У Мінску плануецца правесці сімпозіум для кансэкраваных асобаў |
Беларусь |
02.02.2015 11:10 |
Згодна з зацверджаным планам па святкаванні Года кансэкраванага жыцця ў Беларусі Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі запланавана правядзенне сімпозіума для кансэкраваных асобаў. Пра гэта ў інтэрв’ю часопісу «Ave Maria» распавёў а. Міхаіл Цвячкоўскі MIC. Па словах cвятара, чакаецца, што сімпозіум пройдзе на тэму Паслання да кансэкраваных асобаў Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця «Радуйцеся» паводле вучэння Папы Францішка. «Роля кансэкраваных асобаў у Касцёле — быць бачным знакам прысутнасці Божай у свеце і служыць Яму і людзям у Хрыстовым Касцёле, — адзначыў суразмоўца. — Папа Францішак заклікае нас асабліва дзякаваць Богу за тых, хто прачытаў у сэрцы запрашэнне ісці за Хрыстом і выбраў шлях манаства і святарства, а таксама маліцца аб пакліканнях, бо «жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала...». (ILS) |