Беларускія католікі збіраюць подпісы пад адкрытым лістом Прэзідэнту |
Беларусь |
11.02.2015 12:41 |
У каталіцкіх парафіях Беларусі вернікі збіраюць подпісы пад адкрытым лістом Прэзідэнту краіны. Збор подпісаў стаў рэакцыяй беларускіх католікаў на заяву з боку афіцыйных асобаў з абвінавачваннямі ў адрас Касцёла, у прыватнасці — адносна дзейнасці святароў з Польшчы. Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. У звароце гаворыцца: «Выказваем сваю занепакоенасць і незадаволенасць дзеяннямі некаторых чыноўнікаў, а менавіта Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Леаніда Гулякі. Мы лічым, што стаўленне спадара Гулякі да Касцёла неаб’ектыўнае і прадузятае». У звароце падкрэсліваецца, што выступ Леаніда Гулякі 22 студзеня ўносіць разлад у адносіны Касцёла і дзяржавы, а таксама нагнятае міжканфесійную варожасць. Нагадаем, 22 студзеня на пасяджэнні па выніках працы дзяржорганаў па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў ў 2014 годзе. Леанід Гуляка раскрытыкаваў Каталіцкі Касцёл за няправільную, паводле яго слоў, спробу стварэння тэалагічнай акадэміі, а таксама выказаў думку, што некаторыя святары з Польшчы спрабуюць займацца ў Беларусі палітыкай. Упаўнаважаны адзначыў, што ў Беларусі служаць больш за 430 святароў, з якіх 113 — замежнікі, у асноўным з Польшчы. Леанід Гуляка заявіў аб адміністрацыйных правапарушэннях з боку святароў з Польшчы. «Ім не падабаецца наша краіна, нашы законы, кіраўніцтва. У такіх выпадках мы не ўзгадняем падаўжэнне іх знаходжання ў нашай краіне», — сказаў Упаўнаважаны. У інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё рэлігіязнаўца, кандыдат філасофскіх навук Віктар Адзіночанка адзначыў, што выказванне Леаніда Гулякі было даволі нечаканым: «У апошнія гады ўзаемаадносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі ідуць у рэчышчы ўзаемнай павагі, талерантнасці, міжканфесійнага дыялогу. Не думаю, што гэта тыя выказванні, якія займаюць асноўнае месца ў стаўленні дзяржавы да Каталіцкага Касцёла. Але яны прагучалі, і безумоўна вернікі нейкім чынам павінны былі на гэта адрэагаваць. Наогул, патрэбна зрабіць, каб чыноўнікі з большай павагай ставіліся да людзей, не толькі да вернікаў, але і да ўсіх жыхароў Беларусі. І каб чыноўнікі ўлічвалі рэакцыю людзей, калі яны робяць нейкія заявы. І ў дадзеным выпадку некаторыя элементы непавагі ў гэтых выказваннях ёсць», — лічыць эксперт. Рэлігіязнаўца тлумачыць, чаму ў пачатку 1990-х, калі пачалося адраджэнне Касцёла ў Беларусі, сюды прыехала шмат святароў з Польшчы: «Гэта абумоўлена тым, што ў Беларусі святароў амаль не было, і людзі прыехалі дапамагаць наладжваць тут жыццё. І яны зрабілі вельмі шмат не толькі для католікаў, але наогул для мясцовых людзей. Яны пачалі займацца дабрачыннасцю. Напрыклад, у Гомелі было вельмі шмат зроблена. Гэта дзейнасць сясцёр Маці Тэрэзы — праца з найбольш беднымі людзьмі, шматдзетнымі сем’ямі. А таксама Дзіцячая вёска для сірот-інвалідаў». Таксама суразмоўца адзначыў, што могуць быць, безумоўна, і некаторыя недахопы ў працы польскіх святароў у Беларусі, але аб гэтым нельга казаць ў такім тоне і ў такім кантэксце, як гэта зрабіў Леанід Гуляка: «Такія пытанні павінны вырашацца ў рабочым парадку. Калі б Гуляка звярнуўся да біскупа і сказаў: той ці іншы святар робіць нешта не так, такой рэакцыі не было б, і не было б уражання, што адносна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі вядзецца беспадстаўная крытыка», — лічыць эксперт. Віктар Адзіночанка падкрэсліў, што чыноўнікам і грамадству варта пазбавіцца ад схемы «Праваслаўная Царква — гэта рускія, а Каталіцкая — палякі, што гэта нейкі польскі інстытут». Бо большасць католікаў у Беларусі – гэта па нацыянальнасці беларусы. А святарам, што прыехалі з Польшчы, трэба сказаць «дзякуй» за іх самаадданую дзейнасць у даволі цяжкіх умовах у параўнанні з Польшчай. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (ILS) |