Новы 2015 год – вялікая таямніца для ўсіх. Але на парозе гэтага часу, які дае нам Пан Бог, мы ўваходзім у яго з вялікай надзеяй. Верым, што ўсе падзеі, якія запланаваны на гэты год у Касцёле і ў жыцці кожнага асобнага чалавека, будуць рэалізаваны па-Божаму. Разам з новым годам нараджаюцца новыя чаканні.
rСінод Біскупаў, прысвечаны сям’і
Можна з упэўненасцю казаць, што новы каляндарны год будзе для Паўсюднага Касцёла добрай нагодай, каб неаднаразова выказацца на тэму сучаснай сям’і. На восень запланаваны Сінод Біскупаў, на які будзе скіравана ўвага сусветных СМІ ў чаканні навін і сенсацый.
4-25 кастрычніка ў Ватыкане пройдзе XIV Звычайнай сесія Сіноду Біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і ў сучасным свеце”. Яна стане працягам III Надзвычайнай сесіі Сінода, прысвечанай тэме “душпастысркіх выклікаў, звязаных з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі”, які ставіў мэтай збор інфармацыі пра рэальнае становішча сем’яў на розных кантынентах. Плануецца, што Сінод дасць больш поўнае ўяўленне аб касцёльным бачанні пытанняў сям’і і сужэнства.
Сусветная сустрэча сем’яў
22-27 верасня ў Філадэльфіі (ЗША) адбудзецца Сусветная сустрэча сем’яў пад дэвізам «Любоў — наша місія: сям’я ў поўні жывая». У сустрэчы плануе прыняць удзел Папа Францішак.
Упершыню горад у ЗША будзе месцам правядзення гэтага буйнога марапрыемства, падчас якога каталіцкія сем’і падзеляцца сваім вопытам жыцця і веры. Да гэтага часу гаспадарамі Сусветных сустрэч сем’яў былі двойчы Рым (1994 i 2000), Рыа-дэ-Жанэйра (1997), Маніла (2003), Валенсія (2006), Мексіка (2009) i Мілан (2012). У сустрэчах у Валенсіі і Мілане ўдзельнічаў Папа Бэнэдыкт XVI.
Чакаецца, што ў мерапрыемстве прыме ўдзел шмат сем’яў, якія прыбудуць, каб падзяліцца сакрэтам свайго сужэнскага і сямейнага жыцця. На форум плануе прыбыць таксама дэлегацыя з Беларусі.
Новая энцыкліка Папы?
Папа Францішак плануе выдаць энцкліку, прысвечаную пытанням экалогіі. Сёння вядома, што Пантыфік распачаў над гэтым дакументам працу на пачатку 2014 г.
Папа, які абраў сабе імя святога бедняка з Асізі, жадае пакласці вялікі акцэнт на праблемах экалогіі. Для сучаснага Касцёла экалагічны крызіс з’яўляецца адным з найбольш вымоўных знакаў часу. Хоць відавочна, што выкрыццё экалагічнага крызісу не было абавязкам і не знаходзілася ў кампетэнцыі Касцёла, аднак ён не можа ўхіліцца ад таго, каб заняць пэўную пазіцыю ў гэтым пытанні.
Год кансэкраванага жыцця
Яшчэ адной важнай падзеяй 2015 г. з’яўляецца Год кансэкраванага жыцця. Папа Францішак лічыць яго вельмі важным для ўсяго Касцёла і не толькі: пануючая ў наш час культура індывідуалізму разбурае грамадства, таму варта прадэманстраваць, што братэрскае жыццё магчымае.
Год кансэкраванага жыцця будзе таксама нагодай да большай малітвы за ўсіх тых, хто жыве евангельскімі радамі чысціні, убоства і паслухмянасці, і нагодай да малітвы аб новых пакліканнях да асаблівага служэння ў Касцёле.
Папа скіраваў на пачатак Года кансэкраванага жыцця пасланне да кансэкраваных асобаў, у якім заклікаў, каб яны былі чуйнымі і давяралі Пану.
Год кансэкраванага жыцця пачаўася 30 лістапада 2014 г., у Першую нядзелю Адвэнту, а завершыцца ў свята Ахвяравання Пана, 2 лютага 2016 г.
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору Другі Ватыканскі Сабор нясе моцны заклік адкрываць нанова, кожны дзень, прыгажосць веры, глыбей пазнаваць яе праз больш цесную сувязь з Богам, каб да канца перажываць хрысціянскае пакліканне.
