Вызвалены праўдай. Васілю Быкаву сёння споўніўся б 91 год |
Беларусь |
19.06.2015 15:35 |
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, і ягонае дзяцінства і маладосць прыйшліся на трагічны для Беларусі час савецкага панавання.
Як быццам бы гэтага было мала, у 1941 годзе на Беларусь абрынулася і навала з захаду — да камуністычных злачынстваў дадаліся нацысцкія. Малады Васіль, які марыў прысвяціць жыццё мастацтву, быў забраны на прымусовыя працы, каб капаць траншэі, а потым у савецкую армію, ваяваў і быў двойчы паранены. Маючы добрую сярэднюю адукацыю, што ў СССР у тыя часы было зусім не частым выпадкам, ён паступіў у афіцэрскую вучэльню і з кастрычніка 1943 года ваяваў у чыне лейтэнанта ва Украіне, Румыніі, Венгрыі і Аўстрыі. У студзені 1944 года бацькам паведамілі, што іх сын забіты, і нават імя Васіля Быкава напісалі на масавай магіле савецкіх салдат нейдзе на Кіраваградчыне. Аднак звесткі аказаліся непраўдзівымі — малады лейтэнант выжыў, стаў мужчынам з цвёрдым позіркам вачэй, якія быццам глядзелі наўпрост у душу чалавека, стараліся ўбачыць праўду за вонкавай абалонкай. Для часткі людзей вайна робіцца траўмай і запавольвае іх унутранае развіццё, але Васіля Быкава велізарная чалавечая трагедыя, якую ён бачыў на свае вочы, зрабіла сталым і мудрым. І менавіта вайна стала для яго тым палатном, на якім ён пачаў маляваць эпічную галерэю разнастайных людскіх лёсаў, кожны з якіх апісваецца ўважліва і з любоўю да чалавека. Менавіта гэтыя ўвага і любоў да людзей, прага даведацца пра крыніцы іх матываў і эмоцый, як падаецца, сведчаць, што хлопец, які вырас у атэістычнай савецкай атмасферы, ужо тады стаў жыць па-хрысціянску ў душы, яшчэ не ведаючы добра, што такое хрысціянства. «Гэта просты хлопец, які пражыў нялюдскае жыццё (25 год), але які захаваў у сабе ўсё самае высакароднае, хоць яно ў яго і не ляжыць на плячах, і не блішчыць», — напісаў неяк Быкаў пра аднаго са сваіх персанажаў. І падаецца, што гэтая характарыстыка вельмі падыходзіць да яго самога. Паступова праз творы Быкава стала праступаць і непрыемная для СССР праўда пра антычалавечую, антыбеларускую, антысялянскую палітыку камуністаў. За гэта беларускі аўтар, які атрымаў высокую адзнаку на Захадзе і сярод беларускай нацыянальнай эміграцыі, у СССР патрапіў пад пераслед, некаторыя кнігі патрапілі пад забарону. Яшчэ ў савецкі час Быкаў пачаў цікавіцца вопытам іншай, несавецкай патрыятычнай беларускай літаратуры, якая бачыла трагедыю вайны куды глыбей, чым гэта дазваляла камуністычная прапаганда. Гэтак ужо ў 1960-я гады Васіль Быкаў знаёміцца і робіцца блізкім сябрам Ларысы Геніюш — пісьменніцы і паэткі, якая прайшла праз сталінскія канцэнтрацыйныя лагеры, вярнулася ў зняволеную Беларусь, але да канца жыцця захавала хрысціянскую веру і адмаўлялася прыняць савецкае грамадзянства.У цяжкія для Быкава перыяды цкавання з боку камуністычных цэнзараў Геніюш пісала іншым беларускім літаратарам: «Падтрымайце Быкава! Яго стыхія — гэта бічаванне бесчалавечнасці, хамства і нізасці ў людзях. На вайне асабліва. Быкаў лечыць гэтыя балячкі на целе грамадства. Ён ускрывае іх дасканала. Так, не баліць толькі мёртвым! Быкаў "праполвае" грамадства, і гэта вялікая справа. Ён — глыбокі аналітык, амаль геніяльны, як само жыццё. Не шкадуйце для яго добрых пачуццяў і разумнага мужнага слова! Танных і бязважкіх словаў ён не любіць і не прыме». Нездарма пры першай магчымасці Васіль Быкаў далучаецца да беларускага нацыянальнага руху і да барацьбы за пабудову незалежнай Беларусі. Нападкі на Васіля Быкава, якія пачаліся на радзіме ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і стан здароўя сталі прычынай выезду за мяжу. На працягу некалькіх гадоў Васіль Быкаў жыў спачатку ў Фінляндыі, затым у Германіі і Чэхіі. У Чэхіі перанёс аперацыю, і вярнуўся ў Беларусь толькі за месяц да смерці. Памёр Васіль Быкаў 22 чэрвеня 2003 года. Яго цела было пахавана пад нацыянальным беларускім сцягам на мінскіх Усходніх могілках па грэка-каталіцкім абрадзе. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк на пахаванні Васіля Быкава. «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас», — гэтыя словы Езуса, як падаецца, цалкам адпавядаюць таму жыццю, якое пражыў Васіль Быкаў. «Чалавек, як i кожная жывая iстота ад Бога, нараджаецца свабодным», — казаў сам Васіль Уладзіміравіч. Гэта быў пісьменнік, які праз любоў да праўды прыйшоў да Хрыста і свабоды. |