Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Курапатах распачынаецца талака па прыбіранні мемарыялу памяці
Беларусь
14.04.2015 08:21

Ва ўрочышчы Курапаты аднаўляецца штотыднёвая талака па прыбіранні мемарыялу памяці. У планах валанцёраў стварэнне новай крыжовай алеі і мемарыялізацыі «дарогі смерці», па якой у лясны масіў прывозілі людзей, прыгавораных да расстрэлу.

Сёлетняя талака распачнецца 18 красавіка ў 12.00 і скончыць свае працы да 29 кастрычніка (Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі).

Пра гэта паведамляецца на kurapaty.info.

Арганізатары заклікаюць далучыцца да талакі ўсіх неабыякавых да лёсу помніка, лёсу сваёй краіны.

Даведка: Курапаты — лясны масіў на паўночным ускрайку Мінска, дзе былі выяўлены масавыя пахаванні людзей, расстраляных НКУС у 1937—1941 гадах. Колькасць ахвяр на сённяшні дзень дакладна невядомая і, паводле розных ацэнак, можа складаць: да 7 тысяч чалавек (паводле Генеральнага пракурора Беларусі А. Бажэлкі), не менш за 30 тысяч чалавек (паводле Генеральнага пракурора БССР Г. Тарнаўскага), да 100 тысяч чалавек (паводле даведніка «Беларусь»), ад 102 да 250 тысяч чалавек (паводле артыкула Зянона Пазняка ў газеце «Літаратура і мастацтва»), 250 тысяч чалавек (паводле прафесара Вроцлаўскага ўніверсітэта Здзіслава Вінніцкага) і больш (паводле брытанскага гісторыка Нормана Дэвіса).

На Дзяды ў 1989 годзе ў Курапатах быў усталяваны сяміметровы «Крыж Пакуты». Курапаты зрабіліся сімвалам барацьбы за незалежнасць Беларусі супраць камуністычнай ідэалогіі.

У 1993 годзе ўрочышча Курапаты было занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў.

Асабліва ў першыя лістападаўскія дні ўрочышча Курапаты масава наведваюць беларусы. 2 лістапада, калі ў Каталіцкім Касцёле моляцца за душы ўсіх памерлых вернікаў, гэтае месца беларускай трагедыі наведвае Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.