Сабор працягваўся з 11 кастрычніка 1962 г. да 8 снежня 1965 г. Ён паклаў пачатак аднаўленню Каталіцкага Касцёла, адкрыў Касцёл на экуменічны дыялог з іншымі веравызнаннямі, правёў рэформу літургіі. Сёння ён лічыцца аднм з найважнейшых падзей хрысціянства ў ХХ ст.
Год навяртання
Касцёл у Беларусі ўвайшоў у трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Мінулы год быў Годам малітвы, зараз - Год навяртання. У гэты час трэба, каб кожны вернік усвядоміў, што заклік да навяртання датычыць не толькі тых, хто далёка ад Бога, страціў дар веры або чыніць маральнае зло.
Навяртанне – задача і шлях кожнага хрысціяніна, які, усведамляючы ўласныя слабасці і абмежаванасць, жадае з дапамогай Божай ласкі нанова вызваляцца з няволі граху і ўсё больш адкрывацца на дар Божай любові.
90-годдзе заснавання Пінскай дыяцэзіі
Сёлета прыпадае таксама 90-годдзе заснавання Пінскай дыяцэзіі і пінскай духоўнай семінарыі. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Святы Пасад у клопаце аб палешуках заснаваў дыяцэзію з цэнтрам у Пінску. Дыяцэзія паўстала ў дзень св. Юды Тадэвуша, 28 кастрычніка 1925 года. Першым ардынарыем дыяцэзіі стаў біскуп Зыгмунт Лазінскі.
Нацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю
У горадзе Айн-Карэм на Святой Зямлі будзе асвечана табліца з марыйным гімнам «Magnificat». Яе асвячэнне запланавана на верасень 2015 года.
З гэтай нагоды з 21 па 28 верасня 2015 г. на Святую Зямлю будзе арганізавана беларуская Нацыянальная пілігрымка. Табліца з марыйным гімнам «Magnificat» на беларускай мове стане трэцім «беларускім знакам» у Святой Зямлі пасля табліцы з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове ў аднайменным касцёле Іерусаліма і мазаікі Маці Божай Будслаўскай у санктурыі Маці Божай у Назарэце.
Паражэнне ці поспех?
Бог часта робіць чалавеку сюрпрызы, часта шакіруе нас сваімі рашэннямі. Чалавек робіць свае планы, але кожную хвіліну можа пачуць: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе” (Лк 12, 20). І што тады? Будзь падрыхтаваны!
Панам часу з’яўляецца Бог, Ён мае свае планы. З гэтымі планамі чалавек павінен згадзіцца, нават калі вельмі гэтага не хоча.
Няхай жа здзяйсняецца воля неба – не мая, але Божая. Усё можа здарыцца: паражэнне ці поспех, смутак ці радасць, нараджэнне ці смерць кагосьці блізкага.
Вечнае жыццё
Гледзячы на ўсё гэта вачыма веры, трэба таксама прызнаць, што для кожнага з нас у гэтым новым годзе, поўным надзеі і тысяч планаў, нас можа напаткаць неспадзяваная смерць і вечнасць. Вечнасць для нас падрыхтаваў сам Бог. I гэты дом, які стварыла не чалавечая рука, але які вечна ёсць у небе, кожную хвіліну майго жыцця можа стаць маім удзелам. А якой будзе гэтая вечнасць – шчаслівай або няшчаснай – залежыць ад кожнага асабіста.
Гэта толькі пэўныя планы. Але рэалізацыя гэтай накрэсленай праграмы – у руках Бога, які ёсць Панам часу і якому належыць усё. Кожны чалавек, кожны інстытут або арганізацыя маюць свае чаканні. Свае чаканні ў 2015 годзе мае і Касцёл, і яго чаканні ясныя.
Касцёл спадзяецца, што дзякуючы малітве шматлікіх вернікаў атрымае новыя пакліканні да манаскага жыцця, каб пазбегнуць крызісу пакліканняў. Касцёл чакае, што дзякуючы малітве многіх яго дзяцей нарэшце настане мір i згода ў кожным народзе.
Касцёл у Беларусі спадзяецца, што ў гэты Год навяртання верне згубленых авечак у свой статак, - тых, якія знойдуць адвагу, каб ударыць сябе ў грудзі і сказаць: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”.
Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч
|