20-21 мая ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне знаходзіўся з візітам сакратар Кангрэгацыі па справах Духавенства арцыбіскуп Хорхе Карлас Патрон Вонг. Іерарх прыбыў, каб бліжэй пазнаёміцца з жыццём семінарыйнай супольнасці і ўмацаваць узаемаадносіны паміж семінарыстамі, фарматарамі і выкладчыкамі.
Сакратар Кангрэгацыі па справах Духавенства наведаў гэтую навучальную ўстанову ў межах апостальскай візітацыі
беларускіх каталіцкіх семінарый, каб пазнаёміцца з фармацыйным працэсам
у іх. Адразу пасля прыезду арцыбіскуп прыняў удзел у маёвым набажэнстве, падчас якога біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прывітаў шаноўнага госця і выказаў падзяку Богу за магчымасць правесці разам гэты благаслаўлёны час.
Пасля супольнай вячэры адбылася сустрэча сакратара кангрэгацыі спачатку з семінарыстамі, а затым з выхавацелямі, на якой кожны з прысутных выказаў свае асабістыя думкі, меркаванні і прапановы наконт семінарыйнай фармацыі.
Наступны дзень распачаўся святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Хорхе Карлас Патрон Вонг у семінарыйнай капліцы. У Імшы ўдзельнічалі семінарысты, духоўныя айцы, выхавацелі і некаторыя з выкладчыкаў. У гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў, як важна захоўваць еднасць у семінарыйнай супольнасці і ствараць неабходныя ўмовы для ўзаемаразумення падчас духоўнай фармацыі. Таксама іерарх падзякаваў за пачуццё cямейнага настрою і за адкрытыя шчырыя сэрцы прысутных.
Пасля Імшы навучэнцы семінарыі працягнулі размову з арцыбіскупам, напрыканцы якой праспявалі песню на іспанскай мове. Іерарх сказаў, што, калі пачуе дзе-небудзь гэты спеў, заўсёды будзе ўспамінаць пра незабыўную сустрэчу з гродзенскімі семінарыстамі.
22 мая арцыбіскуп Хорхе Карлас Патрон Вонг сустрэнецца з Папам Францішкам, каб падзяліцца з ім думкамі і ўражаннямі наконт выхавання будучых беларускіх святароў.
Семінарыйная супольнасць бясконца ўдзячна арцыбіскупу за візіт, духоўную падтрымку, цудоўны дыялог, які паспрыяе больш глыбокай і якаснай падрыхтоўцы будучых святароў, каб яны сталі сапраўднымі паслядоўнікамі спраў Езуса Хрыста.
Паводле wsd.grodnensis.by (AG) Фота wsd.grodnensis.by
|