У Навагрудку прайшлі ўрачыстасці 15-годдзя з дня беатыфікацыі сясцёр назарэтанак |
Беларусь |
06.03.2015 15:24 |
5 сакавіка ў Навагрудку адбыліся ўрачыстасці з нагоды 15-годдзя з дня беатыфікацыі 11 сясцёр-мучаніц, якіх забілі фашысты падчас Другой сусветнай вайны недалёка ад горада. У навагрудскай Белай Фары таксама спачывае дванаццатая сястра, якой атрымалася захаваць жыццё ў часы ваеннага ліхалецця. На сёння с. Малгажата Банась, якая не пайшла з 11 сёстрамі, бо мела свае абавязкі і павінна была сачыць за домам, з’яўляецца Слугой Божай. Як адзначыў у гаміліі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, менавіта дзякуючы ёй мы сёння маем рэліквіі благаслаўлёных сясцёр. Сястра Малгажата разам з групаю людзей адшукала магілу законніц у лесе, дзе іх закапалі пасля забойства. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка, які асаблівым чынам звязаны з Навагрудкам, з сёстрамі-мучаніцамі і сучаснымі сёстрамі назарэтанкамі, бо калісьці быў душпастырам у гэтым горадзе. Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел святары, сёстры назарэтанкі з усёй Беларусі, якія прыехалі, каб ушанаваць памяць пра сваіх апякунак. Былі таксама пілігрымы з Маладзечна і Смаргоні, які ў гэты дзень прыехалі, каб дакрануцца да рэліквій благаслаўлёных. «Здабыццё неба для іх — найважнeйшая мэта жыцця» У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка адзначыў: «Прайшло амаль 72 гады з моманту мучаніцкай смерці бл. с. Стэлы і яе дзесяці паплечніц, а памяць аб святасці іх жыцця не мінае - і тут, у месцы іх апошняга служэння ў назарэтанскай супольнасці, і ў месцы пераходу з зямнога жыцця ў вечнасць». Біскуп падкрэсліў, што моц сясцёр-мучаніц для таго, каб зрабіць такі гераічны ўчынак, без сумневу, была вынікам глыбокага духоўнага жыцця і адносін з Богам, якія сёстры ўдасканальвалі перад Езусам у Эўхарыстыі. «Ведучы сакрамэнтальнае жыццё і робячы ўчынкі паводле Канстытуцыі супольнасці Святой Сям’і з Назарэта, сёстры зрабілі добры ўклад для свайго жыцця ў вечнасці. Для нас яны з’яўляюцца прыкладам у тым, якія прыярытэты трэба паставіць у жыцці, каб дасягнуць Божага Валадарства», — дадаў біскуп. «15-я гадавіна беатыфікацыі с. Стэлы і яе паплечніц прыпадае на Год кансэкраванагa жыцця», — нагадаў іерарх і дадаў, што для сясцёр назарэтанак кансэкраванае жыццё было блізкае і дарагое: «Блізкае, бо кожная з іх у свой час зрабіла ахвяру Богу сваім жыццём. Сёстры даверылі Богу сваю будучыню, даверылі сваю волю, свае багацці і сваю свабоду. Дарагое, таму што ў гэтым яны бачылі сэнс жыцця: служыць усёй сваёй асобай Богу і чалавеку. Сярод жыццёвых прыярытэтаў яны выбралі менавіта такі спосаб жыцця, каб падкрэсліць, што здабыццё неба для іх — найважнeйшая мэта». «Нашыя сэрцы не астылі...» «Нашыя сэрцы не астылі, нягледзячы на тое што мінула з дня беатыфікацыі ўжо 15 год», — сказала сястра, дадаўшы, што «з нашых сэрцаў выплывае малітва і ўдзячнасць». Сястра настаяцельніца падзякавала ўсім за удзел у супольнай малітве, асабліва біскупу Антонію Дзям’янку за тое, што заўсёды пілігрымуе да рэліквій сясцёр назарэтанак, і запэўніла ўсіх, што назарэтанкі кожны дзень моляцца за сучасныя сем’і, каб мучаніцы выпрошвалі патрэбныя ласкі. Сёстры назарэтанкі аддалі сваё жыццё за сем’і, за бацькаў сем’яў. Калі была пагроза, што загіне шмат мужчын, якія маюць сем’і, законніцы дабравольна склалі ахвяру: «Калі патрэбна ахвяра, то хай лепш будзем гэта мы...» Ахвяру, якую с. Стэла агучыла ад імя ўсіх, была прынята. І яна была мілая Богу: ніводзін з арыштаваных мужчын не быў ужо расстраляны. Застаўся жывы і кс. Аляксандр Зянкевіч, які быў у спісах гестапа. Гэты святар праз усё жыццё насіў у сэрцы глыбокую ўдзячнасць сёстрам і вялікі боль. Вернікі на заканчэнне Імшы мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі сясцёр. Некаторыя таксама наведалі месца іх смерці ў лесе непадалёк ад Навагрудка. Менавіта той лес стаўся нямым сведкам іх апошніх хвілін. Сёння там стаіць просты крыж і зіхацяць знічы — як выказ веры беларускага народа, што сёстры-мучаніцы могуць выпрасіць патрэбныя ласкі для сучасных сем’яў. Кс. Юрый Марціновіч |
Фотарэпартаж |