць чыстым, з тварам, абмытым дажджом, які напаткае цябе ў дарозе, і з абмытым ад граху сэрцам, якое ты ахвяруеш Богу падчас споведзі. Пілігрым, ты прыгожы! «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5,8) 2. Распачаўся Год кансэкраванага жыцця «Кансэкраванае» жыццё – гэта значыць прысвечанае Богу. Якія ж шчаслівыя твары тых, хто спазнаў гэтую таямніцу! Вочы – напоўненыя глыбінёй і спакоем, якога не спазнаў гэты свет. Але жыццё, прысвечанае Богу – гэта не прывілей для выбраных, а пакліканне кожнага чалавека на зямлі. Нават самага простага і «згубленага» ў гэтым жыцці. Каб сапраўды стаць шчаслівым – што перашкаджае табе сёння напоўніць сваё жыццё гэтай Таямніцай? Што перашкаджае ўвайсці ў свой пакой і маліцца, чытаць Біблію і абіраць у сваім жыцці штодзённа тое, што падабаецца Богу? Тады ты будзеш самым шчаслівым чалавекам на зямлі. «Марта, Марта, ты клапоцішся пра многае, а адно толькі патрэбна» (пар. Лк 10, 41-42) 3. IV Каталіцка-праваслаўны форум: роздумы аб еднасці Еднасць — гэта не значыць аднолькавасць, еднасць — гэта значыць рознасць, аб'яднаная ў імкненні любіць. Еднасць, як і любоў, не заклікае шукаць для сябе выгоды, але даваць сябе ў дар, пры гэтым не патрабуючы анічога ўзамен. Еднасць не існуе сама па сабе, а дасягаецца намаганнямі тых, хто яе шукае, і ніколі не будзе дасягнута тымі, хто мае яе толькі вымаўленай на вуснах, але не перажытай у сэрцы. Еднасць — гэта сведчанне, вера адзін у аднаго, непарыўны дыялог, які не павінен скончыцца. Еднасць — гэта шлях не да аб'яднання, але шлях да найглыбейшага пазнання адзін аднаго. Пазнання дзеля найлепшага захавання самасці і ідэнтычнасці сябе і таго, хто таксама імкнецца да дару еднасці. «Ойча святы, не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе» (Ян 17, 20-21а) 4. “Нічога не бойся, беларускі народ!” Ноч і цішыня, сотні стомленых пілігрымаў, Будслаў... Гэтыя словы Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці ўварваліся ў начную цішыню – таксама ў цішыню нашых сэрцаў і думак – вельмі моцна і выразна: «Не бойся, нічога не бойся, беларускі народ!» Як праўда, якую нельга стрымаць, гэтыя словы абуджалі памяць аб тым, што мы, беларусы, годны народ, а значыць – кожны з нас годны і каштоўны. «І спазнаеце праўду, і праўда вызваліць вас» (Ян 8,32) 5. Калі душа адлятае ў вырай Увечары, калі хавалі народнага паэта Беларусі, над могілкамі яго роднай Вушаччыны, з-за ялін, бяроз і сосен выглядваў тонкі сярпок маладзіка. Нібы падказваў: каласы зжаў, каласы схіліліся да зямлі, каб рассеяцца зернем і даць новы плён, каласы густа рассеяліся па зямлі і хутка зазелянеюць новым жыццём, і хутка закаласяцца, густа закаласяцца над Беларуссю, бо дзядзька Рыгор так старанна насеяў. Перад тым жа, як адвезці назаўсёды заснулага дзядзьку Рыгора на зямлю, з якой ён узрос, да Чырвонага касцёла ў Мінску на развітанне ішлі людзі. Ішоў народ, і адчувалася, што гэта народ, які мае адно сэрца, вялікае сэрца, якое паэт-сейбіт жывіў, якое любіў і ўваскрашаў, калі зраненае і стаптанае, яно аказвалася пад нагамі знявагі... І хоць паэта няма, сэрца, якое ён бярог, жыве і адбівае рытм і яго рытмамі... І жыць будзе. «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (Ян 12,24) 6. Біскуп і яго народ Будслаў, заканчэнне Імшы для пілігрымаў. Цікавы момант, можна сказаць, выпадковасць. Але такая выпадковасць шмат аб чым гаворыць: на заканчэнне святой Імшы падчас прывітання розных груп пілігрымаў — натоўп раптам выбухнуў апладысментамі з невымоўнай радасцю — у адрас новага біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. А пасля Імшы — благаслаўленне міжволі ператварылася ў цёплае сяброўскае прывітанне і пацісканне рук. Шчырыя ўсмешкі і вочы, поўныя слёз ад радасці... Чаму? Гэты жэст прамаўляў без слоў: шчырае сэрца, адданае Богу, нельга ні з чым пераблытаць. Як нельга пераблытаць святло ад лямпы з сапраўдным сонечным святлом, танную падробку з арыгіналам. «Вы – святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме» (Мц 5, 14) 7. Простасць, так, простасць! І не баяцца жартаваць! Святыя не баяліся жартаваць. Святыя не баяліся простасці. Святыя любілі ўсмешку. Святыя здзіўлялі, і гэтая ўсмешка з'яўлялася на тварах іншых. Святыя не былі падобныя ані на кога, толькі нейкай разынкай — на Бога. — А чаму ў часе мінулым? Не баяліся, любілі, здзіўлялі? — У часе мінулым пра іх расказалі? Выпраўляем памылку: шукайце, чытачы, ва ўсіх разынку! 