Футбольная каманда «Гродна 1998» выйграла міжнародны турнір па футболе сярод каталіцкіх парафій у Варшаве |
Беларусь |
05.02.2015 10:26 |
Каманда юнакоў з Гродна выйграла ўсе пяць матчаў турніра і заняла першае месца, перамогшы ў фінале сваіх суайчыннікаў — футбольную зборную «Гродна-Паўднёвы» з лікам 4:0. XXIV Міжнародны турнір па футболе сярод каталіцкіх парафій праходзіць у Варшаве (Польшча) з 2 па 7 лютага. Ва ўзроставай катэгорыі 1998 года нараджэння на турніры ўдзельнічала 8 каманд з Польшчы і Беларусі. Каманда пераможцаў «Гродна 1998» была створана з дзвюх каталіцкіх парафій горада над Нёманам (Гродна-аўгустовак і Гродна-Дзевятоўкі). На турніры яе суправаджалі трэнер ФК «Слонім» Аляксандр Гусар, а таксама апекуны а. Дзмітрый Лабкоў, пробашч гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка), і кс. Артур Малафей, душпастыр спартсменаў у Гродзенскай дыяцэзіі. Лепшым гульцом турніра быў прызнаны беларус Максім Кіхляраў з каманды-пераможцы. А лепшым у «Гродне 1998» назвалі галкіпера зборнай Міраслава Эльяшэвіча. Каманда атрымала таксама спецыяльную статуэтку за «Fairplay» («сумленную гульню»). Ксёндз Артур Малафей адзначыў: «Беларускія хлопцы паказалі добры і ўражваючы футбол. А асаблівую падзяку хочам выказаць сем’ям парафіі Св. Патрыка ў Варшаве, якія прымалі ўдзельнікаў турніра на начлег». (IL) |
Фотарэпартаж |