Адбыліся дыяканскія і прэзбітэрскія пасвячэнні двух беларусаў у Польшчы |
Беларусь |
17.04.2015 12:23 |
11 красавіка, у вігілію Нядзелі Божай Міласэрнасці, цыстэрс брат Уладзімір Лапацкі OCist атрымаў дыяканскае пасвячэнне. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у гэты ж дзень дыякан Рамуальд Сяргей Касматовіч, францішканін. Абодва паходзяць з Беларусі. Урачыстасць адбылася ў базыліцы францішканаў у Катавіцах-Панеўніках, удзяліў пасвячэнне біскуп Віктар Скворц, Мітрапаліт Катавіцкі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел шматлікія святары дыяцэзіі і законныя асобы. Усяго дыяканамі стала восем чалавек, а прэзбітэрамі — сем. Пасля прадстаўлення кандыдатаў на пасвячэнне, якое зрабіў рэктар семінарыі, распачалася гамілія арцыбіскупа. Кажучы пра пакліканне, Мітрапаліт Катавіцкі адзначыў: «Пачынаючы ад хросту вы, дарагія браты, параўноўваліся з Евангеллем аб Езусе Хрысце, укрыжаваным і ўваскрослым. Касцёл праз вашых бацькоў, душпастыраў, катэхетаў, сустрэтых на дарозе жыцця сведкаў Евангелля, падводзіў вас да сустрэчы з Езусам Хрыстом. Малымі каменьчыкамі на вашай дарозе былі святыя сакрамэнты, з якіх зараз прымаеце чарговы — і назаўсёды». Пасля гаміліі браты выказалі сваю гатоўнасць да спаўнення паслугі згодна з воляй Хрыста і Касцёла. Потым уся супольнасць, прысутная на літургіі, праз спеў літаніі прасіла Бога аб дары ласкі для тых, хто прымае пасвячэнні. Кульмінацыйным момантам было ўскладанне рук і малітва кансэкрацыі, у якой самымі галоўнымі былі словы: «Просім Цябе, Пане, пашлі на іх Святога Духа, каб узмацніў іх дарам Тваёй ласкі для належнага спаўнення сваёй паслугі». Цыстэрс дыякан Уладзімір Лапацкі паходзіць з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата, біскупа і мучаніка, у Мёрах (Віцебская дыяцэзія). З’яўляецца профэсам вячыстым цыстэрскай супольнасці ў Енджэёве. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел кс. Крыштаф Мянкіна, пробашч з роднай парафіі дыякана, кс. Валерый Марціноўскі, студэнт Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне. Цыстэрскую супольнасць прэзентавалі: айцец настаяцель Эдвард Страдомскі, а. Марэк Жыхоўскі, а. Ян Струмілоўскі, а. Якуб Завадскі, браты Гжэгож і Бруно, якія вучацца ў Панеўніках, а таксама брат Базыль, навіцыянт. Бр. Бруно Патэрэвіч OCist
|
Фотарэпартаж |