Першы дзень фестывалю харавых калектываў «Папараць-кветка-2015» пройдзе ў архікатэдральным касцёле ў Мінску |
Беларусь |
11.05.2015 14:35 |
14 мая ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску выступяць восем харавых калектываў. Выступленне адбудзецца ў межах Х Міжнароднага форуму студэнцкіх хораў «Папараць-кветка-2015», які арганізуе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Удзел у конкурсе прымаюць харавыя калектывы з Беларусі, Расіі і Літвы. Пра гэта паведамляе БЕЛТА.У першы дзень адбудзецца конкурс «Духоўная музыка». Пад скляпеннямі адной з найпрыгажэйшых святыняў Беларусі гледачы пачуюць хрысціянскія спевы ў выкананні звыш 250 удзельнікаў. Тут прагучаць вядомыя творы кампазітараў-класікаў Паўла Часнакова, Міхаіла Іпалітава-Іванова, Анатоля Кісялёва, Вольфганга Амадэя Моцарта і інш. Другі конкурсны дзень адкрыецца праграмай з твораў свецкай музыкі. У сталічнай канцэртнай зале «Верхні горад» 15 мая прагучаць вядомыя мелодыі сучасных кампазітараў. Тут будуць выкананы песні Ігара Лучанка, Уладзіміра Кандрусевіча, Аляксандра Новікава, Фрэдзі Мэрк'юры і інш. Па традыцыі для ўдзельнікаў будуць арганізаваны адукацыйныя мерапрыемствы, якія ўключаюць майстар-класы па вакальна-харавым мастацтве і творчыя сустрэчы з вядомымі кампазітарамі. Гала-канцэрт адбудзецца ўвечары 16 мая пад адкрытым небам на плошчы Свабоды каля будынка гарадской ратушы. (AYU) |