Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Салезіянская сям’я адзначыла Дзень адзінства
Беларусь
22.06.2015 14:06

20 чэрвеня Салезіянская сям’я адзначыла Дзень адзінства. Святкаванне прайшло ў в. Жупраны – адна з салезіянскіх пляцовак Беларусі – пад дэвізам «Маргарыта Ок’ена – маці і настаўніца св. Яна Боско, першы супрацоўнік ля вытокаў Салезіянскай сям’і».

Святую Імшу ў межах святкавання ўзначаліў Рэгіянальны настаяцель Місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Словы гаміліі скіраваў да прысутных біскуп намінат Аляксандр Яшэўскі SDB. На свята былі запрошаны ўсе групы Салезіянскай сям’і і моладзь Беларусі. Наведаў урачыстасць і былы пробашч жупранскай парафіі кс. Юзаф Занеўскі SDB.

Гэтая штогадовая сустрэча традыцыйна звязана з імянінамі альбо днём нараджэння настаяцеля салезіянаў дадзенай інспекторыі, візітаторыі, дэлегатуры. Салезіянская сям’я ў Беларусі адзначае яго ў дзень нараджэння дэлегата кс. Віктара Гайдукевіча SDB.

Адметнасць сёлетняга Дня адзінства, як і кожнага свята ў гэтым годзе – 200-годдзе з дня нараджэння заснавальніка, св. Яна Боско. Таксама варта заўважыць, што месцам правядзення святочнай сустрэчы была выбрана в. Жупраны, дзе нарадзіўся, выхоўваўся і сталеў, гартаваў сваё пакліканне кс. Віктар Гайдукевіч, дзе ў 1981 г. салезіянін кс. Юзаф Занеўскі SDB, які быў першым пробашчам салезіянінам жупранскай парафіі (зараз працуе ў Маскве), пачаў адраджэнне салезіянскай справы. Жупраны – «калыска» харызмы кс. Боско ў пасляваеннай Беларусі. Адсюль справа распачала пашырацца па ўсёй краіне, бо кс. Юзаф Занеўскі запрасіў да працы ў Беларусі іншых салезіян з Польшчы.

Таксама дарам і гонарам для Салезіянскай сям’і стала біскупскае прызначэнне аднаго з сыноў кс. Боско — кс. Аляксандра Яшэўскага SDB — і яго прысутнасць на гэтым свяце.

Біскуп намінат Аляксандр Яшэўскі засяродзіў разважанні гаміліі на асобе мамы Маргарыты, якая выхавала св. Яна Боско, была для яго першай дапамогай і падтрымкай, прыкладам веры ў Божы Провід і асаблівай пабожнасці да Марыі. Без гэтай жанчыны, адзначыў біскуп намінат, не было б ніводнага салезіяніна, бо гэта яна з Божай дапамогай выхавала кс. Боско, якога мы ведаем, і яе словы, скіраваныя да малога сына: «Бог цябе бачыць», – дапамагалі і сыну ў выхаванні моладзі. Ён з гэтымі ж словамі выходзіў з аудыторыі, дзе знаходзілася каля сотні юнакоў, пакідаючы на стале святарскую берэтку, як быццам сам там заставаўся. І ўсе хлопцы праводзілі час, спакойна выконваючы заданне, нібыта іх выхаваўца нікуды і не выходзіў.

Мама Маргарыта навучыла сына любіць Марыю, якой ахвяравала яго ад самага нараджэння. Яна дапамагала Яну добра спавядацца і годна прымаць святую Камунію і першай рабіла гэта сама, даючы добры прыклад дзецям. Муж Маргарыты і бацька кс. Боско памёр вельмі рана, але ахвярная і мудрая маці, якая адрознівалася міласэрнасцю да бліжняга, змагла перадаць гэтыя ж дары і сыну. А потым і сын дапамог сваёй маці. У цяжкі момант, калі яна стамілася ад гарэзлівасці юнакоў у араторыі і ўжо хацела паехаць дадому, Ян паказаў ёй на крыж. Жанчына ўсё зразумела — ахвярнасць — і больш ніколі не скардзілася на цяжкасці, а толькі глядзела на крыж. Астатнія 10 гадоў жыцця Маргарыта Ок’ена дапамагала кс. Боско выхоўваць абяздоленых хлапчукоў у араторыі.

Пасля святой Імшы і абеду Салезіянская сям’я павіншавала з днём нараджэння свайго сучаснага ксяндза Боско – кс. Віктара Гайдукевіча. Потым больш падрабязна і крэатыўна пра маму Маргарыту распавялі са сцэны розныя групы Салезіянскай сям’і. Святары падрыхтавалі адпаведную сцэнку аб жыцці мамы Маргарыты ў прысутнасці Бога, які заўсёды займаў першае месца. Сёстры заспявалі пра любоў жанчыны да Божай Маці. Салезіяне супрацоўнікі прадставілі сваю ахвярную апякунку – першую супрацоўніцу – у тэатралізаванай пастаноўцы. Аніматары і моладзь з араторыяў распавялі пра любоў жанчыны да моладзі. Суполка «Адкрытыя сэрцы» і «Суполка маладых сем’яў» з Мінска падрыхтавалі сапраўдны гумарыстычны мюзікл, дзе адзначылі яе выхаваўчы талент і здольнасць ствараць сямейны дух навокал.



 

Упрыгожыў свята спевам і музыкай гурт «Небасхіл». У яго рэпертуары з’явілася шмат спеваў, якія могуць дапамагчы пазнаць харызму кс. Боско.

Усе прысутныя змаглі добра пазнаёміцца з прыкладам святасці простай і мудрай маці, каб потым наследаваць яго.

Напрыканцы ўрачыстасці кс. Віктар Гайдукевіч скіраваў да прысутных словы настаўлення. «Сваім адчыненым для ўсіх сэрцам і ахвярнай працай мама Маргарыта ўвасобіла мацярынскі элемент у салезіянскую харызму: як бы цудоўным чынам праз яе дзейнічала сама Марыя Успамога Хрысціянаў», – сказаў святар. Настаяцель Салезіянскай сям’і ў Беларусі падсумаваў усе характарыстыкі святой жанчыны, якая «выпесціла Салезіянскую Кангрэгацыю», вылучыўшы наступныя рысы Слугі Божай Маргарыты Ок’ена:

1. Першынства Бога ў жыцці: няхай кожны з вас у сваім жыцці шукае толькі Божай волі і яе выканання, няхай не паддаецца ўплыву сучаснага свету і яго культуры, якая накіравана на эгаістычную самарэалізацыю чалавека і спажывецкі падыход да яго, бо сапраўдны сэнс жыцця, які застаецца, адкрываецца ў служэнні Богу і бліжнім, асабліва самым пакінутым.

2. Ахвярнасць у працы: мы не аднойчы перажываем, што сучасны свет не накіраваны на сумленнасць у выкананні сваёй працы і свядомасць, што пладамі тваёй працы будуць карыстацца іншыя, твае браты і сёстры. Вось чаму асоба мамы Маргарыты вельмі актуальная і годная наследвання ў сваёй ахвярнасці.

3. Беднасць: асаблівым момантам постаці мамы Маргарыты з’яўляецца праяўленне яскравага свету евангельскай беднасці. Яна не цярпела беднасць, яна яе любіла, як асалоду, як неабходную ўмову для сапраўднай любові да бліжняга і дзейснага служэння.

Таксама кс. Віктар Гайдукевіч звярнуўся да біскупа наміната Аляксандра Яшэўскага SDB, які апошнія гады быў вікарыем і эканомам Місіі. Дэлегат выказаў гонар і радасць ад таго, што Папа Францішак пажадаў выбраць аднаго з сыноў кс. Боско для прызначэння біскупам, даверыўшы яму быць пастырам беларускага народа. «Цяжка адпускаць, але трэба адпусціць», – сказаў святар і запэўніў біскупа наміната ў падтрымцы ўсёй Салезіянскай сям’і. Адначасова кс. Віктар Гайдукевіч узяў з новапрызначанага біскупа слова ўдзельнічаць ва ўсіх салезіянскіх урачыстасцях. Біскуп намінат згадзіўся з радасцю, падзякаваў усім і запрасіў усіх прысутных на сваё біскупскае пасвячэнне, якое адбудзецца 27 чэрвеня ў мінскім архікатэдральным касцёле, на першыя святыя Імшы, якія будзе цэлебраваць у якасці біскупа, і выказаў надзею, што ў хуткім часе салезіяне распачнуць працу і на Магілёўшчыне, дзе ён будзе служыць.   



 

«Няхай апошнія словы мамы Маргарыты да свайго сына будуць і для нас – Салезіянскай сям’і – пэўным запаветам, які мы будзем берагчы ў нашых сэрцах: “Глядзі, Яне, будзь асцярожны: многія стараюцца дзеля сябе, а не дзеля славы Божай. І калі што патрабуеш ад другіх, трэба быць у гэтым самому прыкладам. Не забывайся: у гэтым жыцці мы павінны прыняць цярпенні, бо сапраўная радасць распачнецца ў вечнасці…» – сказаў у завяршэнне дэлегат.

Скончылася свята супольнай малітвай аб кананізацыі Слугі Божай Маргарыты Ок’ена і Божым благаслаўленнем, якое ўдзяліў прысутным кс. Віктар Гайдукевіч.

Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.