Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шлях Ані і Ромы адно да аднаго, але разам з Богам
Беларусь
14.02.2015 13:55

Напярэдадні 14 лютага, які славіцца як дзень успаміну св. Валянціна, магчыма, шырэй, чым дзень двух салунскіх братоў Кірылы і Мятода, якія прынеслі пісьменнасць на славянскія землі, карэспандэнт catholic.by завітаў да адной сям'і, каб паслухаць гісторыю яе шляху да шчасця.

Ганна і Раман Рамановічы — хрысціянская каталіцкая сям’я з Мінска, якая мае траіх дзяцей. Пакуль карэспандэнт чакаў на размову тату і маму, старэйшымі дзецьмі былі прадэманстраваны самыя важныя рэчы, як сказаў старэйшы сын Ромка, — свечка, а таксама абраз Езуса, аранжавы гадзіннік і падарунак ад бабулі, які блішчыць. Ромчына ж сястрычка Мар’янка, калі нарэшце тата і мама прыйшлі, бо за сцяною ўжо не плакала, а спала стомленая за дзень важнымі справамі Бася, побач з дыктафонам пачала спяваць “Бог, прыйдзі да нас”.



Знаёмства

А тата Раман і мама Ганна распавялі між тым сваю гісторыю знаёмства.

Рома: “Калі мы з Аняй абмяркоўвалі гэту тэму, то прыйшлі да высновы, што ў Ані гэтыя ўспаміны пачынаюцца раней”.

Аня: “Я заўсёды ўзгадваю той момант, калі мы з сёстрамі, вучаніцы 7-8 класаў, прыйшлі спяваць у катэдральны хор. Першыя ўспаміны і асацыяцыі адразу прыгадваюць катэдру. Тады і Рома ў хоры спяваў”.

Аня распавядае, як яны пазіралі на старэйшых хлопцаў, якія былі ўжо студэнтамі, і сябравалі са старэйшымі дзяўчатамі. Якая ім справа была да меншых, якія “спявалі і смяяліся”.

Рома: "А мне ўпершыню ўзгадваецца Анютка, калі мы былі на вяселлі ў яе стрыечнай сястры".

Рома кажа, што заўважыў дзяўчынку – “малую такую, і якая не танчыла”, і запрасіў, а падчас танцаў нават на нагу наступіў.

Аня: “Так, і парваў мой сандаль! (смяецца) Мне тады было гадоў 16”.

Рома: “Нават столькі не было!”

Яшчэ Рома прыгадаў адну з паездак у Польшчу, якую арганізоўвала сястра місіянерка Святой Сям’і Крыспіна Янецкая і запрасіла моладзь з Мінска ў якасці аніматараў.

Рома: “Памятаю, ужо тады мне вельмі хацелася, каб Анютка паехала. Менавіта ў той паездцы мы і пазнаёміліся больш.

Ужо тады, калі ў гэтым летніку мы працавалі ў групах з дзецьмі, то я заўважыў у Ані нейкую мудрасць, нехарактэрную для 16-гадовай дзяўчыны.

Таксама я памятаю, як Аня падчас паездкі ў аўтобусе, магчыма, тады, калі ўжо вярталіся ў Беларусь, распавяла пра сваю маму, якая ўжо не ў зусім маладым узросце чакае дзіця, пра тое, як яны ўсёй сям’ёй чакаюць браціка. Мяне вельмі ўразіла гэта размова".

Аня: "А, гэта была доўгая дарога, ехалі ўначы, таму і размаўляла, і распавядала. Што там з таго?" (смяецца, кажучы, што нічога дзіўнага ў размове не было)


Першы падарунак і чатырохгадовая аднабаковая сімпатыя

Аня: “Менавіта падчас той паездкі, калі былі ў Гданьску, Рома сказаў, што хоча купіць падарунак для сваёй сястры — пярсцёнак, і папрасіў дапамагчы выбраць, запытаўшыся, які падабаецца мне. Я паказала, а потым праз пэўны час Рома ў Мінску гэты пярсцёнак падарыў мне. Якая я была тады збянтэжаная і прысаромленая, ці здзіўленая адначасова!"

