У Будслаў вырушыла 16-я Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка |
Беларусь
|
30.06.2015 14:57 |
28 чэрвеня ў Будслаў вырушыла 16-я Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка СМЕП-16. Пунктам пачатку пілігрымкі з’яўляецца г. Смаргонь.
У першы дзень было налічана 140 пілігрымаў, наперадзе ў якіх 108 кіламетраў шляху малітвы і ахвяры, разважанняў і радасці. Дэвізам і тэмай разважанняў пілігрымкі стаў дэвіз Салезіянскай Сям’і на юбілейны год святкавання 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско: “Як ксёндз Боско: з моладзю, для моладзі”. Адпраўной кропкай шляху стала святая Імша, якую ўзначаліў новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Гэта была яго першая Імша ў якасці біскупа, разам са сваімі субратамі і ўсёй Салезіянскай Сям’ёй іерарх канцэлебраваў яе ў сваёй роднай парафіі.
Біскуп звярнуўся да сабраных з пастырскім словам, якое для пілігрымаў стала і канферэнцыяй першага дня. Разважанні датычыліся Добрага Пастыра, які аддае жыццё за сваіх авечак. У гэты першы дзень на працы ў групах пілігрымы абмяркоўвалі тэму “сапраўдная радасць” - радасць, якая базуецца на трывалых адносінах з Езусам, Добрым Пастырам. Прыкладам такіх адносін і такой радасці з’яўляецца св. Ян Боско, які моцна давяраў Богу. Маладыя людзі добра ведалі, што чым больш радасны іх пастыр, тым з большымі цяжкасцямі ён сустрэўся; але менавіта таму, что давяраў гэтыя цяжкасці Богу, святар быў вельмі радасны ад упэўненасці, што Пан блізка і дапаможа.
Такім чынам, арганізатары пілігрымкі прапанавалі ўдзельнікам вучыцца ад св. Яна Боско будаваць адносіны з Богам і быць добрымі пастырамі для патрабуючых. Быць “як ксёндз Боско” – гаворыцца ў першай частцы дэвізу пілігрымкі.
Наперадзе ў пілігрымаў яшчэ пяць дзён, пяць тэм і шмат магчымасцяў для навяртання.
Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч
|