«Пакінуўшы ўсё, я знайшоў шчасце»: 2 лютага — Дзень кансэкраванага жыцця |
Беларусь |
02.02.2015 09:48 |
Кансэкраваныя асобы — вялікі дар для Касцёла і ўсяго свету. Гэта манахіні, айцы і браты розных супольнасцяў, кожны з якіх жыве харызматам свайго згуртавання. Сёння налічваецца каля 950 тысяч кансэкраваных асобаў, якія служаць у розных краінах свету. І Беларусь — у іх ліку. Catholic.by распытаў манахаў і манахінь з Беларусі аб тым, якой была іх дарога ў супольнасць. Таксама па тэме:
1. Якім было Вашае пакліканне да манаства? А. Аляксандр Махнач SP, Ордэн Пабожных Школ (піяры): — Распавядаць пра сваё пакліканне справа сапраўды нялёгкая. Прагненне стаць законнікам-святаром я распазнаў яшчэ ў 9-м класе школы. Перш я прагнуў быць настаўнікам і вучыць дзяцей, але пачаў заўважаць, што мяне ўсё неяк болей «цягне» ў касцёл, на святую Імшу і набажэнствы. Было неймавернае прагненне быць з Езусам. Я шукаў Яго ў розных сітуацыях жыцця, спрабаваў увайсці ў Яго «стыль». Ён пачаў мне прапаноўваць святарства. Я гэта проста адчуваў, асабліва падчас малітвы! Бог не пасылаў мне анёла, не прамаўляў да мяне чалавечым голасам, але гэты заклік быў вельмі рэальны — у сэрцы. Але ж я хацеў быць настаўнікам! Што рабіць? Я шмат маліўся, каб Бог даў мне ясна распазнаць сваё пакліканне. Я паходжу з парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, у якой служаць айцы піяры. Я не разумеў тады, што ёсць яшчэ нейкія «іншыя святары». Удзельнічаючы летам у «канікулах з Богам», якія арганізоўвалі айцы піяры, я заўважыў штосьці вельмі важнае для мяне ў распазнанні паклікання. Святары і піярскія семінарысты вельмі цікава працавалі з дзецьмі і моладдзю. Распавядалі таксама і пра заснавальніка ордэна піяраў, св. Юзафа Каласанса, які заснаваў першую ў Еўропе бясплатную і публічную школу для ўсіх дзяцей, і што яны яго паслядоўнікі і г.д. Яны рабілі гэта так арганічна, што я пачаў цікаваць за імі ў іх выхаваўчай і душпастырскай працы. Для мяне гэта была проста «бомба»! Мне так падабаліся іх стаўленне да дзяцей і моладзі, іх метады працы, і тут я зразумеў, што гэта маё! Два ў адным: настаўнік + святар = піяр! І так сталася! Я моцна верыў у тое, чаго прагнуў ад мяне Езус, і не памыліўся! Сёння я ў школе Езуса Хрыста, і нясу сваё служэнне Богу і Яго Касцёлу ў харызме св. Юзафа Каласанса, дбаючы асабліва пра навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі. Пакінуўшы ўсё, я знайшоў шчасце!
Сястра Ерамія Кулікоўская CSFN, Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі): — Я паходжу з Гродна. У 90-я гады ў горадзе я бачыла законніц даволі часта, сярод якіх былі і назарэтанкі. На той момант пра манаскае жыццё я ведала няшмат, аднак манаства мяне цікавіла. Пазнаўшы сясцёр крыху бліжэй, я была ўражана іх штодзённай паслугай і адданасцю свайму харызмату. Асноўная мэта іх маці-заснававальніцы заключалася ў тым, каб агарнуць апекай сучасныя сем’і. З моманту заснавання сёстры аддаваліся цалкам гэтай справе, чуйна клапоцячыся пра духоўнасць сем’яў. Ад сям’і залежыць будучыня чалавека і будучыня краіны і Касцёла. Менавіта ў сям’і закладваецца фундамент будучага жыцця. Даведаўшыся пра гераічную ахвяру, якую ў 1943-м годзе склалі 11 сясцёр-мучаніц з Навагрудка за бацькаў сем’яў, я зразумела, што малітоўны клопат і духоўная падтрымка сем’яў — мая дарога і маё пакліканне. Пан Бог так пакіраваў маім жыццём, што я была ў ліку першых сясцёр, якія былі прыняты ў Кангрэгацыю ў дзень пакутніцкай смерці 11 паплечніц з Навагрудка. Гэта было вельмі сімвалічна. Я зразумела, што на