Рома: “Насамрэч, так было менавіта таму, што сімпатыя была аднабаковая”.

І гэтая аднабаковасць захаплення Ромы да Ані доўжылася каля чатырох гадоў.

Аня: “Чакай, мы яшчэ да гэтага не дайшлі!”

Рома: “Як не дайшлі? Ужо якраз і пачалася аднабаковая сітуацыя!” (смяюцца разам)

— А што магло змяніць сітуацыю аднабаковасці?

Аня: “Дагэтуль не магу сказаць, што здарылася, але называю гэта нейкім “Божым пераваротам у маім сэрцы”, бо толькі эмоцыямі і пачуццямі хлопца нельга прымусіць дзяўчыну змяніць сваё стаўленне. Адно магу сказаць, што гэтаму папярэднічала вельмі моцнае сяброўства. Хоць да Ромавых заляцанняў я заўсёды ставілася “ў штыкі”, але заўсёды адчувала, што мне добра і радасна ад сяброўства з ім. Менавіта гэтае сяброўства і дало пазней у адносінах моцны фундамент. Але я разумею, што ў гэтым усім быў Божы цуд.

Увогуле, наша гісторыя шасцігадовая, калі ўсё скласці разам".


Аднабаковае змаганне з вуснаў таго, хто не спыняўся змагацца

Рома: “Напэўна, да таго, як я закахаўся ў Аню, я шукаў сваё пакліканне як хрысціянін, таму што сам навярнуўся і паверыў у Бога, захацеў змяніць сваё жыццё толькі на першым курсе ўніверсітэта.

Пасля майго навяртання я зусім па-іншаму глядзеў на адносіны хлопцаў і дзяўчат, але разам з гэтым маё сэрца было не занятае, хоць у Касцёле на той момант было шмат прыгожых і вартых дзяўчат.

Я нават шукаў у сабе пакліканне да святарства, магчыма, нават прымусова хацеў яго адшукаць, бо мой сябра якраз пайшоў у кляштар, што для мяне сталася вялікай нечаканасцю і ўражаннем. Таксама ў свой час я знаёміўся з манаскім жыццём, прыязджаў на выходныя да манахаў, але ўсё ж такі ніяк не мог адкрыць у сабе такога паклікання, хоць і імкнуўся да гэтага.

Між тым я быў сярод каталіцкай моладзі, прыглядаўся да дзяўчат, але толькі Анечка трапіла мне ў сэрца. З тых часоў і пачаўся пошук і развіццё адносін з ёй.

Я бачыў, што ў яе няма сімпатыі да мяне, таму стараўся пабудаваць сяброўства.

Я лічу, што сапраўднае каханне паўстае з сяброўства, потым закаханасці і ідзе да кахання. Мне заўсёды хацелася пра яе клапаціцца, рабіць простыя рэчы і сюрпрызы, маленькія падарункі.

Адкуль з’яўляліся ідэі на гэтыя простыя рэчы? Напэўна, гэта натхняў Бог”.


Восеньская лістота, альбо сюрпрыз

Адным восеньскім днём Рома ішоў дадому і залюбаваўся лістотай, гэтае замілаванне праявай восені перамясцілася на ажыццяўленне сюрпрызу.

Назбіраўшы лістоў, якія ўжо паспелі намокнуць, Рома прыйшоў у інтэрнат, высушыў іх, папрасаваў, а потым папрасіў свайго знаёмага, мастака Сяргея Шэмета, аб дапамозе. “Дзякуй Богу, - кажа Рома, - ён згадзіўся”.

Сяргей і Рома “прабраліся” ў пад’езд, дзе жыла Аня, і лісцем склалі літары для выразу. Якія словы?

