Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
29 гадоў — для кагосьці ўзрост сталасці, а для Беларусі — Чарнобыля...
Беларусь
26.04.2015 01:35

«Людзі заклапочаныя днём і бытам: за што купіць, куды паехаць? У што верыць? Пад якія сцягі зноў стаць? Гэта перажываюць усе і кожны. А пра Чарнобыль хацелі б забыць. Па першым часе спадзяваліся яго адолець, але, зразумеўшы марнасць спроб, замоўклі. Цяжка абараніцца ад таго, чаго мы не ведаем. Чаго чалавецтва не ведае. Чарнобыль перамясціў нас з аднаго часу ў другі». Святлана Алексіевіч

У гэтым годзе 26 красавіка спаўняецца ўжо 29 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Шуміць Прыпяць... Не, яна не шуміць, яна ціха ўздыхае, абдымаючы зямлю. 

29 гадоў. Гэта шмат? У кагосьці ў такім узросце ўжо дзяцей двое, кватэра з рамонтам, на якую сплочваюцца крэдыты і хутка скінецца іх ярмо. Хтосьці абараніў кандыдацкую, а можа, і доктарскую. Хтосьці працуе ў міжнароднай кампаніі, пра якую даўно марыў і мэтанакіравана ішоў па дарозе паспяховай кар'еры.

29 гадоў для Беларусі, якая 26 красавіка пачала жыць новым жыццём. І гэта якраз той выпадак, калі новым не азначае, што лепшым, калі прыгадаць толькі Чарнобыль і забыцца на пачатак перабудовы.

Аднак як яно супала. Чарнобыль і перабудова. Пайшлі людзі разам, спатыкнуўшыся аб памылку сістэмы, зламаныя і скрушаныя, але пачынаць змены. 

Не раз даводзіцца чуць, што тэхнічныя катастрофы і трагедыі ідуць побач з маральнымі катастрофамі. 

Аварыя і некалькі крокаў да нацыянальнага адраджэння. Падпаленыя крылы, скалечаныя лёсы — як ахвяра, складзеная на алтары.

Нібыта толькі дзякуючы ахвяры можна нешта змяніць, альбо ўбачыць нешта больш яскрава, альбо «пачаць ізноў бачыць», абудзіцца.

Чарнобыль, які за 29 гадоў стаў сімвалам. Сімвалам нацыянальнай трагедыі. Сімвалам таго, што адбываецца, калі баяцца гаварыць, калі баяцца гаварыць нават тады, калі трэба крычаць - ратуйце.

Чарнобыль - гэта як прыклад таго, што можа хавацца за маўчаннем, чым маўчанне нават разумных і добрых, але нясмелых можа быць небяспечна. Чарнобыльскае маўчанне... Спачатку з-за страху - бо ў кішэні партбілет. Потым чарнобыльскае маўчанне - з-за болю. І зараз чарнобыльскае маўчанне, каб толькі не з абыякавасці, каб толькі не з раўнадушша...

"Чарнобыльская малітва" Святланы Алексіевіч, малітва за Чарнобыль беларусаў, украінцаў, тых, хто пацярпеў найбольш. Што яшчэ застаецца? Малітва - процівага маўчанню, бо малітва - пачатак дзеяння, дзейнасці, шлях да змагання, пошуку новых спосабаў змагацца і перамагаць.

«Каб чорная быль была пераможана вераю, а чалавецтва каб не было пераможана спакусамі духоўнага Чарнобылю. Амэн»

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.