23 студзеня прыпадае 2-я гадавіна смерці Прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа, які даў пачатак адраджэнню Касцёла ў Беларусі.
Кардынал Юзаф Глемп здзейсніў гістарычны візіт у Беларусь, пасля якога
пачалося змяняцца аблічча Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне. 5–7 верасня 1988 г. па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта кардынал Юзаф Глемп наведаў Беларусь: Гродна, Ліду, Навагрудак, Мінск, Нясвіж, Пінск і Брэст. У той час кардынал вельмі моцна заступіўся за беларускіх католікаў, кажучы дзяржаўным уладам, што Касцёл у Беларусі павінен мець сваю іерархію і магчымасць рыхтаваць сваіх святароў, бо тут шмат католікаў. І сапраўды, пасля візіту іерарха сітуацыя Касцёла ў Беларусі пачала паляпшацца.
Візіт у Беларусь кардынала Юзафа Глемпа стаў другім этапам яго падарожжа ў СССР з нагоды 1000-годдзя хросту Русі. У чэрвені 1988 года кардынал наведаў з візітам Маскву.
Падрыхтоўка да візіту кардынала ў Беларусь працягвалася дастаткова доўга. Прычына ў тым, што прадстаўнік такога рангу не наведваў беларускія землі ўжо даўно. Падчас візіту шмат у чым дапамагала і Беларуская Праваслаўная Царква.
У Гродне кардынал распачаў свой візіт Імшой у фарным касцёле — Гродна даўно не памятала такіх рэлігійных падзей. Кардынал Глемп наведаў тады таксама францішканскі касцёл Маці Божай Анёльскай. Наступным прыпынкам былі Ліда і Навагрудак. У Лідзе не была запланавана святая Імша, аднак калі кардынал убачыў незлічоную колькасць вернікаў у касцёле і вакол яго, папрасіў як найхутчэй рыхтавацца да Імшы.
У Навагрудку кардынала прымаў кс. Антоні Дзям’янка. Потым Прымас наведаў Мінск. На шляху да паўднёвай сталіцы Беларусі Пінска іерарх завітаў у касцёл у Нясвіжы. У Пінску кардынала вітаў кс. прэлат Казімір Свёнтэк. Тады, сустракаючы кардынала, ксёндз Казімір Свёнтэк папрасіў яго перадаць Папу Яну Паўлу II напісаны ад рукі малітоўнік, падкрэсліваючы пры гэтым, што беларускі народ нават у абставінах жорсткага пераследу веры не адмовіўся ад яе.
Падчас візіту кардынала Глемпа ў Пінск адбыўся таксама адзін з цікавых інцыдэнтаў. Перад прыездам кардынала ў касцёлах было наказана, каб на прывітанне польскага Прымаса гучна званілі ў званы. Прасілі, каб сакрыстыянін званіў вельмі доўга, каб усе ведалі, што з візіту госця такога высокага рангу пачынаецца новы этап у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. Аднак, на вялікае расчараванне, за званы тузанулі толькі два-тры разы, пасля чаго на званіцы зноў запанавала цішыня. Як пасля высветлілася, у званах парваўся шнур. Праверыць трываласць вяроўкі і выпрабаваць яе раней было немагчыма, таму што раней званіць забаранялі.
На зваротным шляху да Польшчы кардынал наведаў яшчэ касцёл у Брэсце. У лістападзе 1988 года, якраз пасля свайго візіту на ўсход, Прымас Глемп ехаў у Рым, дзе хацеў як найхутчэй сустрэцца з Папам Янам Паўлам ІІ і распавесці пра тое, што адбываецца на Усходзе, хто і як там працуе… Папа з вялікай цікавасцю слухаў і задаваў пытанні.
І ўжо ў наступным годзе пасля візіту ў Рым Святы Айцец прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча біскупам для Беларусі. У 1990 годзе адкрылася Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне. А чарговым этапам адраджэння стаў 1991 год, калі ў Беларусі былі створаны новыя дыяцэзіі і прызначаны новыя біскупы.
У памяці вернікаў кардынал Глемп застаецца чалавекам шчырай дабрыні, які адзначаўся простасцю, адкрытасцю і сардэчнай адданасцю справе Касцёла ў Польшчы, а таксама ў нашай краіне.
Кардынал Юзаф Глемп адышоў у вечнасць 23 студзеня ў шпіталі ў Варшаве. 83-гадовы іерарх не дажыў некалькі дзён да 30-годдзя надання яму кардынальскай годнасці.
Кс. Юрый Марціновіч
|