23 мая салезіянская сям’я Беларусі сабралася разам у Дзятлаве з нагоды ўрачыстасцяў Марыі Успамогі Хрысціянаў. Заснавальнік салезіянскай супольнасці святы Ян Боско з вялікай павагай і даверам ставіўся да Найсвяцейшай Панны, наказваючы сваім выхаванцам заўсёды ўцякаць пад Яе апеку.
Урачыстасці ў Дзятлаве сталі трэцяй супольнай акцыяй, якую салезіянская сям’я Беларусі адзначае ў год святкавання 200-годдзя нараджэння св. Яна Боско. Раней вернікі ўсіх салезіянскіх супольнасцяў збіраліся разам на адкрыцці араторыя імя св. Дамініка Савіо ў Бараўлянах, а таксама на святкаванні, прысвечаным успаміну св. Яна Боско, ў Смаргоні. Кульмінацыйным момантам юбілейнага года стане святкаванне 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско, якое адбудзецца ў Мінску 16 жніўня. Праграма свята пачалася Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі біскуп падкрэсліў, як важна быць паслядоўным хрысціянінам, зазначыў, што хрысціянін не павінен быць хрысціянінам толькі ў касцёле: кожны чалавек, якога мы сустракаем, павінен бачыць нашу веру.
Пасля Імшы адбылося асвячэнне і ўстанаўленне фігуры Маці Божай, якая цяпер упрыгожвае тэрыторыю каля дзятлаўскай святыні. Святы Ян Боско быў містыкам сноў; часта менавіта ў снах яму прыходзілі адказы на пэўныя пытанні. Пасля заканчэння першай часткі святочнай праграмы прадстаўнікі араторыяў з Бараўлян, Дзятлава, Мінска і Смаргоні паказалі свае інтэрпрэтацыі чатырох сноў святога. Моладзь з бараўлянскага араторыя паспрабавала праз гульню наблізіць да прысутных сон аб ружах, праз які кс. Боско кажа сваім выхаванцам, як неабходна ісці па жыцці. Ружа – вельмі прыгожая кветка, але ў той жа час мае вострыя шыпы, якія лёгка могуць параніць; і не мае сэнсу выракацца болю, калі хочаш нечага дасягнуць. Дзятлаўчане прадставілі спеў пра сон, які кс. Боско ўбачыў у 9-гадовым узросце і ў якім сама Марыя прадказала простаму хлопчыку, якая вялікая справа выхавання чакае яго ў жыцці. Маладыя людзі з Мінска праз спеў і танец дзяліліся з прысутнымі сваім перажываннем сну пра плыт. Гэты сон вучыць паслядоўнікаў кс. Боско, як важна ў жыцці трымацца вернага накірунку і ісці за руку з Панам, бо шмат людзей і сітуацый могуць накіраваць не ў той бок. Смаргонскі араторый прадставіў своеасаблівы мюзікл, прысвечаны сну аб дзвюх калонах, якімі з’яўляюцца Марыя і Эўхарыстыя. Акцёры дапамаглі прыгадаць, што кожны сапраўдны хрысціянін павінен не толькі глядзець у накірунку гэтых калон, але як мага часцей прыбягаць да іх. Чаканым момантам другой часткі праграмы стаў канцэрт хрысціянскага гурта “Небасхіл”, а таксама ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Верш для Дона Боско”.
Напрыканцы праграмы слова да сабраных скіраваў рэгіянальны настаяцель рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Святар падкрэсліў важнасць таго, што ў цудоўнае свята Марыі салезіянская сям’я сабралася на Дзятлаўшчыне, бо менавіта тут у даваенны перыяд было кінута зерне салезіянскай харызмы ў Беларусі. “Святы Ян Боско быў сапраўды вялікім прыхільнікам Успамогі Хрысціянаў. Усё сваё жыццё і справу выхавання моладзі прысвяціў Марыі, кажучы: “Той, хто даверыўся Марыі, ніколі не будзе расчараваны”. Мы таксама, як ён, павінны быць руплівымі Яе прыхільнікамі і заўседы з дзіцячым даверам звяртацца да Яе ў нашых патрэбах”, – дадаў кс. Віктар Гайдукевіч. Таксама святар запрасіў усіх прысутных на наступнае супольнае салезіянскае свята – Дзень салезіянскай еднасці, які адбудзецца 21 чэрвеня ў Жупранах.
Паводле www.serebranka.sdb.by (AG) Фота www.serebranka.sdb.by
|