мне і на іншых сёстрах з нашай Кангрэгацыі ляжыць яшчэ большая адказнасць за сучасную сям’ю. Гады маёй законнай паслугі далі мне ўпоўні адчуць наш харызмат: мне была даручана катэхізацыя моладзі. Я дасведчыла духоўнае мацярынства. Гэтая паслуга прыносіла мне радасць і ўсведамленне таго, што я знаходжуся на сваім месцы. Гэтае пачуццё не пакідае мяне і сёння. Інфаграфіку да матэрыяла можна праглядзець тут »» 3. Што азначае жыць у супольнасці і як гэта выглядае на практыцы? Cястра Таццяна Гмыза SJE, Кангрэгацыя сясцёр служак Езуса ў Эўхарыстыі (эўхарысткі): — Пачну свой адказ словамі псальма: «як добра і як прыемна, калі браты жывуць разам» (пар. Пс 133 (132), 1). Людзі збіраюцца ў манаскую супольнасць ні па інтарэсах, ні па сяброўству, ні таму, што добра разумеюць адзін аднаго, — іх збірае Хрыстус. Ён кліча чалавека ў канкрэтнае месца, у канкрэтную супольнасць і дае кожнаму сваё заданне. Кожны дзень у манахаў распісаны і яны абавязаны захоўваць парадак: супольныя малітвы, пасілкі, абавязкі ў працы, адпачынак. Манахі павінны захоўваць парадак не дзеля самога парадку, а таму, што жыццё манахаў ужо не належыць ім самім, але належыць Богу. Супольнасць дапамагае чалавеку быць бліжэй да Пана, таму што тут ён можа чуць Яго голас, які выяўляецца праз словы настаяцеляў. Шанаваць і слухацца манаскую ўладу манах павінен, гледзячы не на іх чалавечыя якасці, але таму, што праз манаскае абяцанне паслухмянасці сам Бог кіруе лёсам і ўчынкамі манаха, праз іх ён ведае волю Пана Бога. У кожнага, хто прыходзіць у манаскую супольнасць, ёсць свой талент, якім павінен служыць людзям. Таму праца і служэнне можа адрознівацца, але яна павінна вынікаць з дазволу законных уладаў. Жыццё манаха ўжо не належыць яму самому, ён памёр для гэтага свету, яно належыць выключна Богу, таму і радасці, і праблемы, якія здараюцца ў супольным жыцці, ён стараецца перажываць разам з Богам.
4. Ці прыносіць Ваша манаская паслуга Вам радасць? Айцец Сяргей Мацюшонак OFMCap, Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў: — У чым сапраўдная радасць паводле святога Францішка з Асізі? Ён аднойчы распавядаў: «Вяртаюся з Пэруджыі і позна ноччу прыходжу сюды, на вуліцы зіма і золь, і так холадна, што ў нізе хабіта звісаюць ледзяшы і ўвесь час так раняць ногі, што кроў цячэ з гэтых ран. І, увесь замэзганы, і трымцеючы ад сцюжы, падыходжу да брамы; і калі доўга стукаў і прасіўся, прыйшоў брат і пытаецца: “Хто там?” Адказваю: “Брат Францішак”. А той кажа: “Ідзі вон; гэта неадпаведная пара, каб хадзіць; не ўвойдзеш!” І калі зноў настойваю, адказвае: “Ідзі вон, бо ты чалавек просты і неадукаваны. Цяпер ты не патрэбны. Ёсць нас столькі, і лепшых за цябе, што ты ўжо нам не патрэбны”. А я зноў стаю каля брамы і кажу: “Дзеля любові Хрыстовай прыміце мяне на гэтую ноч”. А ён адказвае: “Не ўдасца табе. Ідзі ў прытулак да пракажоных і там прасі”. Кажу табе: і калі з цярплівасцю гэта знясу і не разгневаюся, то знайду ў гэтым сапраўдную радасць, сапраўдную цноту і выратаванне душы». Вяртаючыся да пытання, калі казаць пра вось такую, Францішкаву сапраўдную радасць, то вучуся ёй штодзённа дзякуючы Божай ласцы і Ягонаму Провіду. Жыццё евангельскімі радамі дапамагае кожны дзень быць уражлівым і чэрпаць звычайную людскую радасць са звыклых і простых рэчаў, малых і шчырых жэстаў іншых людзей, блізкіх і сяброў, святарскай паслугі, братэрскіх адносінаў у Ордэне. Радасць таксама маю ў сэрцы тады, калі бачу, як Бог мяне вядзе па жыцці і прысутны ў ім і ў радасцях, і ў смутку.
5. Як Вы распазналі сваё пакліканне?
