15 мая ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску адбылася сустрэча паміж прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла і Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, падчас якой быў прэзентаваны праект новага Дэкрэта і палажэння аб атрыманні і рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі.
Пры складанні дадзенага нарматыўнага дакумента былі ўлічаны прапановы і пытанні з боку каталіцкіх арганізацый, што займаюцца дабрачыннай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, біскуп Пінскі Антонi Дзям’янка і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дырэктары і прадстаўнікі Рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас”, святары, якія займаюцца дабрачыннай дзейнасцю. З боку Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці кіравання справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прымалі ўдзел намеснік дырэктара Дэпартамента Дзмітрый Шакуноў, кіраўнік праўлення гуманітарнай дзейнасці Святлана Лабун і намеснік начальніка праўлення гуманітарнай дзейнасці Святлана Берташ.
На пачатку пасяджэння намеснік дырэктара Дэпартамента Дзмітрый Шакуноў выказаў удзячнасць за шматгадовае супрацоўніцтва і той уклад, які ўносяць рэлігійныя дабрачынныя арганізацыі. Таксама ён падкрэсліў, што дадзенае мерапрыемства мае вельмі важны характар, бо апошнія гады супрацоўніцтва маюць вельмі пазітыўную дынаміку і ўвогуле дзейнасць дадзеных арганізацый у пытанні атрымання і выкарыстання бязвыплатнай дапамогі падтрымліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Кіраўнік праўлення гуманітарнай дзейнасці Святлана Лабун у сваім выступленні нагадала пра дзейныя нарматыўныя дакументы, што рэгулююць паступленне і рэгістрацыю замежнай бязвыплатнай дапамогі. Таксама яна азнаёміла з асноўнымі пунктамі, у якіх гаворыцца пра парадак атрымання і дакументальнае афармленне пры рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі. Намеснік начальніка праўлення Святлана Берташ прывяла прыклады і расказала пра цяжкасці пры рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі.
У ходзе сустрэчы ўдзельнікі мелі магчымасць задаць пытанні па рэгістрацыі бязвыплатнай дапамогі, а таксама абмеркавалі складанасці, якія ўзнікалі ў іх на практыцы.
Напрыканцы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ад імя ўсіх прысутных падзякаваў прадстаўнікам Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці за сустрэчу і магчымасць абмеркавання хвалюючых пытанняў і выказаў спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва паміж Дэпартаментам і Каталіцкім Касцёлам.
Паводле www.caritas.by (AG) Фота www.caritas.by
|