За памерлага ксяндза Яна Занеўскага памоляцца ў Рыме |
Беларусь
|
07.06.2015 21:16 |
За кс. Яна Занеўскага, пробашча парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы і парафіі Божай Міласэрнасці ў Свіслачы (Гродзенская дыяцэзія), які адышоў у вечнасць 6 чэрвеня, памоляцца ў Рыме.
9 чэрвеня раніцай аб вечным супакоі для душы спачылага святара будуць маліцца ў Генеральным доме супольнасці сясцёр змёртвыхпаўстанак у Вечным горадзе.
Кангрэгацыя Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста ўдзячна ксяндзу Яну Занеўскаму вельмі многім. Святар пашыраў культ заснавальніц гэтай супольнасці – Цэліны і Ядвігі Бажэнцкіх. Гэта з’яўляецца феноменам у гісторыі Касцёла, калі манаскую супольнасць заснавалі маці і дачка, злучаныя як бы “падвойным вузлом” – прыродным і духоўным.
Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася 29 сакавіка 1833 г. у Антовілі каля Оршы. У 1853 г. выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага, яны пасяліліся ў Абрэмшчыне каля Заневіч, дзе і нарадзілася 1 лютага 1863 г. Ядвіга Бажэнцкая. Ксёндз Ян Занеўскі родам менавіта з Заневіч, і адсюль яго вялікі клопат аб пашырэнні гэтага культу.
Выразам гэтага клопату стала, напрыклад, арганізацыя прыгожых урачыстасцяў 26 кастрычніка 2013 г. у Квасоўцы ў 100-годдзе смерці бл. Цэліны Бажэнцкай і 150-годдзе нараджэння бл. Ядвігі Бажэнцкай. З нагоды гэтай даты па ініцыятыве кс. Яна Занеўскага ў Беларусі была выдадзена на беларускай і польскай мовах кніжка “Слядамі благаслаўлёных Маці Цэліны і Маці Ядвігі Бажэнцкіх у Беларусі”.
Таксама ксёндз Ян Занеўскі выступіў з просьбай да супольнасці аб перадачы касцёлам, у якіх ён служыў, у Квасоўцы і Свіслачы, рэліквій бл. Цэліны Бажэнцкай, што і было рэалізавана.
Кс. Юрый Марціновіч
|