Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Еўрапейская сустрэча моладзі Тэзэ ў Празе: “Добра падрыхтаваная арганізацыя гэтых дзён уражвае”
Беларусь
06.01.2015 18:20

З 29 снежня па 2 студзеня адбылася сустрэча моладзі Taize ў Празе. Рознымі шляхамі прыязджалі групы моладзі ў сталіцу Чэхіі. На сустрэчы сабралося каля 30 тысяч маладых людзей розных канфесій і нацыянальнасцяў.

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзялілася сястра Таццяна Гмыза:

“Добра падрыхтаваная арганізацыя ўсіх гэтых дзён уражвае: валанцёры, якія бескарысліва служаць іншым, і не проста служаць, а з радасцю і ўсмешкай; парадак на малітвах і спажыванні ежы; сустрэча ў парафіях. Усё гэта вучыць кожнага з нас простай чалавечай культуры, павазе адзін да аднаго.

Сустрэча сем’яў, парафій горада і маленькіх гарадочкаў каля Прагі таксама ўражвае сваёй адкрытасцю, гасціннасцю і дабрынёй. Дзякуючы такім сустрэчам можна зазірнуць у сэрца сем’яў, парафій, хрысціянства, краіны”.



 

Сустрэча ў Празе стала чарговым этапам "Пілігрымкі даверу на зямлі", якую ініцыяваў брат Ражэ, заснавальнік супольнасці Тэзэ, у канцы 1970-х. Чэшская сталіца ў другі раз стала гаспадаром моладзевага форуму: упершыню яна прымала яго на мяжы 1990 і 1991 гадоў.

Найбольшая колькасць маладых людзей прыехала ў Прагу з Польшчы, Украіны, Германіі, Італіі, Францыі, Харватыі і Беларусі.



 

Наступная Еўрапейская сустрэча моладзі Тэзэ пройдзе з 28 снежня 2015 г. па 1 студзеня 2016 г. у іспанскай Валенсіі. Пра гэта падчас сустрэчы ў Празе аб’явіў прыёр экуменічнай супольнасці брат Алоіз. Паводле слоў кіраўніка супольнасці, моладзь усяго кантынента будзе запрошана ў краіну, "вядомую сваёй гасціннасцю, якая, аднак, перажывае сёння цяжкія эканамічныя часы".

(AG)


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.