Трохвыяўны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай можна ўбачыць на выставе ікон у Мінску |
Беларусь |
11.06.2015 13:16 |
Абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, арыгінальнасць якога заключаецца ў трохвыяўнасці, калі са зменаю ракурсу змяняецца выява: св. Антоній Падуанскі, Анёл-ахоўнік, Божая Маці, - можна пабачыць сярод экспанатаў выстаўкі «Дух рэлігійнай традыцыі і друкаваная ікона» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Выстаўка пачынае працаваць з 11 чэрвеня. Пра гэта паведамляецца на старонцы бібліятэкі. Экспазіцыя прадэманструе дзве асобныя калекцыі старадаўніх каляровых друкаваных ікон як цэласную мастацкую з'яву, якая існавала на тэрыторыях з магутнымі этнічнымі, канфесійнымі і гістарычнымі сувязямі. Экспанаты прадстаўлены з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту і Музея земляробства імя ксяндза К. Клюка (г. Цехановец, Польшча). Яны надрукаваны ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя ў еўрапейскіх друкарнях у складанай, вельмі працаёмкай тэхніцы хромалітаграфіі. Менавіта гэты спосаб друку дае магчымасць перадаваць усе колеры арыгіналу і выдаваць якасныя друкаваныя рэлігійныя абразы вялікім тыражом. Вынік атрымліваўся такі, што і сёння людзі захапляюцца прыгажосцю старадаўняй каляровай іконы. Выстаўка будзе працаваць да 27 жніўня ў зале «Лабірынты» Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. (AYU)
|