Пілігрым — гэта пераможца, і радасць яго вялікая |
Беларусь |
03.07.2015 19:15 |
З гучным спевам яны ідуць апошнія кіламетры да Маці Божай, стараючыся з усіх сіл спяваць, танчыць і вітаць іншых пілігрымаў. Яны спяваюць, танчаць і скачуць нават на прапускных пунктах. Галава пілігрымкі паспее і полькай ногі датаптаць, і проста вясёлымі скокамі, пакуль дачакаецца хваста. Але ніколі ланцужок пілігрымкі не разрываецца, суцэльнай ручаінай дацякае да ўваходу ў святыню, каб свой гучны і бадзёры спеў разам са спякотным сонцам замяніць на цішыню і прахалоду святых сцен санктуарыя. Вось той момант доўгачаканай сустрэчы, які праходзіць у цішыні, калі рукаюцца душы чалавечыя з нябеснай Маці і Яе Сынам. Ці ёсць у Беларусі яшчэ адно месца, дзе б збіралася столькі людзей у імя Божае, ды ў імя свайго народа? Як кажа кусташ санктуарыя а. Віктар Бурлака сваім гасцям — пілігрымам: «Вы прыходзіце ў сэрца нашай краіны». І менавіта ў першыя ліпеньскія дні яно б'ецца наймацней. Зіхаціць шчаслівымі дзіцячымі ўсмешкамі, як у пілігрымаў, што ішлі з Нарачы, апрaнуўшыся ў белыя кашулькі - вышымайкі, ды ў чыстасць і натхненне. Б'е барабанамі, што поўняць карычневую капуцынскую пілігрымку. Спявае не самымі маўклівымі, але спяваючымі, ды яшчэ з танцамі «Рыбамі», якія перад самай Імшой - адмысловай для пілігрымаў, - зладзілі сваю малітву-канцэрт. У гэты вечар Будслаў збірае ў сваім улонні самых розных людзей, і менавіта тут часцей, чым на якіх іншых святах, чуецца беларуская мова, гучаць беларускія хрысціянскія словы, радуецца душа беларуса, а яго радасць падзяляюць і прадстаўнікі суседніх народаў, якія ў гэтым годзе далучыліся да пілігрымак, напрыклад з Саратава і Арла, Кракава і іншых гарадоў краін-суседак. «Не будзем вулычаць адзін аднаго, але будзем сведчыць адзінства», — заклікаў падчас малітвы праслаўлення а. Міхаіл Цвячкоўскі MIC, які далучыўся да малітвы як духоўны кіраўнік евангелізацыйнага праекта «Рыбы». На малітве перад Імшой тыя, што дасягнулі мэты, — пілігрымы шляхоў і сцежак нашай сінявокай уздымаюць свае далоні да неба, і яно адгукаецца чысцінёй у іх вачах, а галовы ўпрыгожваюць вяночкі з васількоў ды каласоў, якія былі сплецены падчас апошніх прыпынкаў да святыні. Яны ішлі — значыць змагаліся, а дайшлі — дасягнулі мэты, а гэта значыць — перамаглі. А хто перамагае, таму радасць будзе вялікая! Сёння ўсе, хто прыйшоў у Будслаў, — грамада пераможцаў, з'яднаных Божай Маці. Таму сэрца нашай краіны стукае сёння пераможным рытмам, і няхай жа яго пачуе той, хто яшчэ не ведае сапраўднай свабоды і перамогі ў Хрысце, бо, як голасна ўсклікаюць пілігрымы: «На Беларусі Бог жыве! Жыве! Жыве!» Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |