Пасланне Святога Айца Францішка на Вялікі пост 2015 г. |
Беларусь |
29.01.2015 15:10 |
«Умацуйце вашыя сэрцы» (Як 5, 8) Дарагія браты і сёстры! Вялікі пост з’яўляецца часам аднаўлення для Касцёла, супольнасцяў і асобных вернікаў. Найперш, аднак, ён з’яўляецца «часам спрыяльным» (пар. 2 Кар 6, 2). Бог не просіць нас ні аб чым, чаго б нам раней не даў: «Мы любім Бога, бо Ён першы палюбіў нас» (1 Ян 4, 19). Мы Яму неабыякавыя. Яму важны кожны з нас, Ён ведае нас па імені, клапоціцца пра нас і нас шукае, калі мы Яго пакідаем. Ён цікавіцца кожным з нас; Яго любоў не дазваляе Яму быць абыякавым да таго, што з намі здараецца. Аднак бывае так, што калі ў нас усё добра і нам жывецца камфортна, мы забываем пра іншых (у Бога так не бывае ніколі), нас не клапоцяць іх праблемы, іх пакуты і крыўды, якія яны спазнаюць, і тады нашы сэрцы ўпадаюць у абыякавасць — калі ў мяне ўсё адносна добра і я жыву камфортна, то забываю пра людзей, якім не добра. Такая эгаістычная пастава абыякавасці сёння дасягнула сусветнага маштабу, так, што ўжо можна казаць пра глабалізацыю абыякавасці. Гэта праблема, з якой мы як хрысціяне мусім змагацца. Калі Божы народ навяртаецца да Яго любові, то знаходзіць адказы на тыя пытанні, якія пастаянна ставіць яму гісторыя. Адным з найважнейшых выклікаў, якому хачу прысвяціць увагу ў гэтым пасланні, з’яўляецца глабалізацыя абыякавасці. Абыякавасць да бліжняга і да Бога — гэта рэальная спакуса таксама для нас, хрысціян. Таму нам неабходна слухаць кожны Вялікі пост заклікі прарокаў, якія ўздымаюць голас і абуджаюць нас. Бог не абыякавы да свету — Ён любіць яго да такой ступені, што аддае свайго Сына для збаўлення кожнага чалавека. Праз уцелаўленне, зямное жыццё, смерць і ўваскрасенне Божага Сына ў рэшце рэшт адчыняюцца брамы паміж Богам і чалавекам, паміж небам і зямлёй. А Касцёл — гэта як рука, якая трымае гэтыя брамы адчыненымі праз абвяшчэнне Слова, удзяленне сакрамэнтаў, сведчанне веры, якая дзейнічае праз любоў (пар Гал 5, 6). Аднак жа свет мае тэндэнцыю да замыкання ў сабе і замыкання тых брамаў, праз якія Бог уваходзіць у свет, а свет у Яго. Таму рука, якой з’яўляецца Касцёл, не павінна ніколі здзіўляцца, што яе адштурхваюць, прыціскаюць і раняць. Такім чынам, Божы народ мае патрэбу ў аднаўленні, каб не стаць абыякавым і не замкнуцца ў сабе. Я хацеў бы прапанаваць вам для разважання ў кантэксце гэтага абнаўлення тры выразы. 1. «Калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены» (1 Кар 12, 26) — Касцёл Любоў Бога, якая ламае гэтае смяротнае замыканне ў сабе, якім з’яўляецца абыякавасць, паказваецца нам Касцёлам праз яго навучанне, а найперш праз яго сведчанне. Можна, аднак, даваць сведчанне толькі аб чымсьці тым, што мы самі раней спазналі. Хрысціянін — гэта чалавек, які дазваляе Богу, каб апрануў яго ў сваю дабрыню і сваю міласэрнасць, апрануў яго ў Хрыста, каб стаць, як Ён, слугой Бога і людзей. Нам добра нагадвае аб гэтым літургія Вялікага чацвярга праз абрад абмыцця ног. Пётр не хацеў, каб Хрыстус абмыў яму ногі, але потым зразумеў, што Езус хоча даць прыклад, як мы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Гэтую паслугу можа спаўняць толькі той, хто раней дазволіў, каб Хрыстус абмыў яму ногі. Толькі той мае з Ім «удзел» (Ян 13, 8) і дзякуючы гэтаму можа служыць чалавеку. Вялікі пост — час, які спрыяе таму, каб дазволіць Хрысту