3 студзеня ў парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы (Пінская дыяцэзія) адбылася аплатковая сустрэча сем’яў руху “Equipes Notre-Dame”. На сустрэчу прыехалі каля 100 чалавек з розных куткоў Беларусі.
Таксама на свята прыбылі восем святароў - духоўных дарадчыкаў руху. Парафія на чале з пробашчам кс. Паўлам Урубелем гасцінна сустрэла сабраных.
На пачатку адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Потым адбылася святая Імша, падчас якой пяць пар прынялі Карту руху і сталі яго паўнапраўнымі ўдзельнікамі. У гаміліі кс. Андрэй Шода звярнуў увагу на вартасць ахвярнасці на ўзор Святой Сям’і.
Пасля Імшы была праведзена міні-экскурсія па касцёле з расповедам пра яго гісторыю. Затым у клубе адбылося дзяленне аплаткай і святочная праграма.
Сем’і-арганізатары з Новай Мышы падрыхтавалі для ўдзельнікаў сустрэчы насычаную забаўляльную праграму, якая ўключыла ў сябе не толькі традыцыйныя калядкі і святочныя спевы, але і цікавыя конкурсы і жартоўную тэатральную пастаноўку, у якой змаглі прыняць удзел як дзеці, так і дарослыя.
Падчас віншавальнай часткі мерапрыемства прагучалі словы падзякі ад сем’яў, якія прынялі Карту руху. Кіруючая пара руху Таццяна і Мікалай Меляшкевічы таксама шчыра падзякавалі ўсім сем’ям, якія прыехалі на сустрэчу, і падзяліліся планамі на будучы год.
Таксама на сустрэчы адбылася прэзентацыя новых магчымасцяў сайта руху end.of.by. Распрацоўшчыкі сайта растлумачылі сабраным ідэю стварэння новых інструментаў і заахвоцілі сем’і да больш актыўнага іх выкарыстання.
Напярэдадні свята ў руху быў аб’яўлены конкурс на самую прыгожую дэкарацыю, прысвечаную Адвэнту і святу Божага Нараджэння. Усе сем’і, якія даслалі свае работы, былі ўзнагароджаны дыпломамі, а сям’я Шумейка, якая стала пераможцам конкурсу, атрымала галоўны прыз – каробку шакаладных яек. Арганізатары паабяцалі, што зусім хутка на сайце будзе аб’яўлены новы конкурс – на самы прыгожы хатні алтарык.
Напрыканцы сустрэчы на свята завітаў святы Мікалай, які падрыхтаваў для ўсіх удзельнікаў руху падарункі: цукеркі, штодзённікі “Агенда Біблійная” і кнігі а. Лары Рычарда “Будзь мужчынам”.
Развітваючыся, сем’і паабяцалі, што будуць імкнуцца да ўсталявання больш цесных адносін паміж экіпамі і прыедуць на наступнае мерапрыемства руху – Дзень сектара.
Аліна Угорыч
Фота end.of.by
|