Сёння спаўняецца два гады з таго вясновага дня 13 сакавіка, калі
арцыбіскуп Буэнас-Айрэса кардынал Хорхе Марые Берголіо быў абраны Папам. Прыйшоў вясною, каб сугучна вясноваму адраджэнню са зменамі, дынамікай адкрытасці і актыўнага дыялогу распачаць новыя старонкі гісторыі Каталіцкага Касцёла.
І распачаў, прывітаўшы народ, які сабраўся каля базылікі св. Пятра, словамі: «Добры вечар!». Проста, адкрыта і шчыра... папрасіўшы гэты ж народ аб благаслаўленні.
Услед за святым Францішкам, імя якога абраў для свайго Пантыфікату, прыйшоў, каб з асаблівай увагай нагадваць свету аб праблемах, пра якія не проста трэба гаварыць, але якія трэба вырашаць «учынкам любові», «учынкам, які поўніцца надзеяй і міласэрнасцю Хрыста».
Ватыканісты, якія адмыслова займаюцца даследваннямі дзейнасці Каталіцкага Касцёла, а таксама Пантыфікаў, адзначаюць, што Папа Францішак за такі кароткі час вельмі істотна змяніў аблічча папства. Гэтыя змены ў сваю чаргу абуджаюць энтузіязм людзей, якія знаходзяцца далёка ад Касцёла альбо ўвогуле ставяцца да яго варожа. Адначасова Папа Францішак схіляе да разваг над зменамі, што некаторыя лічаць ужо рэвалюцыйнымі і абуджаюць неспакой сярод некаторых католікаў.
Два гады Пантыфікату — што мы маем за гэты час?
Дакументы: энцыкліку «Lumen fidei», якая была напісана разам з Папам на пенсіі Бэнэдыктам XVI, а таксама Апостальскую адгартацыю — «Evangelii gaudium» — пра абвяшчэнне Евангелля ў сучасным свеце, якая лічыцца праграмным дакументам Пантыфікату.
Падарожжы: сем выяздаў за мяжу, падчас якіх Папа наведаў дзевяць краін: Бразілію, Святую Зямлю, Паўднёвую Карэю, Албанію, Францыю (Страсбург), Турцыю, Шры Ланку і Філіпіны. Гледзячы на гэтыя два гады і вынікі, можна б было сказаць, што гэта звычайны пантыфікат, аднак так часта яго называюць рэвалюцыйным...
Між тым на пытанні журналістаў аб тым, ці з'яўляецца Папа Францішак з'яўляецца рэвалюцыйным, Святы Айцец адказвае, што рэвалюцыянерам сябе не адчувае, але робіць тое, аб чым папрасілі яго кардыналы перад выбарамі Папы — вяртацца да каранёў Каталіцкага Касцёла і Евангелля.
Даследчыца-ватыканістка Валянціна Алязракі адзначае, што хоць Папа Францішак не з'яўляецца рэвалюцыянерам, але стыль яго пантыфікату можна вызначыць як рэвалюцыйны, асабліва калі казаць пра змены ментальнасці ў Касцёле.
Гэтыя змены праяўляюцца ў штодзённым жыцці і быце Папы Францішка, якія сведчаць пра тое, што рэвалюцыю можна чыніць у самых простых і звычайных рэчах, і менавіта такая рэвалюцыя будзе ахопліваць многіх, змяняючы іхняе жыццё, змяняючы погляды. Папа Францішак паказвае, што дастаткова прыкладу аднаго смелага чалавека, каб пачаць змяняць гэты свет.
Як адзначае яшчэ адзін даследчык Ёхн Тхавіс, Папа Францішак хоча стварыць вобраз Касцёла, да якога былі б прыхільныя не толькі вернікі. І ён ідзе на дыялог, становячыся адкрытым на ўсіх, абыходзячыся без традыцыйных фільтраў, такіх, напрыклад, як Прэс-офіс.
Папа Францішак — найперш «душпастыр», а не выбітны тэолаг ці філосаф, палітык, як яго папярэднікі. Менавіта таму, як адзначае ватыканіст Ёхн Тхавіс, Папскія дакументы і гаміліі такія простыя і зразумелыя.
Папа Францішак з вялікай любоўю ставіцца да людзей далёкіх ад Касцёла, але з такой жа вялікай любоўю і адначасова строгасцю і суровасцю звяртаецца да людзей вельмі блізкіх да Касцёла, асабліва да святароў і біскупаў, падыходзячы да іх з «бацькоўскім бізуном і розгаю». Гэта тычыцца і не толькі духавенства, але і свецкіх католікаў, ад якіх Папа Францішак патрабуе радыкальнай веры, «гарачай, а не пракалоднай».
Два гады Пантыфікату: у якім кірунку Папа вядзе Касцёл?
Ватыканісты не бяруцца адказаць на гэтае пытанне. «Ён заўсёды кажа, што прыбыў у Рым з чамаданчыкам і планаваў вярнуцца пасля канклава ў Аргенціну, што не мае аніводнага ўласнага праекта і дазваляе Святому Духу ім кіраваць», — зазначыла даследчыца-журналістка Валянціна Алязракі.
Матэрыял падрыхтаваны паводле артыкула «Куды Папа Францішак вядзе Касцёл?», «Niedziela» №10, 2015, (AYU)
|