нам паслужыць, а праз гэта стаць такім, як Ён. Гэта адбываецца, калі мы слухаем Божае слова і прымаем сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю. У ёй мы становімся тым, што прымаем: целам Хрыста. У гэтым целе няма месца абыякавасці, якая вельмі часта апаноўвае нашы сэрцы. Бо чалавек, які ёсць Хрыстовым, належыць да адзінага цела, а ў Ім адны не абыякавыя да іншых. «Таму, калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе часткі» (1 Кар 12, 26). Касцёл — гэта communio sanctorum, бо ў ім маюць удзел святыя, але таксама таму, што гэта камунія святых рэчаў: Божай любові, аб’яўленай нам у Хрысце, і ўсіх Яго дароў. Сярод іх таксама адказ тых, якія дазваляюць, каб іх дасягнула гэтая любоў. У гэтай еднасці святых і ў гэтым удзеле ў святых рэчах ніхто не мае чагосьці толькі для сябе, але тое, што мае, ёсць для ўсіх. А паколькі мы злучаны ў Богу, можам зрабіць штосьці таксама для тых, хто далёка, для тых, каго мы ўласнымі сіламі ніколі б не маглі дасягнуць, бо з імі і за іх молімся Богу, каб усе адкрыліся на Яго збаўчую справу. 2. «Дзе брат твой?» (Быц 4, 9) — парафіі і супольнасці Тое, што было сказана адносна Паўсюднага Касцёла, трэба дастасаваць да жыцця парафій і супольнасцяў. Ці адчуваецца ў гэтых касцёльных асяродках прыналежнасць да адзінага цела? Цела, якое адначасова атрымлівае і дзеліцца тым, што Бог прагне ахвяраваць? Цела, якое ведае свае самыя слабыя члены, убогія і малыя, і клапоціцца пра іх? Або яно ўдзельнічае ў «агульнай любові», якая накіравана кудысьці далёка ў свет, забываючы пра Лазара, які сядзіць перад нашымі зачыненымі дзвярыма (пар. Лк 16, 19-31)? Каб прыняць і ў поўні плённа выкарыстоўваць тое, што Бог нам дае, трэба пераадолець межы Касцёла, які бачым у двух кірунках. Па-першае, яднаючыся ў малітве з Касцёлам у небе. Калі зямны Касцёл моліцца, паўстае супольнасць узаемнага служэння і дабра, якая нават дасягае аблічча Бога. Са святымі, якія знайшлі сваю паўнату ў Богу, мы становімся часткай гэтай супольнасці, у якой абыякавасць перамагаецца любоўю. Касцёл нябесны з’яўляецца трыумфуючым не таму, што павярнуўся спіной да цярпенняў свету і сам перажывае радасць. Хутчэй святыя могуць сузіраць і радавацца з таго факту, што дзякуючы смерці і ўваскрасенню Езуса канчаткова пераадолелі абыякавасць, зацвярдзеласць сэрца і нянавісць. Пакуль гэтая перамога любові не ахопіць усяго свету, святыя яшчэ вандруюць з намі як пілігрымы. Святая Тэрэза з Лізьё, доктар Касцёла, перакананая, што радасць у небе з перамогі любові ўкрыжаванай не з’яўляецца поўнай, пакуль хаця б адзін чалавек не зямлі пакутуе і скардзіцца, пісала: «Вельмі разлічваю на тое, што не буду бяздзейснай у небе, маё прагненне — надалей працаваць для Касцёла і для душаў» (Ліст 254 ад 14 ліпеня 1897 г.). Мы таксама маем удзел у заслугах і радасці святых, а яны ўдзельнічаюць у нашай барацьбе і нашым прагненні супакою і паяднання. Іх радасць з перамогі ўваскрослага Хрыста з’яўляецца для нас крыніцай сілы, каб пераадольваць розныя формы абыякавасці і зацвярдзеласці сэрца. З іншага боку, кожная хрысціянская супольнасць паклікана пераступіць парог, які дазваляе ёй увайсці ў адносіны з навакольным грамадствам, з убогімі і далёкімі. Касцёл па сваёй прыродзе місійны, не засяроджаны на самім сабе, але пасланы да ўсіх людзей. Гэтая місія — цярпліва даваць сведчанне аб Тым, які хоча