Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў пра ўмовы візіту Папы Францішка ў Беларусь |
Беларусь |
31.03.2015 15:02 |
Перад велікоднымі святамі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Беларусі. 31 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі арцыбіскуп падвёў вынікі з падзей, якія апошнім часам адбыліся ў Касцёле ў Беларусі, распавёў пра планы і адказаў на пытанні журналістаў. «Важна сказаць, што візіт кардынала П'етро Параліна меў не толькі дыпламатычны характар, але і душпастырскі, пра што сведчылі яго сустрэчы і супольная малітва як з духавенствам, так і з вернікамі»,— дадаў іерарх, асаблівую ўвагу ўдзяліўшы сустрэчы Дзяржсакратара з моладдзю Беларусі падчас міждыяцэзіяльнага начнога чування. «Візіт такога госця — гэта гонар як для Касцёла ў Беларусі, так і для ўсёй краіны», — лічыць арцыбіскуп. На пытанне журналістаў наконт прыезду Папы Францішка ў Беларусь, пра што шмат узгадвалася ў СМІ падчас прыезду кардынала П’етро Параліна, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у чарговы раз прыгадаў, што адна з умоў заключаецца ў згодзе канфесіі, якая колькасна пераважае ў краіне, у выпадку Беларусі — згода Праваслаўнай Царквы, пэўная з ёй дамоўленасць. У сувязі з гэтым пытаннем Мітрапаліт прыгадаў пра сустрэчу Дзяржаўнага Сакрататара з кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, якая адбылася ў межах афіцыйнага візіту кардынала 13 сакавіка 2015 года. (AYU) |