«Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся»: сёння распачынаецца Вялікі пост |
Беларусь |
18.02.2015 01:54 |
«Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся», — такія словы кажа святар, калі пасыпае попелам галовы вернікаў, якія прыходзяць на святую Імшу ў першы дзень саракадзённага Вялікага посту — Папяльцовую сераду. Сёння, 18 лютага, якраз гэты час. Крыху інакш гучаць гэтыя словы з вуснаў старэйшых людзей, прынамсі, так казалі мне ў дзяцінстве прабабуля і бабуля: «З праху паўстаў, у прах і вернешся». У дзяцінстве гэтыя словы былі незразумелыя і вельмі далёкія для дзіцячай свядомасці. Аднак здавалася ў тыя хвіліны, калі гэтыя словы яшчэ раз паўтарала бабуля, што ўвесь сусвет нібыта павялічваўся да памераў вечнасці, а сама сябе я адчувала пылінкай перад веліччу Таго, Хто ўсё стварыў. Заўсёды ўзнікала невядомае жаданне скарыцца, схіліцца і суцішыцца, прызнаючы свае памылкі, слабасці, і засяродзіцца на цішыні, маўчанні, сузіранні.
Менавіта на пачатку Вялікага посту пачынаю з асаблівай засяроджанасцю ўглядацца ў крыж. Прыдарожны, крыж на вежах святыняў, крыж на могілках, пашарэлы ці каменны крыж, якому колер дапамог змяніць нарослы лішайнік, што ўжо каторы год ніхто на адчышчае, бо, магчыма, над тым, хто гэта рабіў раней, узвышаецца свой крыж. Аксана Ючкавіч |