Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Ты будзеш першай!», альбо гісторыя паклікання да кантэмпляцыйнага манаскага жыцця
Беларусь
18.06.2015 07:00

Аднойчы ў нашую рэдакцыю прыйшла сястра законная Дамініка, якая сама беларуска, але лёс, а дакладней пакліканне, зараз завяло яе ў далёкую і прыгожую Ірландыю, дзе знаходзіцца кляштар кантэмпляцыйных сясцёр дамініканак. З чаго пачалася яе гісторыя паклікання і шлях у закон, а таксама чым ён напоўнены зараз, с. Дамініка Сабалеўская OP дзеліцца з чытачамі Сatholic.by.

— Сястра Дамініка, з чаго пачынаўся Ваш шлях да Бога?

— Маёй духоўнай калыскай быў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi, што ў в. Краснае на Маладзечаншчыне. Мала дзе на Беларусi ў тыя часы былi адчынены касцёлы, таму сюды на нядзельную святую Iмшу мы ўсёй сям’ёй цягнiком прыязджалi з Маладзечна.

Я вельмi ўдзячная Богу за маiх бацькоў, якiя, нягледзячы на цяжкасці, не толькi самi захавалi веру, але i перадалi яе сваiм дзецям. Яны ахрысцiлi мяне ў гэтым касцёле, потым дома рыхтавалi да першай споведзi i святой Камунii. З татам вечарамi я вучыла катэхiзіс i малiтвы (на польскай мове), а мама давала мне добры прыклад хрысцiянскага жыцця, дапамагаючы хворым i бедным. Прызнаюся, што мне гэта навука часамі iшла з цяжкасцю.

Найбольшую ж ролю ў маiм раннiм духоўным развiццi адыграла мая бабуля. Прыклад яе цiхай малiтвы на ружанцы глыбока адбiўся ў маёй душы, хаця сама яна нiколi са мной не размаўляла аб малiтве, але я бачыла яе размову з Богам i тое, як яна была з Iм з’яднаная.

У гэтым жа касцёле ў адзiн вельмi познi вечар з рук кс. Яна Адамовiча я прыняла маю Першую святую Камунiю, а потым, калi да нас прыехаў працаваць кс. Эдмунд Даўгiловiч, я атрымала сакрамэнт канфірмацыі. Варта падкрэслiць, што ксёндз Эдмунд быў першым святаром, якi даведаўся аб маiм паклiканнi. Пазней я дапамагала яму рыхтаваць дзяцей да Першай святой Камунii ў Красным i Вiлейцы.

Першыя крокі да паклікання: «І Ён першы знайшоў мяне»

Калi я пачала хадзiць у школу, то там пачула, што Бога нiякага няма i што жыццё скончваецца ў хвiлiну смерцi, так нас там вучылi.

«Дзе ж праўда?» — пыталася я. Можа, якраз гэты недахоп Праўды i нарадзiў глыбокае прагненне да яе пошуку. Але дзе? Праўда — гэта не iдэя, Праўда — гэта Асоба, жывы Бог! I Ён сам першы знайшоў мяне, яшчэ перад тым, як я распазнала, што Яго шукала.

Пра кручок Добрага Рыбалова


Не я сабе выбiрала ордэн, я нiколi і не марыла быць сястрой законнай, а тым больш весці сузiральны лад жыцця.

Я проста, як рыба, патрапіла на кручок Добрага Рыбалова. Можаце сабе ўявiць маю вялiкую радасць, калi я даведалася, што ордэн, у які мяне паклiкаў Бог, адказаў на маё глыбокае жаданне.

Тое, што я належу да Ордэна Прапаведнiкаў, дэвiз якога «Veritas» — Праўда, вельмi шмат значыць для мяне. Усё маё жыццё i малiтва прысвечана справе збаўлення людзей i абвяшчэння iм Божай Праўды. Наша жыццё не толькi прысвечана малiтве, але і само з’яўляецца няспыннай малiтвай, няспынным пошукам праўды аб Богу i чалавеку.

Але тады я аб дамiнiканскіх супольнасцях нiчога не ведала. Так, я чула, што дамінікане і іх кляштары былi ў Сярэднявеччы, але на мой час пра іх нiхто не ўзгадваў i я нiколi не спадзявалася iх сустрэць.

Незразумелае слова «адарацыя», альбо першы пацалунак неба

Але аднойчы перад Iмшой да мяне падышла незнаёмая маладая дзяўчына i прапанавала пайсцi на адарацыю. Я не зразумела, што яна ад мяне хоча, бо нiколі не чула такога слова — «адарацыя». Паспрабавала ў яе яшчэ раз запытацца, што ёй трэба ад мяне, але тая ізноў паўтарыла тое самае.

Не было выйсця, я запыталася ў мамы, якая была побач. Але мама, не тлумачачы, сказала: «Iдзі». I я пайшла...

