Агонь пад зоркамі: скаўткі Пагоні ў Будславе прывіталі новую сяброўку |
Беларусь |
04.07.2015 15:42 |
Беларускія каталіцкія скаўты – актыўны моладзевы рух, які выхоўвае юнакоў і дзяўчат быць сапраўднымі хрысціянамі і патрыётамі сваёй Бацькаўшчыны. Аднак што робяць скаўты, калі перакрочваюць мяжу паміж юнацтвам і дарослым жыццём? Адказам на гэтае пытанне ў будслаўскую святочную ноч стаў скаўцкі абрад Fiat – «Няхай будзе так» (лац.) – адданне сваёй волі ў Божыя рукі. Сябры і сяброўкі скаўцкіх аддзелаў сабраліся на полі каля санктуарыя Маці Божай Будслаўскай у форме і з паходнямі, каб павіншаваць сваю сястру – Іну Пяткевіч, якая далучылася да кола скаўтак Пагоні. Скаўты і скаўткі Пагоні – гэта тыя, хто скончыў сваю адукацыю і гадаванне згодна са скаўцкай педагогікай. Гэтая ступень скаўтынгу ў Беларусі называецца ў гонар старажытнага герба нашых земляў – вершніка з паднятым мячом, які скача на праціўніка. Яны складаюць абяцанне заўсёды выконваць законы і правілы каталіцкіх скаўтаў – служыць Богу, Беларусі, Еўропе і ўсяму свету. Позна вечарам у коле сяброў і сябровак, твары якіх асвятляліся толькі жывым агнём паходняў, Іна распавяла з дапамогай малюнкаў пра тое, як прыйшла ў скаўцкі рух у 2011 годзе, як убачыла прыгажосць хрысціянскага служэння, усвядоміла прыгажосць Беларусі і яе прыроды, навучылася цаніць новыя выпрабаванні, новыя знаёмствы і перашкоды, якія вучаць чалавека мудрасці і робяць мацнейшым. «Зараз я кажу, як Марыя – Fiat! Няхай мне станецца паводле Твайго слова! Я хачу няспынна служыць тым спосабам, да якога Ён мяне пакліча», – сказала Іна словы адпаведна скаўцкаму праву. «Сёння як дарослая асоба аднаўляю сваё прырачэнне і абяцаю дапамагаць руху Скаўтаў Еўропы, дзе я навучылася служыць», – дадала Іна. Прысутны ў коле новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB заклікаў новую скаўтку Пагоні і ўсіх прысутных не толькі ведаць чатыры Евангеллі апосталаў, але і пісаць пятую кнігу Евангелля сваім уласным жыццём, быць апосталам у штодзённым жыцці, на працы, у сям’і. Пасля ў паветра паляцелі берэты скаўтак, і ўсе атачылі Іну, каб паціснуць ёй руку, абняць і ад усяго сэрца павіншаваць з новым этапам яе жыцця. Зноў у дарогу служэння разам з Богам і сябрамі? Fiat! Няхай будзе так! Аляксандр Гелагаеў |
Фотарэпартаж |