Пяць прэмій «За духоўнае адраджэнне» ўручаны ў Беларусі |
Беларусь |
09.01.2015 12:34 |
Пяць прэмій Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» ўручаны ў Беларусі па выніках 2014 года. Як перадае БЕЛТА, лаўрэаты прэміі — аўтарскія і працоўныя калектывы, сярод якіх і аўтарскі калектыў у складзе протаіерэя Ігара Карасцялёва, настаяцеля рэлігійнай абшчыны «Прыход храма іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых Радасць”» у Мінску, і Марыны Краўцовай, дацэнта БДПУ імя М. Танка. Намаганнямі гэтага тандэму былі створаны вучэбна-вытворчыя майстэрні пры згаданым вышэй прыходзе для сацыялізацыі людзей з цяжкімі захворваннямі. У ліку іншых чатырох лаўрэатаў — калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, калектыў Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы, калектыў Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» і Цэнтральны камітэт БРСМ. Каталіцкіх дзеячаў у сёлетнім спісе лаўрэатаў няма. У былыя гады прэміямі «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны ксёндз Юзаф Булька (2005), біскуп Уладзіслаў Блін (2006), рэжысёр Юрый Гарулёў (2006) і дырэктар віцебскага аддзялення «Карытас» Віталій Кульпекша (2013). (IL) |