Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фотапраект пра парафіянку з Зембіна прэзентаваны на фотавыстаўцы ў Мінску
Беларусь
09.01.2015 15:10

Пра жыццё і веру Алены Яраш, жыхаркі в. Зембін Барысаўскага раёна, распавядае фотапраект фатографа газеты «Звязда» Надзеі Бужан. Фотапрацы дзяўчыны прадстаўлены на калектыўнай выстаўцы «Бліжэй, чым блізка» ў творчай прасторы ЦЭХ у Мінску.

Праект паўстаў дзякуючы шасцімесячнаму навучальнаму курсу для маладых фатографаў, мэтай якога была спроба зазірнуць у чалавечае жыццё з дапамогай дакументальных і арт-праектаў. Кіравалі курсам фатографы Юрый Козыраў («Time», «Noor»), Таццяна Плотнікава («Русский репортер») і фотарэдактар Андрэй Паліканаў («Русский репортер»).

У навучальным курсе прымалі ўдзел 11 фатографаў, кожны з якіх распрацоўваў сваю ўласную тэму. Фотакарэспандэнт газеты «Звязда» Надзея Бужан абрала для праекта тэму веры.

«Тэма рэлігіі дастаткова цікавая і шматпланавая, — у размове з Catholic.by адзначае аўтар. — Было цікава вывучаць яе з пункту гледжання фатаграфіі і назіраць за тым, як вера ўплывае на чалавека і як сам чалавек узаемадзейнічае з рэлігіяй».

Прадстаўлены на выстаўцы фотапраект Надзеі Бужан — гісторыя 77-гадовай жыхаркі в. Зембін Алены Яраш.

«З Аленай Пятроўнай я пазнаёмілася мінулай восенню, калі прыязджала ў Зембін рыхтаваць рэпартаж пра разбураны касцёл, — прыгадвае фатограф. — Тамтэйшая святыня — аб’ект эпохі барока ў Беларусі, тым не менш некалькі гадоў таму будынак касцёла ў Зембіне збіраліся зносіць, але дзякуючы намаганням валанцёраў і мясцовых католікаў святыню ўдалося ўратаваць».

Алена Яраш падчас споведзі ў Будславе

Надзея Бужан прызнаецца, што прыклад жыцця — жыцця з Богам — Алены Яраш «зачапіў» яе шчырасцю жанчыны.

«Алена Пятроўна, мая гераіня — адна з нямногіх, хто памятае яшчэ непашкоджаны касцёл. Разам з маці ў дзяцінстве яна прыходзіла сюды кожны тыдзень на набажэнствы. Менавіта тады маленькая Алена адчула, як вера моцна ўвайшла ў яе жыццё.

Нават падчас жыцця ў Мурманску пры савецкай уладзе жанчына знаходзіла час на касцёл. Яна выхавала дваіх дзяцей і вярнулася ў родную вёску, трымае гаспадарку, паспявае і сеяць, і збіраць ураджай, каб потым частаваць гароднінай гасцей, якім яна заўсёды адчыняе дзверы са шчырым сэрцам».


Праект Надзеі Бужан увайшоў у лік 11 фотагісторый, прадстаўленых на выстаўцы. Сярод удзельнікаў выстаўкі — такія фатографы, як Уладзь Грыдзін, Сяргей Гудзілін, Сяргей Балай, Юлія Ваўчок, Людміла Пагодзіна, Дзяніс Дзюба, Аляксандра Салдатава, Зміцер Кужалькоў, Даша Сапранецкая, Максім Сарычаў.

Паглядзець на выстаўку «Бліжэй, чым блізка» можна будзе да 27 лютага ў ЦЭХу па адрасе: Мінск, пр. Незалежнасці, 58/ к.6 (праход праз вул. П. Броўкі). Час працы выстаўкі: з 10.00 да 22.00. Кошт квітка — 25 тысяч.

Падрыхтаваў Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.