Хрысціянскі спявак Аляксандр Патліс паўдзельнічаў у прабежцы з рухам #followminsk |
Беларусь |
27.03.2015 10:34 |
Увечары 26 сакавіка з аматарамі здаровага ладу жыцця, якіх аб’ядноўвае рух #followminsk, у прабежцы ўдзельнічаў вядомы хрысціянскі спявак і музыка Аляксандр Патліс, які быў запрошаны арганізатарамі ў якасці госця. У гэты раз удзельнікі руху сабраліся ля цэнтральнага ўваходу ў Парк Горкага. Пасля нядоўгай размовы з госцем, які распавёў пра сваё захапленне не толькі музыкай, але і прабежкамі, і тым, як другое эфектыўна ўплывае на першае, бегуны распачалі размінку.
Перад размінкаю і стартам кожны з удзельнікаў атрымаў ад арганізатараў стужку з надпісам — #followminsk — распазнавальны знак руху. У гэты раз, а прабежка руху была другой, удзельнікі беглі ўздоўж ракі Свіслач, абмінаючы адны з самых распаўсюджаных месцаў адпачынку мінчукоў, а некаторыя з мінакоў нават далучаліся да прабежкі. Першая такая прабежка праходзіла ў раёне Камсамольскага возера разам з унучкай вядомай актрысы Стэфаніі Станюта і таксама не менш вядомай — гімнасткай Мілетай Станюта. Пасля прабежкі для ўдзельнікаў быў арганізаваны адпачынак з гарбатай і ўручэннем першым і лепшым невялікіх пачастункаў. Напрыканцы ж Аляксандр Патліс, якому акампанаваў лідар маладога хрысціянскага гурта «Laudans» — Андрэй Лугін, праспяваў песню «Любоў у далонях». Спеў, які ў 2004 годзе стаў лепшым у нацыянальным хіт-парадзе краіны, падпявала большасць прысутных.
Даведка: Да гэтага руху можа далучыцца кожны ахвотны, а за яго навінамі і раскладам наступных прабежак можна сачыць на старонцы ў фэйсбуку. Аксана Ючкавіч
|
Фотарэпартаж |