8. Alter Christus “Alter Christus” – так называецца святар, які падчас Эўхарыстычнай часткі Імшы ўвасабляе сабой Хрыста: “Другі Хрыстус”. Падчас аплатковай сустрэчы святароў Гродзенскай дыяцэзіі Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сказаў пра асобу святара: “Святар павінен мець чыстае і празрыстае сэрца, каб праз яго чалавек не баяўся спаткацца з Богам”. Гэта як люстэрка, якое павінна быць чыстым, каб паказаць не свае недасканаласці, але адбітак святла. Быць такім пакорным, каб не ганарыцца сабой, а толькі Тым, Хто нашмат большы. Быць такім чыстым, каб адлюстраваць у сабе Бога... «Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (пар. Мц 11, 29) 9. Кожны можа быць святым Што такое святасць? Часта, калі чуеш гэтае слова, то здаецца, што гэта нешта недасяжнае або архаічнае, нешта вельмі складанае і «не для нас». Але... Святасць магчымая для звычайнага чалавека, і больш за тое — гэта Божая воля для ўсіх нас. Святы — гэта не бязгрэшны, а той, хто прыкладае ўсе намаганні, каб сапраўды любіць Бога. Святасць — гэта не цяжар, а сапраўдная радасць і паўната нашага жыцця. «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48) 10. Радасці ніколі не бывае зашмат Адбылося гэта ў Івянцы падчас сустрэчы моладзі, дзе ўсім ужо сталі добра вядомыя «забавы ад Мітрапаліта». Але ў гэтым годзе адбылося нешта незвычайнае. Пакуль маладыя бралі шлюб у парафіяльным касцёле, звонку для іх ужо рыхтаваўся сюрпрыз: да прыступак пад’ехала брычка, запрэжаная канём, і кіраваў ёю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля заканчэння святой Імшы арцыпастыр запрасіў сужэнцаў пракаціцца вакол касцёла, падаўшы ім руку. Незвычайная радасць для звычайных людзей... Для Бога, напэўна, вельмі важная наша радасць, такія простыя і шчырыя імгненні. Таксама як гэта было важна для маладых падчас вяселля ў Кане Галілейскай, дзе Езус дзеля іх большай радасці па просьбе Марыі ўчыніў свой першы цуд. «А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. І калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: "Не маюць віна". Адказаў Ёй Езус: "Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая". Маці Яго сказала слугам: "Тое, што Ён скажа вам, зрабіце".»(Ян 2, 1-5) 11. Шчаслівыя імкнем, бо маем Пастыра! Ідзем і не збочваем, бо ёсць Той, хто вядзе! І ведаем, добра ведаем, што нават як згубімся, то не загінем, бо ёсць Той, хто ўратуе! Шчаслівыя, бо маем Правадыра, імя якому Міласэрнасць. І няхай мы часамі свавольная паства, якая блытаецца на пожнях і жыццёвых прасторах, але разам з Пастырам мы знойдзем шляхі і дойдзем да мэты, імя якой Любоў, якая дае надзею і на плячах якой мы знойдзем супакой. У гэта верым. «Пан - Пастыр мой, я ні ў чым не буду мець нястачы» (пар. Пс 22,1) 12. Шчодры пачастунак Шчаслівыя тыя, што дзеляцца тым, што маюць. Шчаслівыя тыя, хто не мае, бо даюць магчымасць іншым чыніць дабро праз іх. Шчаслівыя, хто ўсміхаецца, бо адчувае перамогу ў адкрытасці на чалавека і Бога! Шчаслівыя тыя, хто радуецца, бо праз гэта дзеляцца Надзеяй! Шчаслівыя тыя, хто спадзяецца, бо праз гэта мацуецца вера! Шчаслівыя тыя, хто верыць, бо праз іх уваскрашаецца народ! Шчаслівыя, хто любіць, бо праз іх народ пачынае новае жыццё, шчодрае на лагоднасць, шчодрае на шчырасць, давер і ўзаемнасць у дабрыні і спагадзе! Шчаслівыя, хто не баіцца, бо за тымі будучыня! «Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15,12) h Аляксандра Шчыглінская, Аксана Ючкавіч Фота Аляксандры Шчыглінскай, Віталія Палінеўскага, Ірэны Рубінавай
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.