Адышоў да жыцця вечнага духоўны лідар і айцец беларусаў у эміграцыі — а. Аляксандр Надсан |
Беларусь |
16.04.2015 11:58 |
15 красавіка адышоў да вечнага Валадарства шчыры беларус, грэка-каталіцкі святар і духоўны айцец многіх адданых справе Беларушчыны навукоўцаў і людзей культуры — а. Аляксандр Надсан. Айца Аляксандра не стала ў 22.20. Апошнія хвіліны ён праводзіў у шпіталі Барнэта (Лондан), куды быў накіраваны 13 красавіка ў сувязі з развіццём хваробы нырак. Пра гэта паведаміў на старонцы ў фэйсбуку а. Сяргей Стасевіч, які на сённяшні дзень служыць у Лондане. Даведка: Аляксандр Надсан нарадзіўся ў Гарадзеі (Нясвіжскі раён). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. З канца чэрвеня 1944 г. — у эміграцыі. З восені 1944 г. — у польскай арміі Андэрса (у складзе Брытанскіх узброеных сілаў). Прымаў удзел у баявых дзеяннях на поўначы Італіі, быў паранены. З 1946 г. — у Вялікабрытаніі. Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта. З восені 1953 г. вучыўся ў Рыме ў Грэчаскай калегіі (духоўная семінарыя для католікаў усходняга абраду). 23 лістапада 1958 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. У ліпені 1959 г. вярнуўся ў Лондан. З 1961 г. — кіраўнік беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лондане. З 1971 г. — кіраўнік Беларускай бібліятэкі-музея імя Ф. Скарыны, з 1981 г. — кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. З канца 1980-х гг. — Апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы. Кіраўнік Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі, аўтар некальніх кніг па гісторыі Беларусі. Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. (AYU) |