Мая гісторыя навяртання: «з панкаў у хрысціянкі» |
Беларусь |
03.03.2015 17:17 |
2015 год аб’яўлены ў Касцёле Беларусі Годам навяртання. З гэтай нагоды Сatholic.by распачынае новую рубрыку, у якой будуць змяшчацца гісторыі навяртанняў беларускіх вернікаў. Змяшчаем другую гісторыю навяртання, якую распавядае Караліна Комар-Стахоўская. Ідэя праекта ўзнікла два гады таму, калі яго аўтарка, Кацярына Парыжаская, перажывала першы крызіс веры. Не ведаючы, як з гэтым быць, яна звярнулася з малітвай да Бога, і яе думкі перанесліся да моманту навяртання. Крызіс прайшоў, але засталася прага падтрымліваць тых, хто знаходзіцца ў цемры сёння. Сёння змяшчаем другую гісторыю навяртання, якую распавядае Караліна Комар-Стахоўская. Да таго, як навярнуцца, я была нефармалкай «Гэта было ў 2010 годзе. У той час такой з’явы, як рэлігія, у маім жыцці яшчэ не было. Пра веру я не задумвалася ў прынцыпе, дома падобных размоў ніколі не вялося. Рэлігія была нечым вельмі далёкім, з разраду паралельнага свету. Перад сваім навяртаннем я была нефармалкай. Мы называлі сябе панкамі. Я заўсёды «тусіла» з такой жа нефармальнай моладдзю. І, мабыць, была ўжо вельмі блізкай да таго, каб апусціцца ўшчэнт. Але, дзякуй Богу, не паддалася на першых этапах эталонам, якія існавалі тады ў тым асяроддзі, тыпу алкаголю, палення, распусты, нейкага зусім багемнага ладу жыцця. Не паспела ў тое ўпасці. Мы слухалі досыць дэманічную музыку, любілі акультныя сімвалы, лічылі сябе пасланнікамі зла і вельмі ганарыліся гэтым. Усё гэта для нас было вельмі прыгожа і ўзнёсла… Калі мне было трынаццаць, я паехала ў Турцыю на алімпіяду і там прабыла тры тыдні. Мае аднагодкі з усяго свету здзіўлялі мяне сваім стаўленнем да некаторых рэчаў. Для іх былі вельмі важныя пытанні прыналежнасці да краіны, нацыі і рэлігіі. У дзяцей трынаццаці гадоў першым пытаннем было: «А якая твая рэлігія?» І гэта для мяне было так дзіўна, бо самой мне не было чаго сказаць. Я, канешне, называла сябе хрысціянкай, але пры гэтым адчувала, што калі яны спытаюць, што гэта за рэлігія, я не здолею ім адказаць. І я бачыла, што прадстаўнікі іншых народаў сапраўды практыкуюць свае рэлігіі, пэўныя элементы сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. Для мяне гэты быў пераломны момант. Ужо тады, напрыканцы алімпіяды, я пачала «кідацца» на ўсіх са словамі: «Я хрысціянка», потым «Не, я беларуска. У нас і мова свая ёсць, і краіна». Бо сапраўды адчувала, што мы быццам прыгнечаныя. І калі я прыехала ў Беларусь, пачала шукаць у сабе нейкую веру — спрабавала маліцца ўвечары, практыкаваць яшчэ нейкія дзіўныя рэчы без прывязкі да пэўнай рэлігіі, проста таму, што мне раптам захацелася ў штосьці верыць. Адначасова з гэтым я перайшла на беларускую мову. Касцёл — як закрыты Оксфардскі клуб? Потым я паступіла ў Ліцэй БДУ. І ўся гэта нявызначанасць, няпэўнасць мяне вельмі напружвала. Аднойчы я ішла побач з касцёлам, дагэтуль не ведаючы, што ён там ёсць, не заўважаючы проста. Там якраз была святая Імша, і спеў, што трансляваўся на вуліцу. Спявалі вельмі прыгожа, спявалі па-беларуску. Гэта прыпала на той час, калі я толькі-толькі перайшла на беларускую мову і перажывала такі своеасаблівы перыяд «фанацтва ад мовы». Я падумала: «Зайду», хоць і страшна было, бо католікі ў мяне заўсёды асацыяваліся з нейкай таямнічай сектай, закрытым Оксфардскім клубам, у які можна трапіць толькі па паходжанні… Усё ж такі наважылася зайсці. Стаяла на Імшы. І памятаю, што мяне неверагодна ўразіў касцёл. Абраз Марыі над алтаром… Проста каласальна ўсхваляваў вобраз Марыі, якая падалася мне жывой. Я звыклася з праваслаўнымі іконамі — мне заўсёды было цяжка асацыяваць сябе з гэтымі людзьмі. Я ведала, што гэтыя людзі святыя, але яны былі непадобнымі да жывых. А тут стаіць сапраўдная прыгожая Марыя, у якой святасць ліецца з твару. Другой рэччу, якая мяне ўразіла, было тое, што на Імшы прысутнічала вельмі шмат моладзі. Я была проста ў шоку, бо звыклася з думкай, што рэлігія звычайна цікавіць толькі бабулек. А тут дзяўчаты ў джынсах! Аказваецца, моладзі гэта можа быць цікава! І потым святар пачаў прамаўляць гамілію. Гамілія здалася нейкай каласальнай, я ўжо не памятаю пра што, але яна тады мяне проста перавярнула. Я дабыла да канца Імшы. Калі выйшла, ужо ведала, што прыму каталіцтва. І пасля аднаго таго разу пачала штонядзелю хадзіць у касцёл. І неяк так сталася, што вера ва ўсё тое, што прапаведуе Касцёл, ува мне нібыта адкрылася. Я нічога не даказвала сабе, не шукала Бога. Усё адбылося настолькі глыбока і шчыра — не перадаць словамі. І вось так за адзін дзень змянілася маё жыццё. З вялікай перадгісторыяй адбылося маё навяртанне. Потым ўсё было не проста. Быў і такі момант, калі мяне дома не падтрымалі. Цяжка, калі ты толькі навярнуўся, табе хочацца крычаць пра гэта на кожным куце, а людзям гэта не вельмі падабаецца. І памятаю, што праз пару месяцаў я сядзела ў касцёле і думала, што калі ў мяне не з’явяцца сябры, якія змогуць мяне зразумець, я, напэўна, проста сыйду, бо вельмі цяжка быць адной. Да мяне падбегла Вераніка Шэнда і пацягнула за рукі ў дольны касцёл, дзе была моладзевая сустрэча. Мне там вельмі спадабалася, і я там засталася. Так я знайшла кола сяброў, якія проста змаглі мяне падтрымаць. І цяпер вельмі шчаслівая з Езусам Калі зараз свядома глядзець, я не хачу недаацэньваць ролі Бога ў гэтых падзеях, але і не хачу занадта гэта містыфікаваць, тыпу «Ён мяне паклікаў», «Ён мяне за руку прывёў, не дапусціў, каб я сышла» і г.д. Бо не ведаю, як было насамрэч. Але цяпер, азіраючыся назад, бачу,наколькі ўсё было вельмі своечасова, і паслядоўна, і мудра. Я рада, што ўсё склалася менавіта такім чынам, і цяпер вельмі шчаслівая з Езусам». Малюнак Андруся Такінданга Ад рэдакцыі: калі вы хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй, пішыце на пошту рэдакцыі: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript (тэма ліста: мая гісторыя навяртання) |