“У той момант, - кажа Рома, - вельмі баяўся, каб не зрабіць ёй непрыемна.” І тут, распавядаючы, Рома прыгадаў кнігу польскага святара Маліноўскага “Перш чым скажаш "кахаю"”, дзе аўтар адзначае, што для таго, каб чалавеку былі сказаны такія словы, ён павінен быць гатовы, павінны быць асаблівыя абставіны. І Рома не спяшаўся.

“Таму я проста склаў літары: “Анютка, як добра, што ты ёсць!”

Пазней гэтыя словы сталі для нас своеасаблівым дэвізам у сямейным жыцці, падзякай Богу і адно аднаму.

Каб пабачыць рэакцыю, я схаваўся каля запаснога выйсця і чакаў. Калі Анюта падымалася, то я ўбачыў, што яна была збянтэжана", – узгадвае Рома.

Аня, прыйшоўшы і далучыўшыся да аповеду мужа, сказала, што была не проста збянтэжана і абурана, яна падумала: як гэта так, што хлопец, з якім яна не сустракалася, зрабіў такое і гэта ўбачаць іншыя!

Рома: “Але адкуль ты даведалася, што гэта зрабіў я?”

Аня: “Дык словы былі па-беларуску, такія шчырыя ды цёплыя, і якія ніхто мне ніколі не пісаў!”


Моманты, важныя для абоіх: успамін усіх памерлых вернікаў, позні шпацыр і канькі

Рома: "Хачу прыгадаць момант, як вярталіся дадому пасля рэпетыцый хору, якія праводзіліся ў катэдры. У мяне ўжо тады было жаданне яе правесці. І вось неяк аднойчы, толькі я надумаўся, гляджу, а Анечкі ўжо няма. Думаю, ну ўсё, упусціў! Хутка апрануўся і ўжо ведаў, на які прыпынак трэба было ляцець. Пабег на прыпынак і паспеў: гляджу, Анечка на прыпынку стаіць, і ўжо раззлаваная трошкі, бо не адвязалася ад мяне, і кажа: "Ну, пайшлі!" І пайшлі мы з Гарадскога вала амаль да Малінаўкі, а было каля дзесяці ўжо вечара".

Аня: "А я проста вельмі любіла хадзіць!"

Рома: "На палове шляху ў Анечкі замерзлі ногі, а быў гэта лістапад, блізка каля ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, хіба з 31 кастрычніка на 1 лістапада. І нам прыйшлося выклікаць таксі. Падчас дарогі мне Аня распавяла, што заўтра пойдзе на могілкі адведаць магілку аднакласніка. А я тады сказаў: "Магу з табой схадзіць!", але мне Аня нічога не адказала. На раніцу я прачнуўся і толькі паспеў памыцца, як тэлефануе яна! Такога ніколі не было, каб Аня мне тэлефанавала. Гэта была настолькі рэдкасць!
Яна кажа: "Стаю на Нямізе, калі хочаш, то прыязджай!" Я хутка апрануўся і пад'ехаў за ёй, узяўшы таксі. У той дзень мы паспелі на асвячэнне могілак святаром і доўга хадзілі і маліліся.

Аня:
"Гэта быў вельмі важны момант для мяне".

А зараз выпадак пра канькі і Новы год:

Рома: “Я прасіў Аню навучыць мяне катацца на каньках, бо я не ўмеў. А Аня ніяк не пагаджалася. І я пачаў на яе крыху злавацца за гэта, а яна на мяне, за тое, што я прыліп як банны ліст і не адстаю. У выніку я пайшоў на “Дынама”, набыў канькі і за некалькі разоў навучыўся катацца. І гэта якраз было напярэдадні Новага года. Я ёй патэлефанаваў і запрасіў навагоднюю ноч сустрэць разам на каньках, на Свіслачы. Яна, канешне ж, адмовілася. Я так пакрыўдзіўся, што выдаліў усе СМС-кі ад яе, якія так беражліва захоўваў, і пайшоў з іншымі сябрамі катацца на каньках".

