У Ракаве маліліся аб хутчэйшай беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча |
Беларусь |
20.04.2015 10:59 |
Пробашч парафіі Святых Сымона і Алены ў Мінску кс. Уладзіслаў Завальнюк узяў удзел у Імшы ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай (св. Дамініка) у Ракаве і заклікаў вернікаў ракаўскай парафіі маліцца за станоўчае вырашэнне справы беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. Імя слыннага фундатара Чырвонага касцёла ўвайшло ў гісторыю Беларусі, Расіі і Польшчы. Увогуле, цяжка знайсці ў летапісе чалавецтва асобу, якая б спрыяла будоўлі храмаў самых розных веравызнанняў: праваслаўных цэркваў і каталіцкіх касцёлаў, сінагогаў і мячэцяў. Ён меркаваў: «Няхай веруючыя людзі розных канфесій, кожны ў сваёй святыні на зямлі, славіць аднаго Бога на небе». Акрамя таго, Эдвард Ваніловіч падтрымліваў першае беларускае легальнае выдавецкае таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца», часопісы «Лучынка» і «Саха», а таксама выдавецтва «Саха». Прэм’ер Сталыпін нават прапаноўваў нашаму суайчынніку пасаду міністра сельскай гаспадаркі ў Расійскай імперыі. Эдвард Вайніловіч — узор сапраўднага патрыёта, выбітнага грамадскага і культурнага дзеяча, які нашмат апярэдзіў свой час. Разам з кс. Анджэем з Польшчы, які займаўся падрыхтоўкай дакументаў для беатыфікацыі — складанага працэсу, які ўпершыню мае адбыцца на беларускай зямлі, — кс. Уладзіслаў Завальнюк прапанаваў вернікам парафіі ў Ракаве ўзяць Эдварда Вайніловіча за прыклад пабожнага жыцця ў сям’і і грамадстве. Тэкст і фота Таццяны Сівец
|