Калі я запыталася ў гэтай незнаёмай мне асобы, што мне трэба рабiць, яна адказала: «Нiчога, проста БЫЦЬ». Я падумала, што гэта нескладана, i таму згадзiлася. I гэта аказалася праўдай для мяне... Ужо 25 год я вучуся БЫЦЬ.

Не ведаю, ці я тады адаравала Езуса, ці больш думала аб сваіх каленях, але Ён быў тут і адараваў мяне сваiм чыстым, празрыстым позіркам.

Айцы Касцёла тлумачаць слова «адарацыя» як «вусны да вуснаў» або, інакш кажучы, «пацалунак». Так, гэта быў мой першы пацалунак неба.


«Ты будзеш першай!»

Кожны месяц я сустракалася з маімі новымі сябрамі, якiя тады запрасiлі мяне на адарацыю, зусім не ведаючы, што яны сёстры дамiніканкi. Так мiнула два гады, кожную першую нядзелю месяца з «пацалункам». Аж аднойчы адна з сясцёр запыталася ў мяне: ці не хацела б я сваё жыццё прысвяціць Богу? Мы з ёй не адзiн раз размаўлялi аб веры i малiтве, але такога пытання я пачуць не спадзявалася.

«Але як... як гэта магчыма, калi няма анi сясцёр, анi кляштараў?» — запыталася я. I ведаеце, што яна мне адказала?

«Ты будзеш першай!» — менавіта такія былі яе словы.

На дзiва, я не мела нiчога супраць гэтага, але я патрабавала часу на малiтву, каб запытацца Езуса, ці Ён гэтага жадае. Ад першай хвiлiны маё сэрца былo адчынена на гэта. Бо гэта быў адказ на маё глыбокае прагненне, якое я насiла ў сабе, нават не ведаючы аб гэтым. Але майго розуму не хапала, каб асягнуць гэтую таямнiцу.

Адна рэч «пацалункi», але другая — сузiральнае жыццё, аб якiм я нiчога не ведала і пра якое нiколi не марыла. Гэта быў дар нiчым не заслужаны.

«Не вы Мяне выбралi, але Я выбраў вас i прызначыў, каб вы iшлi i прыносiлi плён, i каб плён ваш трываў» (Ян 15, 16).

Калi мяне прымалi ў ордэн, то першае пытанне, якое мне задалi, было такое: «Чаго жадаеш?» Прызнаюся, што я была здзiўлена такому пытанню, бо хiба нiхто дагэтуль мяне аб такім не пытаўся. У большасцi выпадкаў прыходзiлася прымаць тое, што мелi ўсе. Так нас выхоўвывалi, пры такім укладзе мы жылi.

Калі я адказала на гэтае пытанне, што жадаю Божай мiласэрнасцi i вашай мiласэрнасці, то адчула сябе як дома, як у роднай хаце, як рыба ў вадзе.

На габрэйскай мове «міласэрнасць» тлумачыцца трыма словамі: абяцанне, ласка i ўлонне. Я адчула, што наш ордэн з’яўляецца гэтым мiласэрным улоннем, у якiм мы нараджаемся да новага жыцця, мыслення, новага погляду на свет. Бог Дамініка — гэта Бог міласэрнасці. Калі з Бiблii выкiнуць усё, што датычыць мiласэрнасці, то там не застанецца нiводнага радка. Быць фармаваным праз Божае Слова — азначае быць фармаваным Яго мiласэрнасцю.

Нашы кляштары з’яўляюцца школай мiласэрнасці. Нiшто не робiць нашага сэрца настолькi мяккім, як прабачэнне i прызнанне сваёй грэшнасцi. Праўда i мiласэрнасць непадзельныя. У нашай дамініканскай духоўнасцi мы не столькi глядзiм на Бога, колькі, з’яднаныя з Iм, саўдзельнічаем у Яго справе адкуплення. Як сябры Бога не проста глядзiм на Яго, колькі разам з Iм. Бог запрасiў нас глядзець на свет Ягонымi вачыма, Яго мiласэрнымi вачыма. I гэта ёсць кантэмпляцыя ў дамінiканскім стылi.

Лiтургiчная і асабістая малiтва паглыбляе гэтую прыязнь з Богам і паміж людзьмі. Штодзённы ўдзел у Эухарыстыі — гэта сэрца, цэнтральны пункт нашага жыцця, крыніца еднасці.

Удзел у літургіі 7 разоў на дзень усёй супольнасцю ёсць часам, калі Слова Божае, а не мы, стаіць у цэнтры. Да сэрца суполкі, якая збіраецца на літургіі, прыходзіць не толькі Хрыстус, але і ўвесь свет. Мы спяваем Богу гiсторыю людзей нашага часу. Гадзiна за гадзiнай свет уваходзіць у крыніцу Божай мiласэрнасцi. Дзень за днём Дух Святы перамяняе нас на вобраз Сына, які моліцца Айцу.