Аня: “Рома тады выйшаў на каньках на Свіслач, і яго заўважыла міліцыя, ад якой ён то ў адзін бок слізгаў, то ў другі. І з тых часоў нават пачаў на іншую дзяўчыну заглядацца, з надзеяй забыцца на мяне — як аказалася, марнай надзеяй”.


Роля сястры Ані — Насці

У адносінах Ані і Ромы немалое значэнне адыграла сястра Ані — Насця. Відаць, гэта праўда, што родная кроў адчувае і разумее больш, чым хто.

Неяк, калі ў Ані быў хлопец, але не Рома, Насця заўважыла, што Аня з ім нешчаслівая, і не пабаялася паразмаўляць пра гэта з Ромам, распавёўшы пра Аню. Размова мела сэнс, і хіба ў гэтым учынку і праявілася Божая воля.


Важны момант для Ані — рэакцыя на Рому яе бацькі

Аня: “Рома быў адзіным хлопцам, якога мой бацька прыняў і не гнаў! Мой тата меў сапраўды бацькоўскае сэрца. Ён апекаваўся мудра, непразмерна. Аднойчы ён проста стаў ля дзвярэй і не пусціў мяне на сустрэчу з адным кавалерам”.

Рома: “І гэта ўжо было, калі я да цябе заляцаўся?”

Аня: “Гэта проста было і было (усміхаецца). Так”.

Рома: “Знаёмства з Аніным бацькам Алегам адбылося ў пілігрымцы "Мінск-Будслаў", падчас якой нам давялося працаваць разам на палявой кухні. Падчас супольнай працы мы і пасябравалі.

Памятаю, што пасля пілігрымкі Анін тата запрасіў мяне ў лазню ў Даўгінава, дзе жыве яго свёкр і свякроў - дзед Ян і бабуля Караліна. Менавіта праз Даўгінава ідуць пілігрымы па дарозе ў Будслаў і тут маюць апошні начлег.

Я, ведаючы, што там будзе Анечка, канешне ж, згадзіўся!”

Аня: “А я памятаю, што была вельмі абураная зноў, калі ўбачыла Рому ў нас, але разам з тым пабегла ў бабчын гарод рэзаць кветкі і ставіць у букет!”

Узгадваючы гэтыя моманты, Аня бярэ ў рукі Біблію і зачытвае ўрывак, вяртаючыся зноў да свайго таты, якога не стала тры гады таму. Аня чытае ўрывак з Кнігі прарока Сіраха, дзе той піша аб клопаце бацькі пра сваю дачку.

Потым Аня гартае Біблію, і спыняецца на старонках, сярод якіх засохлыя фіялетавыя кветкі. Гэта так пазначаны “Гімн Любові” апостала Паўла.

Аня кажа: “Цяпер, калі я прыгадваю стаўленне Ромы да мяне, то бачу, што менавіта такім і было каханне Ромы. На жаль, на той момант я гэтага не разумела, ці Бог на той момант мне гэтага не адкрыў”.

У кухню, дзе працягваецца і развіваецца размова, залятаюць дзеці, якія яшчэ не паснулі і якім надакучыла глядзець “Пітэра Пэна” без мамы і таты. Яны сядаюць разам з намі за стол і са шчабятаннем змятаюць цукеркі. “Смачненькія”! І зноў пакідаюць кухню.

Шлях Ромы і Ані адно да аднаго быў доўгі, але, як сказала Аня, тое, што некаторыя пары раскрываюць  адно ў адным ужо пасля шлюбу, іх добрыя і адмоўныя якасці, Бог дапамог раскрыць праз гэты доўгі шлях да таго, як сталі мужам і жонкай.

Рома: "Між тым, гэта быў шлях, на якім трывала наша супольная і асабістая малітва, малітва Аніных бацькоў, сяброў. Асабістая падзяка ім за гэта".


