Велікапосныя рэкалекцыі скаўцкіх шэфаў прайшлі ў Лынтупах |
Беларусь |
09.03.2015 14:14 |
7-8 сакавіка адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для шэфаў скаўцкага руху. На гэты раз месцам сустрэчы сталі Лынтупы Віцебскай дыяцэзіі. Туды прыехала больш за 20 дзяўчат, каб разам плённа ўзрастаць ў веры і дзяліцца вопытам перажывання адносін з Хрыстом і служэння. Рэкалекцыі праводзіў кс. Павел Кнурэк — пробашч парафіі Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах. Дзяўчаты не толькі пачулі словы пра асаблівую Божую любоў і міласэрнасць, але і, дзякуючы канферэнцыям, змаглі зазірнуць у глыбіні свайго сэрца і знайсці рэчы, над якімі трэба працаваць.
Асаблівым пунктам рэкалекцый стаў майстр-клас па жывапісе, які правяла шэф агульнабеларускага вогнішча і мастачка Іна Пяткевіч. Дзяўчаты праявілі свой творчы патэнцыял і адкрылі ў сабе новыя таленты. Затым шэфы, што прыехалі з Гродна, Віцебска, Мінска, Пастаў, Гомеля, мелі магчымасць паўдзельнічаць у святой Імшы, пасля якой адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітва аздараўлення. Аднім з апошніх пунктаў праграмы суботняга вечара была сустрэча з цікавым чалавекам — сястрой служабнічкай Антоніяй, якая падзялілася вопытам свайго манаскага жыцця. У ёй скаўткі адкрылі сапраўдны вобраз шчаслівай, поўнай радасці і Божага супакою жанчыны. Анастасія Харкевіч |
Фотарэпартаж |