Біскуп Алег Буткевіч наведаў Віцебскую абласную клінічную бальніцу ў Міжнародны дзень хворага |
Беларусь |
06.02.2015 11:41 |
5 лютага абласную клінічную бальніцу ў Віцебску наведаў біскуп Алег Буткевіч. Падчас сустрэчы з медработнікамі іерарх распавёў пра духоўны аспект паклікання медыкаў і іх ахвярнасць на карысць хворых. Сваю прамову біскуп Віцебскі прысвяціў запавету любові — любові да Бога і да бліжняга. Таксама для медыкаў у гэты дзень была падрыхтавана мультымедыйная прэзентацыя, прысвечаная Дню хворых. У ёй асаблівая роля была адведзена і словам Папы Францішка са звароту на Міжнародны дзень хворых.
«Час, праведены з пацыентам — святы час, — падкрэслівае Папа, — гэта хвала Богу, які чыніць нас падобнымі да свайго Сына, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць». Разважаючы пра мудрасць сэрца, Пантыфік адзначае важнасць каштоўнасці суправаджэння, якая пабуджае праводзіць час з хворымі, каб яны адчулі нашу любоў і суцяшэнне. У сустрэчы прынялі ўдзел святар Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама намеснік галоўнага ўрача абласной клінічнай бальніцы Юрый Зямко, які ад імя адміністрацыі і ўсяго калектыву падзякаваў духавенству за духоўную навуку і падтрымку медыкаў у Міжнародны дзень хворых. Людміла Ярмолава |
Фотарэпартаж |