Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
800 год Вялікай хартыі вольнасцяў. Любіш свабоду? Скажы дзякуй Касцёлу!
Беларусь
18.06.2015 13:16

15 чэрвеня 1215 года англійскі кароль Джон пагадзіўся падпісаць дакумант, у якім паабяцаў абарону правоў і ўласнасці Касцёла, не кідаць шляхту ў турмы беззаконна, праводзіць хуткія і справядлівыя суды, абмяжоўваць падаткі.

 

Канешне, Хартыя не абяцала нічога новага звычайным людзям, дый выконвалі яе каралі зусім не так паслядоўна, як хацелі б падданыя, аднак яна стала ідэалам, да якога імкнулася ўсё грамадства — і не толькі ў Ангельшчыне.

Дадзеныя Богам правы чалавека і справядлівы закон вышэй за сваволю караля — вось тая ідэя, якая стаяла за гэтым дакументам і дагэтуль натхняе людзей, у тым ліку і ва Усходняй Еўропе.

Прычым жа тут Касцёл і хрысціянства? — можа спытаць чытач. Растлумачым.

Вялікая хартыя вольнасцяў стала вынікам аднаго з найбольш неспакойных перыядаў англійскай гісторыі. Усяго за 45 гадоў да яе кароль Генрых ІІ наўпрост ці ўскосна загадаў забіць арцыбіскупа Кентэрберыйскага Томаса Бекета. А ў 1215 годзе паўсталі англійскія феадалы, якія палічылі, што кароль Джон парушае іх традыцыйныя правы, без суду кідаючы ў турмы і ўсталёўваючы ўсё новыя падаткі.

Справа ішла да грамадзянскай вайны, і новы арцыбіскуп Кентэрберыйскі кардынал Стэфан Лэнгтан, які ўзяўся быць пасрэднікам паміж баронамі і каралём, склаў першапачатковы варыянт Хартыі, якая мелася быць умовай міру.


Статуя аўтара Хартыі арцыбіскупа Стэфана Лэнгтана.

Мір хутка быў парушаны, каралі то выконвалі, то адмаўляліся выконваць Хартыю, аднак у 1289 годзе яна ўсё ж была далучана назаўсёды да нязменных дакументаў, на якіх грунтуецца заканадаўства Ангельшчыны.

«Нікому не будзем прадаваць права і справядлівасці, нікому не будзем адмаўляць у іх або запавольваць іх», — вось якія абавязкі, сфармуляваныя каталіцкім арцыбіскупам, у выніку ўзялі на сябе каралі.

«Ні адзін свабодны чалавек не будзе арыштаваны і змешчаны ў турму, або пазбаўлены маёмасці, або аб'яўлены па-за законам, або выгнаны, або якім-небудзь чынам пакрыўджаны, і мы не пойдзем на яго і не пашлем (войска) на яго інакш, як па законнаму прысуду роўных яму і па законе краіны», — такімі былі патрабаванні хрысціянскага права, зафіксаваныя на пергаменце, а зараз паўтораныя і ў беларускай Канстытуцыі.

Пазней вельмі падобныя па духу да Вялікай хартыі вольнасцяў дакументы падпісвалі і нашыя вялікія князі Літоўскія — што прывяло да стварэння шляхецкай дэмакратыі ў XVI-XVII стагоддзях на нашых землях.

Старабеларускай "Вялікай хартыяй вольнасцяў" называў, напрыклад, акадэмік Уладзімір Пічэта прывілеі, дадзеныя вялікім князем Казімірам праваслаўнаму рыцарству ў 1447 годзе.

Старонка з адной з сярэднявечных копій Вялікай хартыі вольнасцяў.

«Тых княжат, рыцараў, шляхцічаў, баяр, месцічаў не будзем караць, ані маёмасцю, ані грашыма, ані крывёй, пакуль вочы ў вочы абодва не стануць на судзе паводле права хрысціянскага», — абяцае Казімір, амаль літаральна паўтараючы Вялікую хартыю 1215 года.

Хартыя стала заканадаўчай і маральнай асновай і амерыканскага права, таму ў 1794 годзе, калі ў Польшчы і Беларусі пачнецца нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць Расіі, натхнёныя англа-саксонскім вопытам дэмакратыі нашы землякі Тадэвуш Касцюшка і Якуб Ясінскі будуць заклікаць да грамадзянскай роўнасці ўсіх саслоўяў.

«Пан ёсць Духам, а дзе Дух Пана, там свабода», — пісаў апостал Павел у Другім Пасланні да Карынцянаў.

Не дзіўна таму, што кардынал Лэнгтан, які глыбока вывучаў Біблію і першы падзяліў яе на главы (і мы дагэтуль карыстаемся менавіта ягонымі главамі!), быў галоўным аўтарам старога англійскага дакумента, які пакінуў светлы след і на зямлі Беларусі.

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.