прывесці да Айца ўсю рэчаіснасць і кожнага чалавека. Місія — гэта тое, аб чым любоў не можа прамаўчаць. Касцёл ідзе за Езусам Хрыстом шляхам, які вядзе яго да кожнага чалавека, ажно да краю зямлі (пар Дз 1, 8). Такім чынам мы можам убачыць у нашым бліжнім брата і сястру, за якіх Хрыстус памёр і ўваскрос. Усё, што мы атрымалі, атрымалі таксама для іх. І падобна, тое, што маюць гэтыя браты, з’яўляецца дарам для Касцёла і для ўсяго чалавецтва. Дарагія браты і сёстры, як жа я прагну, каб месцы, у якіх выяўляецца Касцёл, асабліва нашы парафіі і супольнасці, сталі астравамі міласэрнасці ў моры абыякавасці! 3. «Умацуйце вашыя сэрцы» (Як 5, 8) — асобныя вернікі Таксама як асобныя людзі мы маем спакусы абыякавасці. Мы перанасыціліся палохаючымі навінамі і вобразамі, якія апавядаюць нам пра чалавечае цярпенне, і адначасова адчуваем усю нашу няздольнасць дзеяння. Што зрабіць, каб не даць сябе ўцягнуць у гэтую спіраль страху і бяссілля? Па-першае, мы можам маліцца ў супольнасці Касцёла зямнога і нябеснага. Не трэба недаацэньваць сілу малітвы! Ініцыятыва 24 ore per il Signore («24 гадзіны для Пана»), якая, я веру, будзе адбывацца ва ўсім Касцёле, таксама на дыяцэзіяльным узроўні, 13-14 сакавіка, павінна быць выразам гэтай патрэбы малітвы. Па-другое, мы можам дапамагаць праз учынкі міласэрнасці, дасягаючы як блізкіх, так і далёкіх дзякуючы шматлікім дабрачынным арганізацыям Касцёла. Вялікі пост — спрыяльны час для таго, каб выразіць гэтую зацікаўленасць іншым чалавекам праз знак, няхай нават і малы, але канкрэтны, нашага ўдзелу ў паўсюднай чалавечнасці. І па-трэцяе, цярпенне іншага становіцца заклікам да навяртання, бо патрэба, у якой знаходзіцца брат, нагадвае мне пра слабасць майго жыцця, пра маю залежнасць ад Бога і братоў. Калі мы пакорна будзем прасіць аб Божай ласцы і згодзімся з тым, што нашы магчымасці абмежаваныя, то паверым у бясконцыя магчымасці, якія крыюцца ў Божай любові. І тады мы зможам супрацьстаяць д’ябальскай спакусе, якая схіляе нас верыць, што мы самі можам збавіцца і збавіць свет. Хацеў бы вас усіх папрасіць, каб для пераадолення абыякавасці і нашых прэтэнзій на ўсемагутнасць вы перажывалі гэты час Вялікага посту як шлях фармацыі сэрца, як выразіўся Бэнэдыкт XVI (пар. энц. Deus caritas est, 31). Мець сэрца міласэрнае — не значыць мець сэрца слабое. Хто хоча быць міласэрным, павінен мець сэрца моцнае, сталае, недаступнае для спакушальніка, а яшчэ адкрытае на Бога. Сэрца, якое дазваляе пранікаць у яго Духу і дае весці сябе шляхам любові, што вядзе да братоў і сясцёр. Насамрэч гэта сэрца ўбогае, ці такое, якое ведае сваё ўбоства і прысвячае сябе бліжняму. Таму, дарагія браты і сёстры, прагну маліцца разам з вамі Хрысту ў гэты Вялікі пост: «Fac cor nostrum secundum cor tuum» — «Учыні сэрцы нашы да Твайго падобнымі» (суплікацыя з Літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса). Тады мы будзем мець сэрца моцнае і міласэрнае, чуйнае і шчодрае, якое не дазваляе замыкацца ў сабе і не ўпадае ў вір глабалізацыі абыякавасці. Выражаючы гэтае прагненне, запэўніваю ў маёй малітве аб тым, каб кожны веруючы чалавек і кожная касцёльная супольнасць плённа прайшлі гэты велікапосны шлях, і прашу вас аб малітве за мяне. Няхай Пан вас благаславіць, а Маці Божая няхай вас атачае апекай. Ватыкан, 4 кастрычніка 2014 г. Пераклад з польскай мовы Анастасіі Грышан |