Гурт «Laudans» заваяваў гран-пры на хрысціянскім фестывалі ў Польшчы |
Беларусь |
26.05.2015 14:19 |
Хрысціянскі гурт «Laudans» прыняў удзел у X Фестывалі хрысціянскай творчасці «Я шукаў вас» у Польшчы, з якога на радзіму вярнуўся з пачэснай узнагародай — гран-пры. Фестываль праходзіў у Закапанэ 22-23 мая і быў прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ. «Пра гэты фестываль мы даведаліся праз інтэрнэт і падалі заяўку на ўдзел. Мы дасылаем заяўкі на розныя конкурсы ці фестывалі такога кшталту», — распавядае Алёна Палачанская, удзельніца гурта. «Для ўдзелу нам трэба было запісаць некалькі кампазіцый, адна з якіх «Здзіўленне» была на верш Караля Вайтылы. У выніку нас і запрасілі», — дадае Алёна. Падчас канцэрту ў Закапанэ гурт выканаў спеў «Адзінства» разам з польскім дзіцячым хорам. Cваю творчасць гурт «Laudans» пачынаў з выканання спеваў на тэксты вершаў, перакладзеных на беларускую мову, іншага вядомага святара паляка Яна Твардоўскага. Потым паступова пачалі дадавацца тэксты новых паэтаў, у тым ліку святога Яна Паўла ІІ, вядомай беларускай паэтэсы Ірыны Багдановіч і інш.
Узнагароды Фестывалю хрысціянскай творчасці Адной з узнагародаў, якую атрымаў гурт падчас фестывалю ў польскіх Татрах, стала магчымасць выступіць з сольным канцэртам у іншым польскім горадзе — Тшэбніца. Сольны канцэрт адбудзецца 29 мая, у межах XVII Сальватарыянскага фестывалю рэлігійнага спеву. У Тшэбніцы «Laudans» прадставіць новы спеў «Ветразь», аўтарам слоў якога з'яўляецца саліст гурта Андрэй Лугін. Аксана Ючкавіч |