Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выдавецтва «Pro Christo» прапануе набыць падарунак да Першай святой Камуніі
Беларусь
09.05.2015 23:55

Тое, што кніга — найлепшы падарунак, далёка не банальная ісціна. Пройдзе ўрачыстасць Першай святой Камуніі, раз’едуцца госці, з’ядуцца апошнія цукеркі, і тады, у спакойную вольную хвілінку, вы разгорнеце з вашымі дзецьмі цікавую, ярка аздобленую кнігу Яна Твардоўскага «Першая Камунія з белым бантам» (Мінск, «Pro Christo», 2013) — і ажыве ў сэрцы трапяткое хваляванне, якое было ў дзень першай сустрэчы з Панам Езусам, а душы зноў захочацца памаліцца, бо яна ўзгадае, Хто для яе ў гэтым свеце найважнейшы.

Аўтар кнігі, польскі святар, быў правадніком у веры для многіх пакаленняў дзяцей і дарослых, таму ў сваіх апавяданнях ён умеў вельмі проста і даступна расказаць пра складаныя рэчы, якія ўсе мы ведаем, але часта не можам зразумець і ў дарослым жыцці, і ў старасці. Сакрэт кс. Яна як апавядальніка ў тым, што ён не выкладвае на паперы сухія догмы, а заклікае маленькага чытача паразважаць. Як распазнаць, што Пан Езус прыходзіць да цябе, калі Ён нябачны? Чаму Пан Езус прыходзіць? Як доўга гэты Нябачны Госць прабывае ў тваім сэрцы? З дапамогаю гэтай кнігі дзіця змалку навучыцца бачыць канкрэтныя праявы Божага дзеяння ў сваім жыцці.

Нядаўна выйшла яшчэ адна кніга дзіцячых апавяданняў кс. Яна Твардоўскага — «Ад вуха да вуха. Пра ўсмешку і радасць» («Pro Christo», 2014). Ключавым паняццем гэтае кнігі з’яўляецца радасць. Аўтар нібы спрабуе дайсці да сутнасці, да найглыбейшых крыніцаў, сапраўдных прычынаў гэтага стану чалавечай душы, вучыць знаходзіць сярод мноства падманлівых і часовых радасцяў зямнога свету тую нязгасную радасць, якая здольная перамяняць чалавечую душу. «Ці ўмееш ты шукаць усмешку?», «Чаму мы радуемся?», «Ці ўмееш ты любіць?» — на першы погляд, назвы і тэмы апавяданняў падаюцца вельмі простымі, але нават мы, дарослыя, не заўсёды ўпэўненыя, што можам правільна адказаць на гэтыя пытанні. Ксёндз Ян Твардоўскі вучыць знаходзіць радасць у кожным, нават пахмурным, дні, усміхацца нават непрыяцелю, заўважаць Божыя цуды ў штодзённых з’явах. Аўтар пераконвае: нават калі ты бедны, хворы і адрынуты людзьмі — ты ўсё роўна можаш падабацца Пану Езусу, калі маеш добрае, чыстае сэрца.

Урэшце, падарункам на ўсё жыццё для кожнага дзіцяці стане малітоўнік «Шчаслівыя чыстыя сэрцам» («Pro Christo», 2014). З дапамогаю гэтае кнігі дзіця навучыцца размаўляць з Богам пра сваіх блізкіх, узносіць малітвы за бацькоў, братоў і сясцёр (раздзел «Тых, каго я люблю ўсёй душой, падтрымаю малітвай сваёй»), знаходзіць прыклады святасці сярод сваіх равеснікаў (раздзел «Заступнікі нябеснаю дарогай вядуць нас па зямлі да Пана Бога»). Дзіця зможа вучыцца ўважліва паводзіць сябе на святой Імшы і разумець сэнс асноўных момантаў Эўхарыстыі (раздзел «Прагнуць нашыя шчырыя сэрцы ў Эўхарыстыі з Богам сустрэцца»). У кнігу ўключаны таксама асноўныя малітвы, звязаныя з прыняццем святых сакрамэнтаў, і парады, якія дапамогуць найлепш падрыхтавацца да іх, напрыклад, парадак рахунку сумлення і святой споведзі (раздзел «З бачнага знаку святога льюцца нябачныя міласці Бога»).

…Падараная дзіцяці кніга — гэта надзвычай добрая «інвестыцыя» ў яго духоўнае развіццё. Кніга створыць настрой, змусіць задумацца над сваім жыццём і адносінамі да бліжніх, яна будзе зноў і зноў вяртаць думкі вашага дзіцяці да радаснага свята Першай Камуніі, да зробленых у той дзень пастановаў і самае важнае — да Пана Бога.

Ганна Серэхан

ave-maria.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.