Я прыйшла ў кляштар не за тым, каб уцячы ад людзей або забыць пра iх, не для таго, каб iх не ведаць, але каб быць з iмі глыбей. Жыць у сэрцы гэтага свету ўкрытым спосабам, але, як лiчу, больш рэальным. Я не прыйшла тут шукаць сабе спакойнага жыцця або бяспекi, але каб забраць з сабой i дзялiць цярпенне, боль i надзеi ўсіх людзей.

Сваiм жыццём мы нагадваем усiм хрысцiянам аб iх фундаментальным паклiканнi — да сустрэчы з Богам. Мы не толькi малiтвай падтрымлiваем нашых братоў i сясцёр, якiя абвяшчаюць сваiмi вуснамi Божае слова, але прыпамiнаем iм, што прапаведванне — гэта не проста наша мiсiя, наша апостальская актыўнасць, але гэта ўсё наша жыццё. Адны словы не прыносяць пладоў, калi за iмi не стаіць жыццё, калi не будзе бачным наша сяброўства з Богам.

Нам даверана Слова Бога — не шматлiкасць слоў, але адно, і самае галоўнае і фундаментальнае — «БОГ ЁСЦЬ ЛЮБОЎ».

Мы з’яўляемся сведкамi таго факту, што тут ёсць Бог, якi любiць усiх людзей. Бог любіць кожнага асобнага чалавека, кожны вельмi каштоўны ў Яго вачах. Гэта наша сведчанне свету, гэта слова, якое мы прапаведуем не вуснамi, але нашым бедным, простым, укрытым жыццём.

— Сястра Дамініка, зараз Вы жывяце за мяжою — колькі гадоў Вы далёка ад радзімы, і ці хтосьці з Беларусі стаў другой, трэцяй услед за Вамі?

— Час у манаскiм жыццi вымяраецца малiтвай. Таму проста адказаць, што палову свайго жыцця я правяла за мяжой, — гэта мала. Касцёл унiверсальны, i малiтва iдзе там, дзе яе больш патрабуюць. Цi будучы 12 гадоў у Польшчы, ці цяпер 10 гадоў у Iрландыi, я жыву надзеяй, што Касцёл у Беларусi нiколi не заставаўся за мяжой маёй малiтвы i малiтвы ўсяго Касцёла.

Нашу суполку можна параўнаць з вянком на скронi Хрыста, сплеценым з кветак, якiя Ён пазбiраў з розных куткоў свету. Ёсць у нас сёстры з Францыi, Мальты, Карэi, Шатландыі, Англii i Iрландыi. А таксама з Беларусi: сястра Наталля з Ашмян i наша пастулянтка Яўгенія з Гомеля. Гэта вельмi каштоўны досвед быць разам.

З людзьмi iншай культуры i ментальнасцi тваё сэрца пашыраецца, ты ўзбагачаешся сам i ўзбагачаеш iншых. Узгадваю словы а. Аляксандра Меня, якi казаў, што той, хто не цэнiць культуры i традыцый iншага народа, руйнуе сваю.

Падтрымка, якую я знайшла ў гэтай супольнасці, дапамагае прыняць свае слабасцi i слабасцi iншых. Ты адчуваеш поўню Касцёла, разнастайнасць i глыбокае адзiнства ў Хрысце.

— Вяртанне ў Беларусь — ці гэта магчыма?

— Для Бога няма рэчаў немагчымых. Я ўпэўнена, што існуе патрэба ў манаскiх супольнасцях для Касцёла ў Беларусi, вельмi блiзкая Божаму сэрцу, бо Касцёл без сузiральнага жыцця — як арганiзм без сэрца. Дзякуй Богу, мы маем сёння шмат супольнасцяў з актыўнай апостальскай дзейнасцю, шмат адчыняецца новых парафій, але іх трэба акунуць у малiтву, людзi патрабуюць сведкаў малiтоўнага жыцця. Манаскiя супольнасці, як добра завараныя зёлкі, лечаць людскiя раны i даюць нам адчуць смак Бога.

У адказ на гэтую патрэбу Бог выслаў мяне ў Iрландыю, на іншы канец свету! Толькi Ён можа так зрабiць, толькi Яму аднаму магу давяраць, што гэта для мяне сёння найлепшае месца, каб быць у сэрцы майго Касцёла.

Калi будуць паклiканнi з Беларусi, то нашы сёстры ў Iрландыi вельмі адкрытыя на дапамогу ў стварэнні фундацыi ў Беларусi. Трэба, каб нашыя сэрцы былi злучаныя з рытмам Божага сэрца. Справа не ў тым, каб як хутчэй вярнуцца ў Беларусь, але каб жыць тым жыццём, якога Касцёл наш так патрабуе. Нашае сёння i нашае заўтра ў Божых руках!