Шлях малітвы

“Быў такі момант, што ў нашых адносінах мы засталіся сам-насам з Богам”, – кажа Рома.

У гэтай складанай сітуацыі мы прасілі парады ў святароў і сяброў, у людзей мудрых і адданых Богу, але разумелі, што прыняць канчатковае рашэнне можам толькі мы самі.

Аня: “Якім няпростым аказалася прабачэнне... І як важна было ў такі момант не паддацца роспачы і не апусціць рукі. Вось і мне давялося паплакаць, хоць і не так доўга, як Рому.

Мы адчулі, якая прорва расла паміж намі. Былі і слёзы шкадавання, што губляеш чалавека, які, хоць і можа так балюча раніць, але ўсё роўна застаецца самым дарагім.

Проста па-чалавечы так выглядала, што мы павінны разысціся. Але нібыта Бог паклаў свой крыж праз прорву, па якім мы асцярожнымі і няўпэўненымі крокамі здолелі зноў вярнуцца адно да аднаго.

Безумоўна, усё было праз асабістую малітву і Эўхарыстыю, чытанне Божага слова, чаму нас навучыла "Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі”.

З гэтай інтэнцыяй узімку хадзілі ў пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай і мелі заступніцкую малітву на рэкалекцыях ШХЖіЕ.

І так сталася, што Рома, які сам паходзіць з Пінска, паехаўшы на выходныя, звязаныя са святам 8 сакавіка, маліўся ў гэтай інтэнцыі на Імшы. Падчас малітвы зразумеў і адчуў, што Аня — гэта тая самая — адзіная. Яшчэ 9 сакавіка ён быў у Пінску, а на наступны дзень вярнуўся ў Мінск. Сустрэўшы Аню, прапанаваў прайсціся да Нямігі, хоць Ані не зусім было па дарозе.

Калі ж трапляеш у раён Нямігі, то складана не зайсці ў катэдру... Гэта скажа хіба кожны, чые юнацтва і маладосць гартаваліся ў сценах гэтай святыні.

У той вечар яны з Аняй праходзілі ля катэдры, як Рома раптам прапанаваў: “Пайшлі памолімся!” Аня заўважыла, што ўжо позна і катэдра зачынена: “Давай проста памолімся на вуліцы”. Але Раман запэўніў, што пробашч дазволіць.

Аказваецца, Рома папярэдне распавёў пра свой план і атрымаў дазвол ад пробашча кс. Антонія Клімантовіча. Пробашч паставіўся з разуменнем.

У цішыні і змроку катэдры, калі Аня і Рома маліліся (з самага пачатку, дарэчы, абое адзначалі, што заўсёды любілі маліцца разам, нават па тэлефоне таямніцу Ружанца), Рома сказаў, што павінен выйсці на хвілінку.

Аня: “Я засталася адна ў вялікай пустой катэдры, перад алтаром і Найсвяцейшым Сакрамэнтам”.

Праз пэўны час з’явіўся букет кветак, а за ім следам і Рома...

Перад алтаром катэдры Аня згадзілася стаць яго жонкай.

На чым гісторыя шасцігадовага шляху не скончылася, а пачала развівацца нанова, кожны дзень нанова, і развіваецца надалей. Аня і Рома дзякуюць Богу за "Школу хрысціянскага жыцця і евангелізацыі", дзе разам узрасталі і духоўна, і ў сяброўстве; руху "Сужэнскія сустрэчы", які ўпершыню ладзіў у Мінску сустрэчы для закаханых, што таксама з'яўляецца і падрыхтоўкай да шлюбу, кс. Генадзію Кухарэвічу, які цярпліва выслухоўваў, удзяляў сакрамэнты і маліўся.

А ў кухню зноў прыляцелі Мар’янка і старэйшы Ромка ды пачалі патрабаваць увагі бацькоў, шчабятаць і ўсміхацца...

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

Фота з сямейнага архіва і аўтара тэкста

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.