Сястра Рыта Халявінская MSF, Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і (місіянеркі Святой Сям’і): — Мая маці калісьці вучыла мяне маліцца аб добрым мужу: «Божа, дапамажы мне знайсці мужа, якога Ты мне сам падрыхтаваў». Разам з сяброўкамі гэтую малітву пераняла і я. Толькі тады, калі молішся, па-сапраўднаму з верай, разумееш, якую моц маюць гэтыя словы. Бог заўсёды выслухоўвае кожнага чалавека. Сёння мае сяброўкі маюць добрых, веруючых мужоў і дзетак, маюць працу, а я ў кляштары. Чаму? Пакліканне — дар ад Бога, які чалавек можа прыняць або адкінуць, які я адкрывала і адкрываю штодня. У пятнаццацігадовым узросце, як і ўсе дзяўчынкі, я любіла марыць і будаваць планы на жыццё. Марыла стаць праграмістам у банку і ўяўляла, як у мяне будуць муж і дзеці... Каб мне хто тады сказаў, што я буду манахіняй, я б не паверыла, а толькі рассмяялася б. Але, як кажуць: «Хочаш рассмяшыць Бога — раскажы Яму пра свае планы». Спачатку я не ўсведамляла, што малілася аб выкананні таго, што падрыхтаваў для мяне Бог. Я думала, што малюся аб спаўненні мараў, але чым больш я так малілася, тым больш было ўва мне непакою, бо мае планы не згаджаліся з планамі Бога і з маімі марамі аб пакліканні. Аднойчы манахіня з маёй парафіі спыталася, ці не думала я калі-небудзь пайсці ў кляштар. Я тады, не задумваючыся, адказала: «Не, канешне. Я буду праграмістам, у мяне будуць муж і дзеці…» Але на кожных рэкалекцыях для моладзі гэтае пытанне вярталася да мяне і не давала спакою. Я баялася гэтага пытання і шчырага адказу на яго. Бог цярпліва чакаў і рыхтаваў мяне, хоць я і ўцякала ад Яго, і ўсё рабіла наадварот. Але аднойчы на рэкалекцыях падчас разважання пра Божую любоў, якая запрашае, а не прымушае, я рашылася адказаць на Божы заклік. Я адкрыла Яго план адносна майго жыцця, і толькі тады зразумела вялікую Яго любоў. І вось ужо 13 гадоў як я належу да супольнасці Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і і кожны дзень не перастаю дзякаваць Богу за ўсё, што маю. За пражыты дзень, за атрыманыя дары, за супольнасць, у якой я жыву і якой вельмі даражу. Не трэба баяцца
спытаць у Бога: «Божа, да чаго Ты мяне клічаш?» І калі адкрыеш Божы
дар, то атрымаеш супакой сэрца і радасць жыцця, нягледзячы на тое, што
будуць не толькі перамогі, але і падзенні.
6. Як заахвоціць маладых людзей ісці за голасам Бога, абіраючы манаскае жыццё?
Айцец Аркадзь Куляха OCD, босыя браты закону Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль: — Выбар манаскага жыцця — гэта перадусім адказ на Божае пакліканне. Неабходна заўсёды памятаць, што менавіта Бог ёсць Панам жніва і Ён сам кліча і выбірае, каго хоча, калі хоча і такім чынам, якім захоча. Нельга нікога «заахвоціць» ісці ў кляштар, нешта абяцаць, прыцягнуць, магчыма толькі спадарожнічаць чалавеку, паслужыць парадай, падтрымкай, і, канешне, малітвай. Езус, які клікаў сваіх вучняў, забраў іх да сябе, каб яны ўзрасталі ў Ягонай прысутнасці. Вопыт вучыць, што найлепшым настаўнікам ёсць прыклад жыцця. Гэта адносіцца і да манаскіх інстытутаў і кансэкраваных асобаў у прыватнасці. Сустрэчы, дні разважанняў, рэкалекцыі, якія часта праводзяць сёстры ці браты ў сваіх супольнасцях, а таксама штодзённае сведчанне могуць паўплываць на прыняцце адважнага рашэння пайсці за голасам Пана. Асаблівая роля ў паказванні вартасці, узнёсласці і прыгажосці, а таксама развіцці кансэкраванага паклікання належыць бацькам і сям’і. Пазітыўнае стаўленне да гэтай формы жыцця таксама можа паспрыяць станоўча адказаць пакліканым. Святы Ян Златавуст у адной са сваіх гамілій кажа: «Хрыстус пакінуў нас светачамі, каб мы сталі настаўнікамі для іншых, каб мы дзейнічалі як закваска, каб мы жылі як анёлы сярод людзей… Не было б патрэбы раскрываць рот, калі б нашае жыццё ззяла такім бляскам. Словы былі б непатрэбныя, калі б мы прамаўлялі ўчынкамі…» І сапраўды, асабісты прыклад святароў і кансэкраваных асобаў можа стаць адным са значных фактараў, якія пакажуць маладым людзям усю прыгажосць хрысціянскага паклікання ў прысвячэнні сябе Пану. Сучасная моладзь шукае сустрэчы з іншым чалавекам не толькі ў рэальным свеце, але і ў віртуальнай рэчаіснасці. Менавіта інтэрнэт можа быць месцам сустрэчы з манаскім жыццём. Каталіцкія форумы, сацыяльныя сеткі, у якіх абмяркоўваецца манаскае жыццё і паказваюцца яго пазітыўныя аспекты — таксама дапамога. Слова і чын у праўдзе, малітва, бачанне шчасця кансэкраваных асобаў — гэта адзін з лепшых способаў дапамагчы, або «заахвоціць» маладых жанчын і мужчын да манаскага жыцця. Катэхетычная дзейнасць, душпастырства моладзі і студэнтаў з'яўляецца адпаведным месцам для інфармавання пра розныя пакліканні ў Касцёле і дапамогі ў выбары дарогі жыцця. Падрыхтаваў кс. Юрый Марціновіч, (IL) фота Catholic.by і з прыватных архіваў кансэкраваных асобаў |