— Ці кожная дзяўчына, якая жадае стаць манахіняй вашага ордэну, можа гэта зрабіць? Ёсць пэўныя крытэрыі, асаблівасці ці патрабаванні?

— Няма сярод нас анiводнага чалавека, якi б не меў Божага паклiкання. Паклiканне датычыцца нашай глыбокай тоеснасцi, гэта заклiк да вольнасцi, да таго, каб быць тым, кiм нас стварыў Бог.

Кожная дзяўчына, якая адчувае такую патрэбу, можа звярнуцца да нас па iнфармацыю або дапамогу, як распазнаць сваё паклiкане i як адказаць Богу “ТАК” на Яго заклiк. Але сам працэс распазнання адбываецца толькi памiж табою i Богам. Праўдзiваму распазнанню паклiкання да кансэкраванага жыцця спрыяе малітва, цiшыня сэрца i верны кантакт з Божым Словам.

— Што найбольш Вас захапляе і прыцягвае ў манаскім жыцці?

— Лепш было б паставiць пытанне “Хто?” Бо гэта толькi Бог можа так зачараваць душу, каб можна было пайсцi i прадаць усё, што маеш, каб набыць адну каштоўную пярлiну (пар.Мц 13, 45) . Безупынная замена майго “я” ў “Мы”.

— Некалькі пунктаў з уласнага досведу: чаму для Вас быць манахіняй — гэта шчасце? У чым яно, манаскае шчасце, у чым для Вас чалавечае шчасце?

— Кожны па-свойму разумее шчасце. Для аднаго гэта любоў, для iншага — кар’ера або здароўе, грошы i г.д.

Я лiчу, што нам не трэба шукаць шчасця недзе па-за намi, нам трэба толькi распазнаць той дар, якiм мы адораны. Але часта самы большы дар мы абмінаем, мы яго не бачым. Гэта не здароўе, паводзiны, прыгажосць або таленты. Найбольшы дар — гэта наша iснаванне, просты факт, што мы ёсць.


Менавiта манаская традыцыя дапамагае мне запанаваць над тым, што звычайна чынiць людзей нешчаслiвымi.

Кантэмпляцыйнае жыццё i малiтва ў першую чаргу вучыць, як быць чалавекам, як не пазбягаць сябе самой. Культура сённяшняга свету часта вядзе нас да спакусы, каб ствараць фальшывы вобраз сваёй асобы, а потым руйнаваць яго. Але манаскае жыццё дапамагае мне стаць у праўдзе, тварам у твар з самой сабою ў прысутнасцi Бога. Таму яно адкрывае чалавеку сэнс яго iснавання, а менавiта самую глыбокую праўду пра чалавека.Тады ён ведае, што толькi Бог, якому ён служыць, адпавядае найглыбейшым жаданням чалавечага сэрца, якое нiколi не заспакоiць зямны спажытак.

— Якія парады маглі б даць дзяўчыне, якая шукае свайго паклікання?

Сёння, каб сярод шматлiкасцi галасоў разпазнаць адзiны голас Бога i пайсцi за iм, патрэбна моцная, сталая вера.

Калi ты шукаеш свайго паклiкання, то спрабуй задаць сабе галоўнае пытанне: «Ці я сапраўды шукаю Бога?» І толькі тады знойдзеш Яго, бо Ён першы ўжо шукае цябе. Калi ты чуеш заклiк Бога, не адхiляйся ад яго.

На пачатку свайго Пантыфікату Папа Францiшак заклiкаў нас, каб адкрыць насцеж дзверы Хрысту: «Хто дазваляе ўвайсці Хрысту, нічога не губляе, нічога — абсалютна нічога з тых рэчаў, дзякуючы якім жыццё ёсць свабодным, прыгожым і вялікім. Не! — толькі дзякуючы гэтаму сяброўству вызваляецца сапраўды вялікі патэнцыял чалавечнасці. <...> маладыя сябры, не бойцеся Хрыста! Ён нічога не адбірае, але дае ўсё. Хто Яму аддаецца, атрымлівае ў сто разоў больш. Так, адкрыйце, насцеж адкрыйце дзверы Хрысту — і знойдзеце сапраўднае жыццё» (Verbum Domini 104).

Амаль кожны год с. Дамініка прыязджае ў Беларусь, дзе разам з айцамі дамініканамі арганізоўвае сустрэчы для моладзі, якія цікавяцца дамініканскім ордэнам. Такім чынам, усе тыя, хто зацікавіўся, могуць чакаць наступнай сустрэчы. Таксама, калі ў кагосьці з’явіліся дадатковыя пытанні да с. Дамінікі, іх можна задаць, напісаўшы на адрас: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.