Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У свята Божай Міласэрнасці біскуп Юрый Касабуцкі маліўся на месцы будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці
Беларусь
17.04.2015 23:40

У свята Божай Міласэрнасці, 12 красавіка, у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску адбылося першае набажэнства да Божай Міласэрнасці, што стала пачаткам новай парафіяльнай традыцыі. З гэтага дня Беларусь штогод праз урачыстую малітву будзе аддавацца ў апеку Божай Міласэрнасці. 

З нагоды пачатку новай традыцыі парафію наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў святую Імшу і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел таксама святары розных парафій Мінска.

У парафіі Маці Божай Ружанцовай біскуп Юрый Касабуцкі ўжо бываў раней, але ў якасці іерарха – упершыню. Калі парафіяне яшчэ не мелі ўласнай капліцы і маліліся ў будынку мясцовага ЖЭСа, ксёндз Юрый Касабуцкі прыязджаў, каб правесці рэкалекцыі, звярнуцца да вернікаў з Божым словам.

Звяртаючыся да прымаючых сакрамэнт канфірмацыі, а таксама да ўсіх вернікаў, біскуп адзначыў: “У сакрамэнце канфірмацыі мы асаблівым чынам адкрываем сваё сэрца на дзеянне Духа Святога ў нашым жыцці. Бо кожнага чалавека Бог паклікаў, каб ён быў збаўлены. Мы таксама разважаем сёння пра Міласэрнасць Божую, пра тое, што Бог настолькі любіць чалавека, што не зважае на ягоныя грахі і ўпадкі, не зважае на тое, што людзі вельмі часта абіраюць шлях без Бога”.

“У сучасным свеце Езус Хрыстус жадае бачыць нас добрым прыкладам веры: быць добрымі сведкамі Хрыста і захавальнікамі веры, якую мы атрымалі ад нашых продкаў. Калі мы будзем трымацца Божых запаведзяў, то заўсёды будзем у бяспецы: Бог, які нас вельмі любіць, заўсёды прыйдзе на дапамогу тым, хто да Яго звяртаецца”, –  дадаў іерарх. Затым біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 25 парафіянам, многія з якіх прымалі яго са слязьмі на вачах.

Прамаўляючы словы падзякі, пробашч парафіі ксёндз Генадзь Кухарэвіч распавёў: “Адна нашая сям’я запрасіла на святую Імшу ў свята Уваскрасення Пана сваякоў-праваслаўных, якія якраз сёння святкуюць Вялікдзень. Па завяршэнні Імшы яны спыталі ў гасцей: ці спадабалася вам? А гэтыя сапраўды пабожныя людзі адказалі: мы не ішлі, каб нам спадабалася, мы ішлі, каб перажыць… Спадзяюся, што ўсе мы разам сапраўды перажылі сённяшняе свята. Асабліва прымаючыя сакрамэнт канфірмацыі, на вачах якіх я бачыў слёзы”.

Пробашч падзякаваў біскупу Юрыю Касабуцкаму за паслугу, за прысутнасць, за благаслаўленне Езуса Міласэрнага – па словах святара, “самае каштоўнае, што кожны з прысутных атрымае” з рук іерарха, – і пажадаў, каб Езус Міласэрны благаслаўляў у пастырскім служэнні дапаможнага біскупа.

Урачыстая святая Імша завяршылася чытаннем Акту прысвячэння Бацькаўшчыны Божай Міласэрнасці, у якім ёсць такія словы: “Сёння ўрачыста прысвячаем Тваёй Міласэрнасці ўсю нашую Бацькаўшчыну, нашыя сем’і і нас саміх. Акунаем у Тваю Міласэрнасць усе грахі і ўсіх грэшнікаў нашай Бацькаўчыны, асабліва тых, хто далёка ад Цябе; грахі нашых сем’яў – бацькоў, маці, пажылых, адзінокіх людзей, моладзі і дзяцей; грахі п’янства, сужэнскай нявернасці, забойства ненароджаных дзяцей, распусты і ўсялякія людскія бядоты. Мы моцна спадзяёмся, што Ты прабачыш нам усё гэта і ўмацуеш нашую слабую волю, каб у будучыні мы былі моцнымі”.

Затым біскуп, святары і парафіяне памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і абразом Езуса Міласэрнага.

Свята Божай Міласэрнасці ў парафіі Маці Божай Ружанцовай асабліва значнае з некалькіх прычын:

У парафіі пачалося будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці, якое ініцыяваў святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Новы касцёл мае стаць першым і адзіным Нацыянальным санктуарыем Божай Міласэрнасці ў Беларусі, як гэта ёсць у Польшчы і Літве.

З 2010 года ў парафіяльнай капліцы знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці –  копія абраза, які захоўваецца ў Вільні і які быў намаляваны са словаў святой сястры Фаўстыны Кавальскай. Копія таго абраза была перададзена ў парафію Маці Божай Ружанцовай, калі новазбудаваную капліцу асвяціў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Перэгрынацыя гэтага абраза Езуса Міласэрнага прайшла па ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі двойчы.

З 2009 года ў парафіі Маці Божай Ружанцовай асаблівым чынам ушаноўваецца Божая Міласэрнасць: кожн дзень у 15.00 – гадзіну смерці Хрыста –  на алтар выстаўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. Кожны, хто наведвае парафіяльную капліцу ў гэты час, мае магчымасць пабыць у цішыні і памаліцца Богу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, в таксама ўшанаваць Божую Міласэрнасць перад Ягоным абразом.

Галіна Абакунчык

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.