Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў візіт у Санкт-Пецярбург
Беларусь
20.01.2015 17:12

19 студзеня, у апошні дзень свайго візіту ў Санкт-Пецярбург, раніцай Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў доме сясцёр уршулянак, якія займаюцца выхаваннем моладзі.

Гэтая супольнасць была заснавана ў 1908 г. у Санкт-Пецярбургу св. Уршуляй Ледухоўскай.

Арцыпастыр распавёў сёстрам, што на працягу шасці гадоў, калі быў студэнтам Ленінградскага палітэхнічнага інстытута, кожную нядзелю праходзіў каля дома, дзе яны цяпер жывуць, калі ішоў у адзіны адкрыты тады касцёл Маці Божай Люрдскай, і канешне, тады не мог уявіць, што тут будуць жыць законніцы.

Таксама Мітрапаліт звярнуў у гаміліі ўвагу на значэнне Года кансэкраванага жыцця для абуджэння веры ў сучасным свеце, перадусім на манаскае сведчанне.

Акрамя таго, беларускі іерарх быў запрошаны ў Петрапаўлаўскую крэпасць, каб у поўдзень прыняць удзел у традыцыйным стрэле з пушкі. За многія гады жыцця ў горадзе на Няве Мітрапаліт не аднойчы чуў гэты традыцыйны стрэл, аднак упершыню прымаў у ім удзел. Традыцыя гэтага стрэлу, па якім жыхары горада звяраюць гадзіннікі, узыходзіць да часоў Пятра І.

Затым арцыбіскуп сустрэўся з віцэ-губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Гаваруновым. Іерарх падзякаваў за тое, што ўлада з вялікай павагай ставіцца як да перадачы касцёлаў, так і да іх рэстаўрацыі ў Санкт-Пецярбургу. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у свой час распачынаў гэты працэс і сёння з’яўляецца сведкам яго эфектыўнага працягу.

Падчас сустрэчы таксама было ўзнята пытанне аб вяртанні парэшткаў біскупа Антонія Малецкага з Варшавы, дзе ён пахаваны, у Санкт-Пецярбург. Біскуп Антоні Малецкі, які нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, у свой час быў вікарыем катэдральнага касцёла ў Мінску, касцёла св. Антонія ў Віцебску, касцёлаў св. Кацярыны і св. Станіслава ў Санкт-Пецярбургу. У 1926 г. ён быў прызначаны біскупам і Апостальскім адміністратарам Ленінграда, шмат падвяргаўся пераследу і памёр у Варшаве. Зараз вядзецца працэс яго беатыфікацыі. Віцэ-губернатар выказаў Мітрапаліту сваю падтрымку.

Пасля арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў праваслаўны Фёдараўскі сабор. Пасля рэвалюцыі гэты храм быў разбураны і ператвораны ў малаказавод. Два гады таму сабор быў цалкам адрэстаўраваны і асвечаны Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Абшчына гэтага храма адна з самых актыўных у горадзе і адкрытых для міжканфесійных зносінаў. Вернікі супрацоўнічаюць з французскай супольнасцю Chemin Neuf, тут праводзяцца набажэнствы Тэзэ, храм наведвалі многія каталіцкія іерархі, у тым ліку кардыналы Курт Кох і Ражэ Эчэгарай.

На гэтым візіт беларускага іерарха ў Санкт-Пецярбург завяршыўся.

(DN), (AG)


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.