Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асвятленне рэлігійнай тэматыкі ў рэгіянальных СМІ абмяркоўвалі ў Інстытуце журналістыкі БДУ
Беларусь
20.05.2015 16:36

20 мая ў Інстытуце журналістыкі БДУ адбыўся круглы стол для рэгіянальных журналістаў на тэму «Міжнацыянальныя і міжканфесійныя адносіны ў Рэспубліцы Беларусь на сучасным этапе».

На ім выступіла галоўны рэдактар часопіса «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстына Лялько, Беларускую Праваслаўную Царкву прадстаўлялі старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Сяргей Лепін і яго намеснік іерэй Сяргей Арлоў.

У аўдыторыі інстытута сабраліся журналісты з розных абласцей Беларусі, у тым ліку з Пінска, Ельска, Бераставіцы і інш.

Падчас круглага стала падымаліся праблемы, з якімі сутыкаюцца журналісты, што асвятляюць рэлігійнае жыццё. Закраналася пытанне дастатковай асветленасці рэлігійнага жыцця ў дзяржаўных СМІ, сродкі і мова падачы гэтай інфармацыі для шырокай грамадскасці.

Закраналіся пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў у ВНУ, якія б маглі арыентавацца ў тэмах, што тычацца канфесійнага друку і рэлігійнай скіраванасці.

Адным з запрошаных гасцей была Людміла Мітаковіч, аўтар і вядоўца праграм на рэлігійную тэматыку на Першым беларускім канале і на канале «Культура», якая падзялілася не толькі момантамі  з працоўнай практыкі, але і асабістым сведчаннем прыходу да веры праз сваю працу. У 90-я гады Людміла Мітаковіч пачала весці праграмы, якія закраналі рэлігійную тэматыку, і, будучы па адукацыі музыкантам, стала журналістам і вядоўцай.

«Увесь мой шлях працы — вяртанне да веры», — адзначыла яна ў сваім выступе.

На сённяшні дзень слухачы ведаюць яе па праграмах «Свет душы», «Духоўнае слова», а таксама «Духоўная спадчына».

«Заўсёды сведчыць, быць місіянерам Хрыста і Яго любові», — заклікала Крыстына Лялько, падкрэсліваючы галоўную мэту матэрыялаў на духоўную тэматыку. А Уладзімір Ламека, намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь, які кіраваў ходам абмеркаванняў круглага стала, неаднаразова адзначаў, што трэба «лекаваць дабром» сучаснае грамадства і даваць надзею.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.