11 красавіка — чацвёртая гадавіна трагедыі ў мінскім метро |
Беларусь |
11.04.2015 07:00 |
11 красавіка Беларусь перажывае чацвёртую гадавіну тэракту ў мінскім метро. У гэты дзень за памерлых і пацярпелых у гэтай народнай трагедыі памоляцца ў каталіцкіх парафіях Мінска.
11 красавіка Беларусь перажывае чацвёртую гадавіну тэракту ў мінскім метро. У гэты дзень за памерлых і пацярпелых у гэтай народнай трагедыі памоляцца ў каталіцкіх парафіях Мінска. У гісторыі Беларусі хапае трагедый, як і ў гісторыі кожнага іншага народа свету, як і ў гісторыі жыцця кожнага чалавека, які мае свой лёс, свае бэлькі крыжа, якія нясе на сваю Галготу. У кожнага народа свой крыж, але і сваё ўваскрасенне. У кожнага народа свае ахвяры і пакутнікі, але і свае святыя. Выпадак, які здарыўся ў мінскім метро, на перакрыжаванні ліній, у самы шматлюдны час, калі большасць з натоўпу ў думках былі ўжо дома: гатавалі вячэру, адпачывалі, гулялі з дзецьмі, рабілі з імі ўрокі, размаўлялі са сваімі блізкімі пра перажыты дзень, ругаліся на лесвічных пляцоўках з суседзямі, сустракаліся з сябрамі ў кавярнях ці ў вясновых парках, ці ціха стаялі ля акна, пазіраючы на вечаровае неба, скалыхнуў штодзённасць, звычайнасць. Кожны тады спытаў сябе ўжо крыху пазней, калі стала вядома збольшага, што ж здарылася ў самым цэнтры Мінска: «А дзе я быў у гэты час? У колькіх метрах, у колькіх хвілінах ад гэтай трагедыі?» Ці часта мы задаем сабе пытанне: «Наколькі я быў блізкі да смерці?», «Наколькі блізка да смерці я зараз?» У тыя дні гэтыя пытанні задавалі многія. Гэтае пытанне пульсавала ў арганізме народа, які страціў частку сябе. Часамі ўзнікае пытанне яшчэ адно: а чаму гэта пытанне «Наколькі я блізкі да смерці?» не пульсуе тады, калі забіваюцца штодзённа дзеці ва ўлонні беларускіх жанчын, калі забіваюцца мары і прагненні тых дзяцей, якія растуць у сем'ях, дзе няма любові? Калі забіваюцца і псуюцца людскія лёсы ў беларускіх гарадах і вёсках, якія пагразаюць у алкагалізме, маральным балоце. Чаму мы не пытаемся: «Наколькі наш народ блізкі да смерці?», калі бачым многія язвы, якімі пакрыта яго цела? Чаму пытаемся толькі тады, калі ўжо становіцца позна? Чаму мы не пытаемся саміх сябе: «А дзе карані праблемы?», адразу шукаючы вінаватых на паверхні? «Тэрарыстаў лягчэй вербаваць у такім сацыяльным кантэксце, у якім парушаюцца правы і вельмі доўга пануе несправядлівасць», — адзначаў Ян Павел ІІ [514, Кампендый сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла]. Такія з'явы ў грамадстве — гэта не нешта выпадковае, а хутчэй саспелае, як плён таго, што адбываецца ў грамадстве. «Гэта трагедыя не толькі асобных людзей, але ўсяго грамадства. І сведчыць яна пра тое, што грамадства хворае маральна», — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі падчас Імшы ў гадавіну трагедыі. Нагадаем, выбух у мінскім метрапалітэне на станцыі метро «Кастрычніцкая» адбыўся 11 красавіка 2011 г. у 17.55. Загінулі 15 чалавек, каля 400 пацярпелі. Абвінавачаныя ў выкананні тэракту былі асуджаны да смяротнага пакарання. Аксана Ючкавіч |